Выбрать главу

Белае неба над азёрамі: і гарачы вецер, і плыткі пляж, і далечыня. Падплылі да вострава, доўга ляжалі ў пяску. Дзяўчына ўстала і пабегла па вадзе, Юрка штосьці крычыць ёй услед, яна вяр-нулася і пырскае на яго вадою, ён адбіваецца гэтаксама. Дзяўчына пабегла ў кусты, ён паганіў яе, яна ўпала, ён пастаяў над ёю, прысеў і зняў смяцінку з яе пяты, яна дыхае яму ў плячо, глядзіць на яго вільготнымі вачыма. Устала, крыкнула «Дагані мяне!» і пабегла ў глыб вострава. I зноў упала.

— Добра нам тут, — сказала дзяўчына.

— Добра, — сказаў Юрка.

— Сядзь, — папрасіла яна.

Юрка глядзіць у неба, дзяўчына на Юрку.

Раптам усхапілася і са смехам адбегла за другі куст. Юрка здагадліва адвярнуўся спіною і адыходзіў прэч, яна выглянула з-за куста і паклікала яго:

— Хадзі сюды!

Дзяўчына ляжала і моцна дыхала, яе губы чырванелі. Ён падышоў да яе. Сказаў:

— Хадзем да лодкі.

Яна паглядзела на яго чужымі вачыма. Пайшлі.

Дзяўчына больш не адзывалася, а ўвечары яна ішла са слёсарам — уваходзілі яны ў рэстаран «Пад альбатросам». Там ігралі танга, па-чаўся дансінг.

Юрка быў у сябе ў пакоі. Ён хадзіў з кута ў кут і многа курыў. Лёг у дзесяць.

Прачнуўся, калі яшчэ не днела і зазлаваў сам на сябе за гэта, мацней нацягнуў коўдру. Па акне крапаціць дождж. Зноў падае дождж. I пачуў выразны шэпт за дзвярыма:

— Асцярожна, добра, ціха! спіць! хто спіць? ціха будзь, асцярожна...

Адчыніліся дзверы і ўвайшло двое: слёсар і дзяўчына.

Яна прашаптала:

— Хто там?

А слёсар:

— Ціха.

Заціхлі.

Ён пасадзіў яе на свой ложак, зняў туфлі і далікатна паставіў іх каля ложка, памог зняць сукню.

— Хто там спіць? Мне сорамна, — зашаптала дзяўчына.

— Ціха.

Засланіў яе і ўкладавіліся ў пасцель. На досвітку яна пайшла, слёсар правёў яе на калідор.

Заснуў ён справядлівым сном. Юрка разбудзіў яго ў палове восьмай, на снеданне.

Будучы ўжо ў Беластоку, аднаго дня Юрка атрымаў паштоўку ад слёсара з Вроцлава. Ён пісаў, што жэніцца з дзяўчынаю. Юрка купіў віншавальную тэлеграму і паслаў на дзень шлюбу маладой пары.

Маладосць — гэта мары аб будучыні. Будучыня, як далёкая рэчка ў гарачы дзень, да якой даволі дайсці, каб купацца і цешыцца. Не думаем аб вірах і бяздонных ямах, хаця ведаем, што якы ёсць.

Рэчка кліча. Толькі кліча.

Ёй усёроўна, ці ты добра паплывеш, ці кепска паплывеш і ўтопішся.

Унізе ішоў па тратуары той. Юрка адступіўся ад кветніка на балконе і падаўся назад. Той мог задраць галаву і ўбачыць яго. Юрка не баяўся, але рад быў не бачыцца з ім. Калісьці, Юрка і той, былі сябрамі.

— Чэсць! — сказалі адзін аднаму ў мінулую восень.

— Сядай.

— Вольнае крэсла?

— Так. Сядай, ну, сядай.

— Адзін. Без нікога.

ІОрка сеў. Ён зайшоў у «Крышталь» паабедаць.

— Капу лет не бачыліся!

— А так.

Юрка даволі нясмелы.

— Чуў, добра табе вядзецца. Праўда? Цікавая праца?

Юрка не памятае, што тады нагаварыў яму.

— Як жывеце? — пытаў Юрка.

— Што ты да мяне «на вы»! Што, я твой бацька, ці што?

Той прытварыўся абражаным, потым ляпнуў рукою Юрку па плячы і засмяяўся.

— Тоўсты карчыска ў цябе.

— Ну, — сказаў Юрка. — Не танчэйшы, чым твой.

— Трэба было сказаць, — не таўсцейшы.

— Жанаты? — той паглядзеў на руку Юркі. Юрка насіў шлюбны пярсцёнак. — Колькі дзяцей?

— Пакуль адно.

— Адно?

— Адно.

— Хлопец?

— Хлопец. Здаравенны такі.

— У цябе ўдаўся.

— Хіба.

— А жонка адкуль?

— З-пад Гайнаўкі.

— Ого, там здаравенныя бабы.

— I ў мяне з-пад Гайнаўкі.

Той не быў жанаты, яму часамі хацелася быць жанатым і ў такіх хвілях ён махляваў. Лгаў, што жанаты. Яму ў такіх хвілях хацелася мець жонку, менавіта з тых аколіц, з якіх паходзіць жонка сябры, з якім якраз гаворыць. Цяпер ён гаварыў з Юркам, і яму хацелася мець жонку з-пад Гайнаўкі.

— Добрыя з-пад Гайнаўкі. Свае!

Але Юрка загаварыў аб чым другім, і яму здалося, што Юрка ўбачыў яго махлярства, і ён пакінуў цікаўліва-насмешлівы спосаб размовы.

— Колькі зарабляеш? — запытаў знянацку той.

«Думае, што я заграбаю грошы!»

— Жыць можна, — адказ быў ніякі.

— Залежыць, як жыць: кот жыве, і сабака жыве...

Юрка заказаў абед, кельнер пашоў.

— Ведаеш, звольнілі з працы... — і той сказаў, каго звольнілі з працы. — Добры хлопец, але дурань. Паверыў. Вераю далёка не заедзеш.

Звольнілі з працы сябра са школьных год. Шкада. Сапраўды добры хлопец. Шкада.