Выбрать главу

Баюра, агалелае рэдкалессе і першая зеляніна. Пад абцасам маладая крапіва, так маладая, што можна дакрануцца да яе. Угары крычаць журавы, іх не відаць, яны ў клоччы нізкіх хмараў, што налятаюць ад сумнага горада.

Удзень клочча пачало прападаць у бляску. Прамень развесяліў кветачку, белую кветачку.

Недалёка затрымаўся стары чалавек, калупае кіём зямлю. Юрка баіцца старога чалавека, баіцца, што стары азвецца да яго, хоча загаварыць з ім. Пашоў бы ад старога, найляпей пайсці ад яго. Па свеце ідзе вясна, а стары, зусім стары, прыглядаецца да вясны, да маладзеючай зямлі — магчыма, толькі чакае, каб Юрка варухнуўся, засмяецца да яго смехам без радасці, загаворыць голасам, у якім нічога няма, скажа многа і суха, да таго суха, што аж пуста. I чаго з ім будзе стаяць, і аб чым з ім будзе гаварыць і, чаму, менавіта, ён, Юрка, павінен з ім стаяць ды гаварыць на віду вясны, у бляску радасці?

Юрка стаіць, не варушыцца, не дыхае, глядзіць на кветачку. Нахіляецца да яе і зрывае, Асцярожна хавае ў далоні белую кветачку, на твары ў яго ўжо лёгка, хутка адыходзіць прэч.

Зараз за паркам, ля ронда вуліцы Складоўскай, паклікаў яго знаёмы голас.

— Харошы дзень, — сказаў знаёмы.

Знаёмы ішоў прывітацца, Юрка расчыніў далоню, белая кветачка выпала на вецер, унала на асфальт вуліцы, наехала на яе кола таксі, у таксі сядзела дама. Па белай кветачцы засталася мокра-зеленаватая пляма на чорным асфальце, ехалі і ехалі машыны.

— Харошы дзень, — гаварыў знаёмы.

— Харошы дзень, — сказаў Юрка.

Мокра-зеленаватая пляма на асфальце хутка высыхала.

Знаёмы спытаў:

— У клубе ладзяць баль. Пойдзем?

— Не ведаю.

— Ты не ведаеш! Та хто мае ведаць! Ён вясёлы.

— Так цёпла і раптам баль, — Юрку не хацелася думаць пра баль. Дурацкая мода на дурацкія балі!

— Яшчэ не вясна. Ночы халодныя.

— Проста не ведаю, ці пайду?

— Мне вельмі хочацца патанцаваць!

— Ты, як паненка.

— Праўда, я забыў, што ты не танцуеш.

— Памыляешся. Я танцую, але мала.

— Шануеш здароўе.

— Хай будзе па-твойму.

— Мне вельмі захацелася пашумець, — сказаў знаёмы.

— Гэта пахвальна ў тваім узросце, — сказаў Юрка.

— Не прытварайся старым.

— Усе мы старыя.

— Не будзеш гаварыць аб старасці, калі сапраўды пастарэеш.

— Прыемны дзень, — сказаў Юрка. Ён паглядзеў у неба.

— Вельмі прыемны, — ухапіўся за тэму знаёмы. Яму надакучылі з'едлівыя размовы. — Кажуць, будзе цёплае лета. Я вазьму водпуск у ліпені і паеду ў Устку.

— Там утапіўся мой прыяцель, — сказаў Юрка.

— Як гэта сталася?

— З дурасці сталася, — сказаў Юрка.

Юрку стала цяжка не толькі ад таго. У гэты ясны дзень другі раз так цяжка яму.

— У жыцці ўсяляк бывае...

— Я з ім вучыўся.

— Бывае, — сказаў знаёмы. Ён усё яшчэ вясёлы.

— Ну, так, — непрыемна здзівіўся Юрка ад слоў знаёмага які сказаў: — Nie było nas, był las — nie będzie nas, będzie las/.

Пачалася іх размова.

— Чытаў ты «Стары і мора» Хэмінгуэя? — знаёмы першым рушыў уніз вуліцы.

— Не.

— Такія рэчы трэба чытаць!

Паспрачаліся.

— Цяпер у мяне шмат працы...

— Праца, праца...

— Праца стварыла чалавека, — Юрка спрабаваў усміхнуцца. Лішне пасварыліся за кніжкі.

Гэта Юрка пасварыўся.

— Праца не вучыць разумець, — прыцяў знаёмы. — Чытай, брат, чытай. Добрыя рэчы чытай, за адну хвіліну зразумееш больш, чым за цэлыя гады працы.

— Чытанне таксама праца.

— Так, — у знаёмага настаўніцкі голас. — Але мы гаворым аб працы ў вульгарным сэнсе, аб працы для грошай.

— Ну, — згадзіўся Юрка, абы згадзіцца.

— Агідна праводзіць жыццё для грошай, — скрывіўся настаўнік.

— Займіся грамадскай дзейнасцю.

— Каб другія зарабілі на ёй грошы?

— Якія грошы...

— Я сарганізаваў выстаўку, памятаеш? А іншыя адно чакалі таго: раскрытыкавалі, паказалі свой розум перад начальнікамі і ў надзеі павышэння.

— Значыць, няма сэнсу дзейнічаць?

На тратуары гулялі дзеці, намалявалі вялізны, самалёт з бомбамі.

— Няма, — сказаў настаўнік. — Будзь пэўны.

— Мудрасць самому сабе таксама не мае сэнсу.

— Няма сэнсу гаварыць аб сэнсе.

— Дык як?... Размова ў тупіку.

П'яны тлумачыўся перад міліцыянерам, што ён цвярозы. Міліцыянт моўчкі паглядзеў і, не спяшаючы дастаў палку, п'яны заціх і паслухмяна пайшоў.

— Давай будзем гаварыць аб тым, як пражыць дзень з чыстым сумленнем?

— Ну... — Юрка ўпэўнена амаль перабіў яму, не хочучы спыніць шарэнгі дасканалых слоў, якія з'явіліся нецярпліваю чаргою. Прыпыніў іх, пачуўся так, быццам спатыкнуўся, зачапіўся аб неспадзяванае.