Усё заўважыў адразу, калі першы раз праходзіў сюдою, па нагах гэтых вуліц, упоперак, ускраем гарадскога парка, цяністай сцяжынаю, мяжою ценю і святла. Цудоўныя домікі. Час махнуў на ўсё, разлёгся на сонцы і задрамаў. Рай на зямлі.
Была нядзеля.
Пры вуліцы Цяністай, і далей: Ягаднай ды Белавежскай, зграбныя домікі з тэрасамі, ляжак на сонцы, на верандзе гуляюць у карты, на панадворку раве матацыкл, паўголыя хлопцы. Перыферыя Беластока, брыдкія жанчыны, з мужчынскім голасам, сіплым, з зацятымі вачыма, скнэрлівыя. Дзяўчаты бяздумныя, з ягадкамі роцікаў, змораныя дабрабытам, які каштаваў здароўе іх бацькоў.
Ад вуліцы Цяністай пахне дзяўчатамі, цяжкастраўнай кухняй. Насупраць Ягаднай забівае дух недарэчнасць, недарэчнасць спакою, пусты ляжак пад вішнямі, буйныя загоны невядома каму?
Недзе пасярэдзіне Белавежскай — баль, выдурняюцца да вечара, нібы танцуюць, нібы спяваюць, потым робяць глупствы ў кустах чагосьці (язміну?).
Выскачкі!
Зайздросцяць: ён пабудаваў сваё жыццё!
Купляў цэгла па цэгле, будаваў паверх за паверхам, бачыў далей і радасней. А калі думаў аб першай дзяўчыне, жыццё ўжо, бы небаскроб, ды навокал будынкі меншыя, штораз меншыя і меншыя, такія самыя і такія самыя, аж хаваюцца ў паркай зеляніне прыгарадаў паўвясковых, задаволеных хлеўчыкам — у хлеўчыку тлустая свіння, адкормленая на кухонных памыях. I пах ад летняй кухні, у якой (ужо) жонка смажыць катлеты на абед.
I летняя бура з бліскавіцамі быццам у хаўтурным фільме пра хаўтурнае жыццё.
Напаткаў іх выпадкова, у магазіне дамскай канфекцыі пры Ліповай (Беласток). У яго дара-гі летні касцюм і белыя здаровыя туфлі; гальштук яснага колеру, за пяцьсот шэсцьдзесят злотых, выглядаў цудоўна на кашулі загранічнага вырабу. Падбародак, як буйная, але пераспелая сліва.
Жонка, як кветка.
— Жоржык! — сказаў я да яго, і ён моцна здзівіўся.
Юрка!
Ён гаварыў да жонкі:
Вераніка! Гэта Юрак, мой сябра дзяцінства... Гаварылі глупствы. Апошні раз бачыліся дзесяць год таму назад, калі яшчэ не былі дарослымі.
Яны вярнуліся з месячнага адпачынку над возерам Зэльва ў апошні дзень водпуску.
Ён сеў на падлогу і распакоўваў чамаданы з брудным адзеннем, пасудаю, туалетавымі прыборамі. Яна пайшла ў кухню заварыць гарбаты.
У той вечар пакладавіліся спаць вельмі рана і доўга расказвалі сабе.
У шэсць гадзін раніцы яна разбудзіла яго і сказала:
— Уставай, сплюх мой мілы. Час на работу. За акном буяніў горад.
Ён прыціснуў яе да сябе і заплакаў.
— Каханая мая... — яе валасы яшчэ пахлі сонцам.
Яна падумала, што яму сніўся страшны сон; падумала таксама, што ён моцна кахае яе. Але гэта была няпраўда.
Яму снілася тое месца на возеры Зэльва, дзе вада сіняя-сіняя, а далей прастор цішыні, зеляніны і святла.
Вясна кароткая.
Дрэвы квітнеюць у палове мая, але лісці растуць яшчэ доўга, і праўдзівая вясна пачынаецца ў чэрвені, калі цяплынь і буйнасць. Так усяго адзін месяц, а ў ліпені ўжо відаць, што цвет даў. Добры плод і марны плод растуць аднолькава доўга. Ды на добры плод чакаецца з нецярплівасцю, глядзіцца на яго з дня ў дзень.
Вясна вельмі кароткая. Канчаецца яна, калі лісце пакрываецца пылам. Далей мы ўжо ведаем што будзе — далей адно чакаем.
Юрка называўся Асіновіч. Меў трыццаць год і думаў аб старасці.
Знаёмым па сорак год, і яны старыя.
Да старасці дзесяць год і Юрка сумняваўся, што за дзесяць год даб'ецца чаго-лень. Быў якраз у тым узросце, у якім час было дабіцца чагосці — і застаўся нічым. Проста, чалавекам, які някепска жыве. Ці трэба было канчаць аж акадэмію, каб някепска жыць?
Ці не смешны я?
Хвілінамі чуўся як той, каго гоняць сабакамі і ён дабегшы да варот, бачыць, што вароты зачынены наглуха! Значыць, канец... Не, яшчэ не мог пагадзіцца з тым, хаця ведаў, што трыццаць год — гэта ўзрост, у якім відаць, чаго чалавек варты.
Бачыў гэта па знаёмых.
Размова з ім мела пах моцна салёнага мяса.
— Ты, слухай, ты! — гэтак ён да Дзюбаграя. — Ты, чуў, як цыган за сяброў павесіўся?
I зноў ён:
— Слухай, ты: колькі вуліц, столькі праўд. О, глянь на нашу праўду, за акном...
У тупым рэстаранчыку, ля акна з зялёнымі заслонамі, чысценька сядзелі жанчына і хлопчык, пяці, мо, шасцігадовы.
— Дзюбаграй ты, эх, ты...
— Сціхні! — Дзюбаграю раптам зрабілася вельмі прыкра.