— Шкада.
— Я памагу яму знайсці яшчэ лепшую працу, — сказаў той.
— Можаш памагчы?
— Хто? Я не магу? Я!?
Той зарагатаў, як дрэнны акцёр на сцэне. Юрка мучыўся.
— Маеш знаёмых? — спытаў Юрка.
— Маю.
— Я не маю, — прызнаўся Юрка. Ён сказаў гэтым, што не можа памагчы.
— Але не знаёмыя памогуць. Не, не яны, — той бліснуў вачыма. — У патрэбе знаёмыя не памагаюць. Наадварот...
— I так у жыцці бывае.
— Не толькі так бывае, — сказаў той. — Так ёсць.
— Хто яго ведае...
— Эх ты: не ведаеш і не ведаеш. Люблю цябе. Ты мяккі. З табою добра пагаварыць.
Кельнер прынёс абед.
— Фактычна, дык я павінен быць яшчэ на рабоце, — сказаў той. — Але ліха пабяры працу: не заяц, не ўцячэ...
Стаў насупраць Юркі.
— Пакажу табе кватэру.
— Мне час ісці, — пачаў круціць Юрка. Непрыемна ісці з такім, да таго ў кватэру. Юрка паверыў, што той жанаты.
— Пойдзеш, пабачыш, — у таго блішчэлі вочы. — Ты добры, свой, пакажу табе такую штуку, якой свет не бачыў... Э, свет бачыў лепшыя, але не ты. Не ты! — тыцнуў пальцам.
Юрка сеў з ім у таксі, заехалі на вуліцу Валадыёўскага. У кватэры балаган і бруд. Той паставіў на стол магнітафон.
— Пакажу табе штуку, якой свет не бачыў...
Музыкі захацелася яму! Юрка сказаў «да пабачэння», але той не дачуў. — Хрэн што мне зробяць, трымаю ўсіх у руцэ, — гаварыў ён, — Павышэнне пэўнае, хай спрабуюць не даць павышэння. Хай спрабуюць не прыняць на працу... — ён зноў назваў імя і прозвішча сябры са школьных гадоў, якога звольнілі з працы.
Марудзіў пры магнітафоне, штосьці не ўдавалася, штосьці ляскала, урэшце ў магнітафоне зашыпела, — закруціліся шпулькі. Адхіліўся ад магнітафона і маргнуў Юрку.
У магнітафоне пачуўся голас дзяўчыны, голас вітаўся з мужчынскім голасам. Голас дзяўчыны стрыманы, голас мужчыны штораз мякчэйшы. Ён ласіцца. Потым пацалункі, потым зноў голас мужчыны. Голас дзяўчыны вельмі выразны, яна пытаецца, ці спадабалася, мужчыне штосьці вельмі спадабалася. Потым смех, голас мужчыны абяцаў штосьці, голас дзяўчыны верыў.
Юрка зразумеў, у чым справа.
— Добрая работа, — той бяспечна зарагатаў на ўсю кватэру. Той не мог паўстрымацца ад рогату.
Тым часам у магнітафоне паявіліся два мужчынскія галасы. I толькі мужчынскія. Яны расказвалі адзін другому пра нейкія свінствы — і штосьці планавалі. «Так», — сказаў выразна голас аднаго мужчыны. — «Аб гэтым можам ведаць толькі мы ўдвох», — сказаў голас другога мужчыны. — «Ясна», — сказаў першы голас... Гэты голас захліснуўся ў захапленні. — «Ніякай рызыкі, ну, не: квіты арыгінальныя, подпісы сапраўды праўдзівыя будуць, а грошыкі нашы, хэ-хэ... I шыта-крыта, хэ-хэ»...
Доўга гудзела ў магнітафоне гэта размова.
— Такая шпулька — скарб! — сказаў той. Яго голас выдаўся зусім падобным да голасу ў магнітафоне, хаця там гаварылі іншыя, напэўна іншыя.
Юрка нічога не адказаў яму. Ён развітаўся і вышаў.
— Цяпер мне знаёмыя непатрэбны, — гаварыў той на развітанне.
Ад таго ўсяго ў Юркі было наплявана ў галаве.
Уночы Юрка пачуў, як ашалеў вецер, і раніцай на балконе было многа пяску. Кватэра на трэцім паверсе, усё-такі на балконе было многа пяску. Сонца даўно ўстала і ззяла ад яго асляпляючая радасць.
Уключыў радыё, слухаў арабскай музыкі. У гэтай музыцы шмат сонца. Слухаеш і аж вочы жмурыш. Цудоўная музыка, цудоўны свет! Божа, як рэдка захапляемся светам; як многа думаем аб агіднасцях!
Ішоў дадому пад сценамі ваяводскага суда, халодны вецер дзьмуў вуліцаю, зганяючы на тратуар шматы выкінутых газет і папераў. Пад сценамі суда ціха, далей ад іх вецер абхопліваў ногі і цяжка было ісці. Было вельмі холадна.
Не мог адамкнуць кватэры, пальцы пакалелі. Ключ выпаў з рукі, бразгітанне яго знервавала. Адамкнуў дзверы, у твар паказытаў скразняк, люфцік адчынены. Добра, што адчынены люфцік. Добра, што быў адчынены люфцік. Зачыніў люфцік і ў кватэры стала спакойна. Свіст ветру за акном глухі і далёкі, болей супакойваючы, чым нервуючы. Кватэра на трэцім паверсе і, калі засланіць вокны, і ўслухоўвацца ў свіст ветру, здаецца, што гэта не ў Беластоку. Мяккі змрок у кватэры, заслоненыя вокны і вецер за вокнамі, як у Закапаным, як у доме адпачынку «Брысталь», дзе даволі адхіліць заслону на акне, каб убачыць вярхі Татраў, а ўнізе, каля «Брысталя», горскі струмень. Пад шум гэтага струменя засынаў моцным-моцным сном, і прачынаўся тады, калі моцна хацелася есці, так моцна, што не мог улежаць у пасцелі. Спаў ад сёмай вечара да сёмай раніцы. Цешыўся жыццём — глядзеў на свае рукі, пальцы, пазногці, грудзі, жывот, маршчыны на жываце, і ўсё заўважанае было вельмі важнае. Уставаў і еў, многа і смачна еў. Потым ішоў на нартастраду на Губалоўцы, або катаўся на санках з гары на Ліпках, або выбіраўся ліноўкаю на Каспроў Верх. У кіно не хадзіў, яно залішне прыпамінала яму аб Беластоку. Хадзіў у кавярню, яна не прыпамінала яму Бе-ластока, у ёй можна было прасядзець некалькі гадзін пры шклянцы содавай вады. Сядзелі пры шклянках содавай вады і жартавалі, расказвалі анекдоты. Асабліва вылучаўся ў жартах адзін інжынер са Шлёнска. Сядзелі і безупынку жартавалі, сядзелі з жанчынамі.