Выбрать главу

Пад вечар сапраўды пачуліся грымоты за Прафіткаю, і засняжыў пылок на шашы, пылок молатага цукру, калі патайком глытаеш у каморы дзівосную матчыную мазурку на Вялікдзень. Галодныя грымоты. Пакуль чуб хмараў высоўваўся і высоўваўся, пакуль паявілася даўно непаголеная фізіяномія буры з зубелямі бліскавіцаў, фізіяномія, якая найменш тры дні не ела, выбзыкнуў перад самым носам яе, з-за Прафіткі, адурэлы аўтобус і так паімчаў уніз, так пранырнуў цераз чароты, у якіх ужо нарабіў пад сябе масток, так скочыў на паднябесную траншэю, што здавалася: вось надыходзіць канец свету. Стрэхі поўныя птаства: галак, шпакоў, вераб'ёў — пад стрэхамі куры з цётчынай зацятасцю ўкопваюцца ў зямлю. Свінкі неспадзявана разбрыкаліся па загарадзе радасцю рэкрутаў на апошняй забаве ў вёсцы; свінская прыемнасць упаўшых духам, пасмутнеў конь, прыдурэлі каровы, не гаворачы пра авечкі. Паветра набрыняла надзеяй, што хата ўсё-такі будзе плываць, яна ж з'яўляецца драўлянай, кожнаму хопіць кавалак чагосьці...

Маці зачыніла акно, каб пярун не ўдарыў, не спаліў...

Па небе прайшоўся чорт з віламі, выгібаючыся ад рогату быццам старая паненка ўбачыўшы надзею, і, каб не страціць яе, іржыць недвузначна. Аўгобус, калі не пагубіў колаў, напэўна сядзіць у сваім гаражы, схаваўшы смярдзячы хвост, ды плюскае шклянымі бельмамі гультаяватага сабакі. Вёз пасажыраў, як бобік кошку на хрыбце, палёгку меў пры хуткім бегу, вельмі хуткім бегу, такім хуткім, што дайшло да рэдкай хвіліны згоды. Прапаў за траншэяй.

Ну...

У пекле знайшліся мы ноччу, аселі на самюсенькім дне, над намі дагараў свет. А мо гэта ўсмешкі чарцей, пахіленых і прабуючых убачыць нашу хату?

Маці малілася штораз галасней. У суседняй вёсцы ўспыхнуў пажар, асвятляючы шыбы, дождж, дрэвы, выгнаныя на загуменне цені кароў і каня, слепнякі сабакі, плот, каменні...

Я выбег на парог і глядзеў на пажар з радасцю, бо ўбачыў, што свет існуе.

ДАЛЕЙШАЕ ЖЫЦЦЁ МАНЬКІ I ЯЕ СМЕРЦЬ

Пралог

За іконаю тлее пісьмо ад дачкі.

*

Манька прачнулася на світанні. Падаў дождж, па поцемку стракацеў па шыбах, бы запознены любоўнік. У коміне хіхікаў прастуджаны вецер.

Манька ссунула на грудзі коўдру, выцягнула на холад рукі. Яна забаялася задрамаць: ёй сніўся пакойны муж Рыгор — і вайна.

...Маньцы вайна пачалася ў нядзелю рана, калі са страху перад самалётамі не накарміла свіней. Рыгор вымасціў логава ў каменным склепе, выпусціў жывёліну. Самалёты бамбілі гасцінец, на які выройвалася салдацкая маса. Вайна йшла гасцінцам, і спадцішка прыглядалася ёй вёска. Не было сну тры дні і тры ночы. У чацвёрты дзень настала ціш, як у свята, калі ўсе на абедні ў царкве: бляялі авечкі, рыкалі каровы, коні брыкалі па выгане. Прыпякала сонца. У той чацвёрты дзень вайны Манька, гледзячы на гасцінец завалены машынамі з дабром думала аб тым, што вайна не ўсім прыносіць няшчасце. I Рыгор глядзеў на гасцінец, і думаў аб тым самым. Яго забілі немцы адвячоркам, на гасцінцы, з мяшком салдацкага цукру на плячах, і на вачах Манькі, каля Манькі! Яе не стралялі. Немцы абступілі Маньку, рагаталі — і пагналі яе ў жыта на зганьбаванне. Рыгору выстралілі ў лоб і ён упаў тварам на зямлю, каб не бачыць...

Той далёкі адвячорак явіцца Маньцы ў позірках суседак і ў бесцырымоннасці мужчын да яе.

Эпілог

Трыццаць год Манька прагаравала на гаспадарцы, дакладна трыццаць год ад смерці Рыгора ў пачатку другой сусветнай вайны. У мінулае лета Маньчына дачка, Надзея, маладая вучоная, забрала матку да сябе, у Варшаву. Манька ў яе захварэла і памерла без пары, без сівых валос. Памірала, несучы ў магілу цяжар таямніцы таго, што ў жылах Надзеі плыве кроў забойцаў Рыгора...

Манька памірала цяжка.

ВОСЕНЬСКАЕ СОНЦА

Жылі сабе дзед з бабаю: Рыгор з Карусяю. Рыгор застудзіўся ў капанне бульбы. Паліла гарачка.

— Дзе сын? Дзе мой сын!? — трызніў ён. Пры памяці маўчаў.

Выў сабака. Месяц выскаліўся ў акне, бы злыдзень.

Каруся выйшла на ганак. Знізу, ад зямлі, пацягнула каплічным холадам — сівеў прымаразак. Вялікая Мядзведзіца сядала на загуменні, а неба заплывала мацнеючай яснатою.

Дрыпаючы ў склеп па бульбу свінням, Каруся думала: дачка далёка, сын у Беластоку. Да дачкі нічога не мела — дочкі ідуць туды, куды іх бяруць.

Заграбаючы ў кошык бульбіны, праклінала здухамэнтамі жыццё.