Кластар 1. Гродна і (або) Брэст
Фрагмент 1. Барацьба за статус альтэрнатыўнай сталіцы ВКЛ
Брэст і Гродна — дзве сталіцы заходніх абласцей Беларусі. Але ў свой час яны былі яшчэ і найважнейшымі гарадамі ВКЛ, як бы канкуруючымі ў барацьбе за статус альтэрнатыўнай (другой ці трэцяй) сталіцы Княства.
У XIII стагоддзі Гродна, у адрозненне ад Брэста, знаходзіўся ў эпіцэнтры фармавання Вялікага княства Літоўскага і паказаны ў крыніцах адной з галоўных арэн супрацьстаяння літоўскіх уладцаў і галіцка-валынскіх князёў. Можна ўпэўнена казаць пра тое, што Гродна ўвайшоў у склад ВКЛ раней за Брэст. Вылучыць нейкую базу для супастаўлення палітычных статусаў гэтых двух найважнейшых населеных пунктаў дзяржавы, можна, мабыць, ужо пры князе Вітаўце, які валодаў абодвума гарадамі. У даследчыкаў ёсць падставы асцярожна сцвярджаць, што пры Вітаўце і яго фармальным сюзерэне Уладзіславе Ягайла, горад над Нёманам часцей за яго «канкурэнта» над Бугам служыў валадарам для вырашэння важных палітычных пытанняў, напрыклад, у Гродне Вітаўт заключаў мір з крыжакамі і сустракаў чэшскіх паслоў. Аднак і ў Брэсце вырашаліся найважнейшыя для ВКЛ пытанні, у прыватнасці, як піша Ян Другаш, менавіта там адбыўся спецыяльны сход, з удзелам Вітаўта і Ягайлы:
«Пасля выезду з Непаламіц, кароль польскі Уладзіслаў адпраўляецца ў Літву, каб у Брэсце Рускім правесці з князем Аляксандрам з'езд, аб якім ужо даўно папярэдзіў яго».
Сустрэча была зладжана з мэтай падрыхтоўкі агульных дзеянняў супраць крыжакоў, якія ў выніку прывялі да пераможнай для Княства Грунвальдскай бітвы.
Ягайла. Партрэт XIX ст.
У некаторых выпадках Брэст і Гродна разам служылі своеасаблівай сцэнай для драматычнай барацьбы Вітаўта за ўладу. Напрыклад, у 80-х гадах XIV стагоддзя Вітаўт, паводле звестак з Летапісу Вялікіх князёў Літоўскіх, знаходзіцца з маці Бірутай у Гродне, а пасля яе ад'езду ў Брэст, збірае ў горадзе над Нёманам сілы для паходу супраць свайго стрыечнага брата Ягайлы. Менавіта ў Брэсце, паводле некаторых звестак, Бірута была забіта людзьмі вераломнага пляменніка яе мужа.
Пад 1387 годам Ян Длугаш згадвае Вітаўта ў ліку іншых князёў, выкліканых у Вільню каралём Ягайлам.
«Па каралеўскім загадзе сабраліся браты караля, троцкі князь Скіргайла, гродзенскі Вітаўт, кіеўскі Уладзімір, наваградскі Карыбут…»
У пераліку князёў Вітаўт названы менавіта гродзенскім князем, што можна трактаваць як указанне на вялікшую значнасць Гродна ў параўнанні з Брэстам.
Падчас чарговага супрацьстаяння Ягайлы і Вітаўта, першы вырашыў нанесці ўдар па вотчынных уладаннях суперніка. Хутка ўзяўшы Брэст, кароль падышоў да Гродна, дзе абложнікаў чакала доўгая і ўпартая барацьба з вернымі Вітаўту гарнізонамі. У выніку аблогі 1390 года, воіны польскага караля ўсё ж захапілі гродзенскія ўмацаванні.
Сярод дадзеных, якія сведчаць аб важнасці таго ці іншага населенага пункта, знаходзяцца і звесткі аб стварэньні розных абарончых пабудоў. Вядома, што ў Гродне Вітаўт разгортвае маштабнае замкавае будаўніцтва, падарыўшы гораду адзін з найлепшых фартыфікацыйных комплексаў краіны. На стыку XIV і XV стагоддзяў у горадзе над Нёманам існуюць два каменныя замкі — Верхні і Ніжні. Падобныя сістэмы двух каменных умацаванняў знаходзіліся толькі ў некаторых найважнейшых гарадах Княства: Вільні, Троках і, як мяркуецца, Віцебску.
Замак Брэста ў гэты час заставаўся ў асноўным драўляным, хаця, як мяркуецца, уключаў каменную вежу валынскага тыпу, так званы «столп», пабудаваны яшчэ ў XIII стагоддзі.
У сучаснай гістарычнай літаратуры Гродна ўсё яшчэ часта называюць «другой сталіцай Вітаўта», аднак жа, які горад лічыўся першай сталіцай, Вільня або Трокі, часта не ўдакладняецца. Так ці інакш, нават калі лічыць падобны статус горада пэўным перабольшаннем, варта адзначыць, што Гродна без усялякага сумнення, разам з Трокамі, Вільняй і Коўнам, уваходзіў у пералік асноўных рэзідэнцый вялікага князя Вітаўта, а таксама часта прымаў і польскага караля Ягайлу. Важнай рэзідэнцыяй уладцаў быў таксама замак у Берасцi.
Калі пры Вітаўце і Ягайле Берасце хутчэй знаходзіцца ў цені Гароднi, то пры Казіміры Ягелончыку горад над Бугам ужо можна назваць як мінімум не менш важнай рэзідэнцый польска-літоўскіх манархаў. Па звестках польскіх гісторыкаў, менавіта ў Гродне Казімір атрымлівае прапанову стаць валадаром Кароны, а ў Брэсце згаджаецца ўзысці на сталец Польскага каралеўства, гэта значыць у перыяд праўлення Казіміра, Гродна і Брэст у чарговы раз «дзеляць паміж сабой» важную гістарычную падзею.