Так я яму і паддаўся! Дудкі! Урэзаў за гэтую «сваю школу» — за месніцтва. Калі ж пайшоў ад мяне, дык я адразу ж сеў за стол, запісаў усё, што ён мне гаварыў, і паслаў цыдулю ў раённыя органы бяспекі: Францке-віч — нацыяналіст.
Што да Галіны, дык я ёй даведку даў. Праўда, не за яе салаўіны галасок, а за… умелы падыход да мяне і маіх інтарэсаў яе бацькі… Цяпер яна, казаў, — славутасць, не толькі дома, але і ў Мінску ды Маскве мала бывае, усё ў гастролях ды гастролях. Праўда, ні аднаго ліста мне не прыслала, не падзякавала, што іменна я паспрыяў ёй у людзі выйсці…
Час ішоў, я сталеў, мудрэў, а жыць-працаваць станавілася ўсё цяжэй. Надта пасля смерці Сталіна. Спачатку я ўмлеў: ну, думаў, нашай краіне, ладу — канец. Не ўстоім без такога гіганта перад знешнімі і ўнутранымі ворагамі, няма каму нас абараніць, надзейна і мудра на-перад павесці.
Сталіна першы час не чапалі, але ў паветры пачаў на-сіцца антысталінскі дух, усё часцей і часцей пачалі пада-ваць галасы супраць «культу асобы». Паслабела дысцыпліна, амаль перасталі садзіць за палітычнае, пачалі ў раёне і вобласці на даволі значныя пасады вылучаць і карэнных.
Скажу шчыра, я спужаўся. I недарма. У адзін чорны дзень мяне гоняць са старшынёўства «за некампетэнтнасць і грубасць», пакідаюць намеснікам (Мішку пераводзяць у конюхі), а на маё месца раяць Сазановіча — агранома, з вышэйшай адукацыяй, з «паплаўком», як пасміхоўваліся мы, тыя, хто не меў і не мае гэтых ромбікаў. Я сашчаміў зубы, пачаў сачыць за ўсім і, канечне, намагаўся ні ў чым не памагчы гэтаму Сазановічу, які пачаў ламаць усе мае парадкі і ладзіць свае, «кла-поцячыся пра агульнае і пра кожнага чалавека ў асобку». Паназіраў я, як ён што робіць, як давярае мясцовым, як спрабуе падняць ім плату, пабудаваць клуб і паправіць дарогі — эге, бачу: месніцкія настроі і ін-тарэсы! Не столькі пра Цэнтр, як пра сябе, перыферыю, дбае!
На яго, а таксама і на іншых матэрыял сабраў. Павёз тоўстую папку ў органы бяспекі: глядзіце, падымае гала-ву месніцкая гідра! А па-другое, меў на ўвазе і іншае: каб уцалець, падняць свае шанцы, трэба выкрыць іншых! Ворагаў! Узялі там маю папку, а праз дзень… гэты XX з'езд, сакрэтны даклад Хрушчова. Я ўжо не толькі звяў, але і зусім апаў духам. Адчуў душой: ідзе новы час. Сталінская гвардыя, каб не толькі ацалець, але і ўтрымаць у сваіх руках уладу, рашыла ахвяраваць сваім былым кумірам. Выклікаюць мяне ў органы бяспекі. А там за старшага ўжо не Мірзоеў, а іншы, малады і не вельмі строгі, нават даволі лаяльны.
«Мы ўважліва азнаёміліся з вашымі паперамі і праверылі ўсе звесткі, — сказаў ён мне. — У вас зашмат былой, заганнай падазронасці, жаданяя расправіцца з калючымі, але ў прынцыпе сумленнымі людзьмі. Такія метады ўжо асуджаныя, яны замінаюць аднавіць у органах ленінскую законнасць…»
Выйшаў я ад гэтага капітана — ні зямлі пад нагамі не чую, ні свету яснага не бачу. Дажыўся! Даскакаўся! Трапіў «пад палітычнае цячэнне, пад вывады!» Спішуць! Як баласт!
Сапраўды, пачало тое-сёе мяняцца. Спачатку гарадское, а потым і вясковае начальства паскідала боты, ста-лінкі, пачало насіць туфлі, касцюмы, белыя кашулі ды галыдтукі, заўсміхалася, паказваючы, што можа быць звычайнымі людзьмі. Уладу ўзялі ў свае рукі райкомы, абкомы і ЦК. Органы нібы адышлі ў цень.
Я, зразумела, затаіўся. Калі браў слова на сходзе, то гаварыў пра марксізм-ленінізм, сацыялізм, пра партыю і асцярожна падводзіў да таго, што гэтыя перамены да дабра не давядуць. Праўда, калі мяне яшчэ раз панізілі, з намесніка старшыні калгаса зрабілі прафсаюзнікам, я адышоў ад палітыкі, ладзіў начальству банкеты, дзяліў пуцёўкі на поўдзень, але трывожыўся: знікла атмасфера страху, усе задыхалі вольна і пачалі гаварыць адкрыта, страцілася пільнасць. Абы-што хлынула ў музыку, мастацтва, літаратуру і асабліва ў кіно. Пайшлі ўсякія бугі-вугі, той-сёй узяўся вучыць нас на іншых, «больш высо-кіх і каштоўных агульначалавечых узорах» — прасцей, на нас, асабліва на незагартаваныя маладыя душы, абрынуўся гнілы заходні ўплыў. Праўда, калі патурылі «магільшчыка Сталіна», які паспеў скляпаць сабе свой культ, і паставілі Брэжнева, заявілі «пра стабільнасць», я акрыяў. Сеў і напісаў у ЦК КПСС ліст: я, дарагія та-варышы, горача ўхваляю тое, што вызвалілі ад пасад балбатуна, прашу рэабілітаваць таварыша Сталіна, пад-няць аўтарытэт партыі і сацыялізму, найперш у вачах моладзі. Адтуль мне не адказалі, але аднойчы паклікалі ў наш райком і сказалі: мы з вамі згодныя ва ўсім, але ўспамінаць імя Сталіна не трэба…
Нейкі час мы і не ўспаміналі, а потым пакрыху пача-лі называць, падымаць за яго тосты. Праўда, былі заліш-не цярпімыя да ўсякай ерасі, мала садзілі розных шаша-ляў, дык урэшце дайшлі да гэтай перабудовы…