Выбрать главу

Гэта цалкам абгрунтаваная выснова літоўскага спецыяліста, які піша далей:

«Якім чынам Наваградак апынуўся пад уладай Літвы, можна меркаваць па расказе пра сына Міндоўга Вайшалгаса: ″Воишелкъ же нача княжити в Новегородече, в поганстве буда, и нача проливати крови много, убивашеть бо на всякъ день по три, по четыри; которого же дни не убьяшеть кого печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть. Посем же вниде страхъ Божии во сердце его, помысли в собе, хотя прияти святое крещение. И крестися ту, в Новегородце, и нача быти во крестьянстве ″. Гэты тэкст адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

З дадзенай высновай Баранаўскаса аб рэпрэсіях таксама можна пагадзіцца, хоць сам эпізод летапісу нагадвае кананічнае для хрысціянскіх легенд пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна, з відавочнай зменай яго маральнага аблічча, аднак прымаючы дакладнасць звестак Галіцка-Валынскага летапісу варта быць паслядоўнымі, адпаведна, можна прыняць і звесткi аб рэпрэсіях. Літоўскі спецыяліст не ўдакладняе, на каго менавіта былі накіраваныя гэтыя «рэпрэсіі», што выглядае лагічным, бо і летапісец нічога не сказаў пра тое, каго менавіта забіваў Войшалк. Зрэшты, далейшы разгляд працы Баранаўскаса пакажа, што ахвяры Войшалка літоўскаму гісторыку, як можна меркаваць, добра вядомыя.

Далей ён піша:

«У далейшай барацьбе Наваградак губляе сваё значэнне. Да яго ўвага зноў звяртаецца, толькі калі Таутвілас пацярпеў паразы ў Варуцкага замка (1251 г.) і ў Жамойці. Тады ён зноў звяртаецца да Данііла: ″Тевтивилъ присла Ревбу река поиди к Новугороду. Данило же поиде с братомъ Василкомъ, и со сыномъ Лвом, и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ, и приде к Пиньску. Князи же Пиньсцеи имеяху лесть, и поя е со собою неволею на воину ″. Відаць, разам з Наваградкам у залежнасць ад Літвы патрапіў і Пінск».

А вось тут выснова Баранускаса аб залежнасці дзіўная і па сутнасці нічым не абгрунтаваная. Нежаданне пінскіх князёў ваяваць з Літвой, пра якое ідзе гаворка, зусім не кажа пра залежнасць Пінска ад Літвы. За некалькі гадоў да апісаных падзей Міхаіл Пінскі спрабуе папярэдзіць літоўцаў аб надыходзе галіцка-валынскіх войскаў.

«Міхаіл Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска».

Гэта сведчыць аб тым, што пінскі князь шукаў нейкіх кантактаў з літоўцамі, але зусім не сведчыць аб залежнасці пінчукоў ад Літвы.

Пасля апісання малапаспяховых для літоўцаў сутыкненняў з валынянамі, у выніку якіх Міндоўг і Войшалк аддалі князю Раману Данілавічу Навагрудак, а таксама інфармацыі аб барацьбе валынян з яцвягамі, Баранаўскас робіць цалкам неабгрунтаваную выснову аб Навагрудку:

«Яцвягі ўваходзілі ў склад Літвы як перыферыйнае, не зусім паўнапраўнае і неканчаткова інтэграванае ў структуру дзяржавы племя, аднак таксама на больш-менш добраахвотных асновах. Яны пярэчылі змене іх статусу, але ненастойліва. Наваградак жа быў уключаны ў склад Літвы шляхам гвалту, і таму не аказваў ніякага супраціву перадачы горада прадстаўніку традыцыйнай для яго дынастыі Рурыкавічаў. Жыхары Наваградка ад такой рэформы толькі выйгравалі».

Лічыцца, што гэта пячатка Міндоўга.

З чаго менавіта літоўскі спецыяліст тут робіць выснову аб уключэнні Навагародка ў склад Літвы «шляхам гвалту»? У папярэдніх частках тэксту ў якасці нейкага абгрунтавання для гвалту прысутнічае толькі тэкст пра «рэпрэсіі» Войшалка, у якім, як чытач ужо мог пераканацца раней, няма ніякіх указанняў на этнічную прыналежнасць нібыта забітых людзей. Ці былі гэтымі ахвярамі будучага хрысціянскага падзвіжніка наваградцы, ці палонныя з ліку валынцаў, а можа быць і няўгодныя слугі-літоўцы? Аб гэтым дакумент маўчыць. А значыць ніякіх абгрунтаванняў гвалтоўнага далучэння Наваградка Баранаўскас не прывёў і яго высновы цалкам галаслоўныя.

Пасля згадвання забойства Міндоўга, літоўскі даследчык паведамляе аб вяртанні Войшалка ў Літву з Пінска, куды да гэтага збег спадчыннік вялікага князя, баючыся забойцаў бацькi.

«Пачуўшы аб гібелі Трэнёты, Вайшалгас адразу вярнуўся ў Навагрудак, а адтуль з пінскім і наваградскім войскамі адправіўся ў Літву займаць трон».

Тут Баранаўскас справядліва паказвае на ўдзел пінчукоў і наваградцаў (а апошніх, нагадаю, нібыта ўключылі ў склад ВКЛ шляхам гвалту) ва ўсталяванні ўлады Войшалка. Гэты найважнейшы для гісторыі Беларусі момант летапісу прама паказвае, што продкі беларусаў яшчэ ў самым пачатку дзяржаўна-утваральных працэсаў ВКЛ у Панямонні мелі палітычную суб'ектнасць, а не з'яўляліся толькі аб'ектам заваёвы магутных літоўскіх кунігасаў, як гэта жадаюць бачыць некаторыя літоўскія спецыялісты, у тым ліку і спадар Баранаўскас.

полную версию книги