Выбрать главу

Філосаф гаварыў гэта з ідыятычнай прыемнасцю. Ад яго слоў не панясло нават трупамі, не панясло нават пылам руін, у вушах не было нават ляманту, ні стогнаў, ні памірання. Ні канца свету.

Нічога не было.

— Вып'ем? — спытаў філосаф.

— Толькі піва, — пацвердзіў Юрка.

У «Асторыі» піва прадавалі ля ўваходу. Далей поўна мужчын і жанчын, аблівае іх музыка.

Мужчыны штосьці гавораць да жанчын, а жанчыны да мужчын, усё штосьці гавораць і гавораць вельмі непатрэбнае, мабыць, глупствы. Гавораць да сябе і не чуюць сябе. Прышла міліцыя і забрала п'яных з-пад крайняга століка.

— Вольны столік, — уцешыўся філосаф. Пацягнуў за сабою Юрку, той пашоў за ім. Было горача.

Філосаф паглядзеў на ногі прыгожай жанчыны і зблудзіў дзесьці, потым сказаў:

— Глупства, брат. Усё глупства.

Галактыкі аддаляюцца з хуткасцю святла, думаў Юрка. Аддаляюцца па крывой лініі. Аддаляюцца па гіганцкаму колу, па такому колу, якое цяжка і абхапіць людскім уяўленнем. Па колу, дзе мера не мае сэнсу. Кола замкнецца, будзе пункт. Будзе пункт.

— Так, — адказаў Юрка філосафу. Пацёр вочы.

— Што ты такі белы стаў? — філосаф толькі на момант угледзеўся ў Юрку.

Зноў пачапіў вочы на ногі прыгожай жанчыны. Юрка бачыў гэта.

Кельнер доўга не прыносіў піва.

Пілі два разы, хацелася есці. Філосаф меў вялікі апетыт і заказаў катлету з зялёным гарошкам. З'еў з апетытам. Юрка не мог адчапіцца ад думак: катлета складаецца з атамаў, у атамах пустка, нішто. Нішто: нішто з'ела нішто, філосаф з'еў катлету.

— Гм, — ікнуў весела Юрка.

— Нябрыдкая, — сказаў паўголасам філосаф, ён не думаў.

— Затанцуем, — ні то сказаў, ні то спытаў філосаф і, нягледзячы на Юрку, пашоў да прыгожых ног.

Узыходзіла сонца, Юрку штурхнулі ўбок. Гэта кельнер, на ім невінаватая ўсмешка, яго губы заварушыліся і сказалі:

— Зачыняем рэстаран. Выбачайце.

Юрка ўстаў і вышаў. Была шостая гадзіна раніцы. На вуліцы бразгітаў вядром стары чалавек з мятлою, ён замятаў вуліцу. Каля ўсходаў «Асторыі» кінута паперка, на ёй напісана: «Элька! Цікавы тып. Пазнаёмлю. Твая сяброўка». Паперка пакумячаная, але можна прачытаць, што напісана, не падымаючы яе з зямлі і не беручы яе ў рукі.

Юрка пастаяў каля «Асторыі» і рушыў дахаты цераз пустую плошчу. Выразна чуў свае крокі, і гэта памагала яму думаць. Дайшоў да кватэры ў сем гадзін: скінуў плашч, зайшоў у лазенку, адкруціў кран, дачакаўся халоднай вады і падставіў пад кран галаву.

Юрка засланіў вокны і лёг на тапчан. У канцы тапчана пападалі з ног на падлогу туфлі, адною рукою адсупоніў гальштук, расшпіліў кашулю. Выцягнуў проста рукі і заплюшчыў вочы. За акном, на панадворку, брахаў сабачка, і скрыгатала штосьці жалезнае. На вуліцы шумелі машыны, у шуме нарастаў стукат конскіх капытаў, вуліцаю ехаў вазак. У суседнім будынку гудзеў вентылятар, да яго ўсе прызвычаіліся, заціхаў у адзінаццаць гадзін вечара, пунктуальна, і тады рабілася дзіўна ціха. Трэба засынаць перад адзінаццатай, потым цяжка заснуць.

За дзвярыма, на ўсходах, крокі з-пад жалезных абцасаў. Ідзе суседка з мужам. Муж адмыкае дзверы. Яны ўваходзяць да сябе. Муж штосьці гаворыць балбатлівым голасам, яны былі ў гасціне. Сёння нядзеля.

— ...Сусвет вялікі, такі вялікі, што ні пачатку, ні канца... а калі так, дык зямная куля нават менш, чым пылінка, наогул нішто, нават і не пыліначка, проста пустое месца. З нічога ўсё і нічога...

Ляснулі дзверы, чуваць жалезныя крокі ад жалезных абцасаў, туфлі з жалезнымі абцасамі, высокімі і зграбнымі, далікатнымі і жалезнымі. Цвёрдыя, не зношваюцца.

Куплю жонцы туфлі, куплю лакеркі, лакеркі з жалезнымі і зграбнымі абцасамі. Маю пяцьсот злотых, пайду і куплю...

Вышаў у напрамку Рынку Касцюшкі. Новы гандлёвы дом ПДТ зачынены, адчыняюць у восем. Гадзіннік на ратушы паказваў палову восьмай, ручны гадзіннік у Юркі затрымаўся на сёмай.

Цераз вуліцу перабягала маладая пара, ён крычаў да яе, яна смяялася. Яна не бачыла яго, яна глядзела сюды, на Юрку. Смяялася з Юркі.

Прайшлі побач.

— У вітрыне модны матэрыял, — сказала яна.

Юрка засланяў від на вітрыну, ён адсунуўся цяпер убок, і яна ўжо не бачыла Юркі. Яны ішлі, яна ўсё яшчэ аглядалася на вітрыну, і не бачыла Юркі.

Юрка ўспомніў, што не ведае нумару нагі жонкі. Вярнуўся на кватэру, адшукаў нейкі яе туфель, змераў ніткаю, акуратна адрэзаў. Да таго часу ПДТ не адчынілі, была нядзеля.

Юрка адчуў патрэбу знайсціся ў людзях і пашоў у кавярню. Там ужо філосаф, ён памахаў рукою з-за свайго століка. Юрка прысеў, рука філосафа цёплая і ліпучая. Здавалася, як бы толькі што кончылі сваю ўчарашнюю размову.