На нараду ў міністэрства выехаў з Беластока поездам непасрэднай камунікацыі Ленінград — Познань — Берлін. Апошні вагон меў нямецкую назву і блішчэў нікляванымі клямкамі. Туды праходу не было і Юрка адважна глядзеў на немак, якія курылі і пілі са шклянак ліманад; добра дагледжаныя і густоўна апранутыя жанчыны. Яны вярталіся з экскурсіі ў СССР і безупынна са смехам расказвалі адна другой.
Глядзеў і зазлаваў на іх: яны ні на што не звярталі ўвагі, не глядзелі, але коўзаліся. Позіркі, як у дзяўчат на каньках.
Варшава ашаламляла гукамі, ашаламляла радасцю і смуткам. Хацелася жыць у ёй і не хацелася жыць у ёй. Баяўся, што калі-небудзь запрапануюць яму працу ў Варшаве, прапануюць найлепшым. Што адкажа?
Глупствы! Каму ты патрэбен? Поўна сваіх, ніхто не хоча на правінцыю. Так супакойваў сябе, але ведаў, што гэта можа быць таксама няпраўдай, як праўдай.
Нарада адбывалася ў канферэнцыйнай зале, падобнай на салон у італьянскіх фільмах. Адчуваў, што не выходзіць яму элегантная прастата, з якой вядуць сябе іншыя ўдзельнікі нарады, асабліва міністэрскае начальства.
Трэба практыкаваць. Вернецца ў Беласток, будзе практыкаваць перад вялікім люстрам у кватэры: усмешку захаплення, жэст прывітання, свабодны крок па мяккім дыване, сімпатычная ўвага да субяседніка і г.д. З нарады запамятаў прыклады.
Калі развітваўся з дырэктарам дэпартамента, паціснуў яго руку энергічна, але нямоцна, усміхнуўся і паглядзеў проста ў вочы. Гэта была імправізацыя аднаго з заўважаных прыкладаў. I, як здалося, някепская.
Дырэктар дэпартамента сказаў:
— Будзем у Лодзі, — ён паблытаў твар Юркі з іншым, але гэта было так міла сказана, што Юрка ўсведаміў памылку тады, калі ўжо знайшоўся ў беластоцкім цягніку.
А тады адказаў дырэктару:
— Гэта нарада была вельмі патрэбнай, пане дырэктар.
Трэба б сказаць: пане міністр.
Ногі, як калодкі. Аджылі, калі апынуліся ў натоўпе Маршалкоўскай вуліцы, натоўпе няважным, абы якім. На Кракаўскім Прадмесці сеў у таксі і заехаў на вакзал.
У сераду не спадзяваўся важных спраў, так заўсёды ў сераду.
Сказаў сакратарцы:
— Выходжу ў горад. Вярнуся праз гадзіну. Сакратарка чакала, пакуль ён скажа, куды выходзіць?
— Проша пані, буду праз гадзіну.
Зайшоўшы ў кватэру, хутка распрануўся і ўставіўся перад люстрам. — Дзень добры, пане міністр... — эх, рукі маюць няскромны выгляд! Яшчэ раз: — Дзень добры, пане...
Пагаварылі з пятнаццаць хвілін. Ён ніколі не зразумеў таго, што людзі адно гавораць, а другое робяць. Мо не тое, што не зразумеў; таго ніяк не магла прыняць яго свядомасць, ён.
Яму цяжка жыць, ён шчыры, у кветцы бачыць толькі прыгажосць... Сам гаварыў аб сабе, што занадта шчыры, але ён жартаваў. На якойсьці нарадзе таксама сказаў гэтак пра сябе, усе зарагаталі. Уцешыліся, што ён зразумеў. Але ён зажартаваў.
Вечары займае жонка.
— Сёння забралі стоража ў бальніцу, — кажа яна.
— Што яму?
— Такі, здавалася б, здаровы быў чалавек, а тут упаў на тратуары і ляжаў без памяці. Людзей назбягалася поўна.
— Ого, — сказаў.
Канчаў есці макароны, жонка паставіла талерку бульбы з катлетам і кіслым агурком.
— Ён не піў, — сказала яна. — Такі быў заўсёды здаровы, чырвоны мужчына... Вышаў з мятлою замясці тратуар і ўпаў, я яшчэ спала, ён замятае раніцай, калі мала руху. Замятае а чацвёртай рана, вельмі рана...
— Вельмі здарова замятаць раніцай, — сказаў Юрка. Хацеў сказаць, што здарова ўставаць рана.
— Ён не мае тэлевізара, — сказала жонка. — На днях гаварыў, што ў тэлевізіі паказвалі Беласток, не бачыў, як паказвалі. Думаю сабе, хоча ён напрасіцца да нас на тэлевізар. О не, думаю, і так хопіць... Затаптаў бы сваімі баціскамі наш дыван. Ён не чысціць ботаў.
— Ну, і што з ім? — вярнуў жонку.
— Упаў і ляжаў без памяці, хтосьці ўбачыў і выклікаў карэтку хуткай дапамогі. А сёння быў халодны ранак...
— Мо дзе выпіў?
— Што ты! Ён не п'е, я ж казала...
Нашто я пытаю яе, думаў Юрка, зноў прагаворым вечар.
— Ты бачыў, які здаровы гэты стораж...
— Гм...
На талерцы расплываўся тлушч, Юрка мачаў бульбу ў тлушчы і еў. Трэба з'есці ўвесь тлушч. Талеркі з тлушчам цяжка мыць, трэба падушыць бульбу і выбраць ёю тлушч.
Жонка гаворыць:
— Кажуць, схапіў стоража параліч?! Але адкуль у яго параліч? Ну, добра: каб ён піў, запіваўся па забягайлаўках, валачыўся, мог бы быць параліч. Не валачыўся, не курыў, не піў, і маеш табе: параліч!
Юрка скончыў есці. Устаць і выйсці не мог, жонка пойдзе за ім у пакой і будзе гаварыць аб сторажу, што сёння ўпаў на тратуары і забралі яго ў бальніцу.
Да губ паднёс кубак з кампотам. Губы памалу пілі, пераставалі піць, калі ціх голас жонкі, і зноў пілі.
— Лёс чалавека невядомы, — сказаў ён.
Яму ўжо добра слухаць непатрэбшчыну. Добра паслухаць.
«Добры абед зрабіла жонка сёння. Добры», пахваліў у думках жонку. Было вельмі добра.