Выбрать главу

Юрка сядзеў адзін за столікам, які ніхто не займаў, столік стаяў блізка ўваходу. Побач сядала пара, можа муж з жонкаю? Ён заказваў бутэльку таннага вермута, наліваў чаркі, яна піла адну чарку цэлы вечар і пакідала яе недапітай. Ён выпіваў бутэльку вермуту. Калі дапіваў бутэльку, запрашаў яе танцаваць. Іграў аркестр і спявала аголеная дзяўчына. Ён і яна танцавалі на месцы, гаварылі сабе ў вуха і раз смяяліся, раз злаваліся. Аркестр заціх, і яны прыйшлі да свайго століка, ён кліча кельнера, фундуе музыкантам па чарцы добрага віна і заказвае мелодыю для яе... гаворыць яе імя, сябе называе палкоўнікам. Мелодыя ёй ад пана палкоўніка, кельнер кланяецца і адыходзіць да буфета, ён глядзіць услед кельнеру, дапівае свой вермут, Яна пачынае смяяцца: «Ты палкоўнік!?» Ён кажа: «Так, я палкоўнік», — і выбухае ад смеху. «У войску, — кажа, — я быў капралам, гэта больш, чым быць палкоўнікам». Яна нічога не разумее і смяецца над чаркаю, распырсквае віно. Дзіцё ты, кажа ён. Ты горшае дзіцё, агрызаецца яна. Зайграў аркестр, і яны ўсталі танцаваць. Аркестр іграе танга, перкусіст нахіляецца да мікрафона, непрыкметна нахіляецца і ядвабным голасам аб'яўляе мелодыю для пані... (называе яе імя) ад пана палкоўніка. Яна прьшіскаецца да яго, яны заходзяцца ад нямога смеху, потым танцуюць ужо проста, гавораць аб чымсьці другім і зноў злуюць адно на другое.

Яны прыходзілі цэлы тыдзень, у астатні вечар ён штосьці падлічыў.

— Многа, — сказаў ён.

— Вар'ят, — сказала яна.

— У цябе няма? — спытаў ён у яе.

— Я ўсё аддала табе.

У іх не было грошай.

Пан палкоўнік і пані... не з'явіліся больш. Ён учціва заплаціў рахункі за грузінскае віно для аркестру. Кошты вермуту смешныя.

Пайшлі пасвараныя, але задаволеныя, яна вынесла крышынку бесклапотнасці на неспакойных губах ружова-бледнага колеру.

На санках катаецца з горкі вялікі хлопчык. Санкі імчацца стрымгалоў, у стромкім месцы горкі хлопчык выпадае з санак і коціцца ўніз хутка-хуценька. Робіць гэта назнарок. Падабаецца, смяецца сам да сябе. Бяжыць з санкамі пад горку, снег і зачараваныя дрэвы. Зноў робіць гэтаксама. Хлопчыку ўжо многа год, вучыцца ў ся-рэдняй школе, мае нарачоную, піша пісьмы, чытае цікавыя кніжкі.

Горка далёка за горадам, куды ўзіму ніхто не прыходзіць, толькі ён. Прыходзіць сюды тады, калі надакучыць яму быць тым, кім ужо ёсць.

Спрацівіла Юрку размова з кімсьці другім; да таго спрацівіла, што мог паважна гаварыць ўжо толькі сам з сабою. З тым кімсь другім прахадзіў ўсю ноч у ціхай алеі. Лета датлявала і зоркі на небе былі моцна выразныя.

Гаварылі аб Сусвеце.

— Галактыкі аддаляюцца ад нас з хуткасцю, блізкай хуткасці святла, — сказаў той другі ўдумлівым голасам філосафа.

— Наша зямная куля, як пылінка ў Сусвеце, — сказаў Юрка. — Зусім, як пылінка на гасцінцы...

— Сусвет бясконцы, — ўдакладніў філосаф. Закруцілася ў галаве. Юрку закруцілася ў галаве, філосаф чуўся нармальна.

— Сусвет, яго будову прыраўноўваю да будовы атама, — гаварыў філосаф. — Людзі лічылі, што атам, бы зерне маку, бы жвірынка, з якіх складаецца матэрыя. Атам меў быць цвёрды і не-падзельны. Маналіт. Аказалася аднак, што ў атама шмат пустога месца і па гэтай пустцы круцяцца электроны, бы планеты вакол Сонца. У атаме Сонцам з'яўляецца яго ядро, але і ў ядры шмат пустога месца і там розныя нейтроны, пратоны, і г.д. Калі ж прыгледзеліся, скажам, да электрона то аказалася, што гэта нешта такое, што цяжка прыраўнаць да нашага паняцця аб матэрыі, аб цэгле, каменнях. Электроны, гэта электрычнасць, якой ні зважыць, ні падняць. А колькі ў ёй моцы ўсякай!

— Чым глыбей у матэрыю, тым пусцей, — сказаў Юрка. Ён аблізаў губы, яму захацелася піць.

— Можна меркаваць, што калісьці ўся матэрыя нашага Сусвету з'яўлялася адным пунктам, — філосаф паўтарыў вядомыя тэорыі.

— Пункт не мае памераў, — заўважыў Юрка.

— Вось, менавіта!— дзіўна ўцешыўся філосаф. Ён як бы не баяўся пропасці без дна. — І з гэтага аднаго пункта яна пачала расшырацца: паўстаюць і гінуць зоркі, сістэмы, галактыкі. Усё разбягаецца, але не па простай лініі. Простай лініі няма. Гэта выдумка чалавека. Святло разыходзіцца па крывой лініі, галактыкі таксама. Кола замыкаецца. Усё, усе галактыкі зноў зыдуцца, так сказаць, ляснуцца ў адным пункце, ляснуцца з хуткасцю святла...