Выбрать главу

— Не трэба, Апанас Лукіч, — ціха папрасіла яна.

— Чаму — «не трэба»? — пад'юшчыўся сам і падбіваў яе на грэх. — Як гэта — «не трэба»?

Сілай змусіў яе падняцца, пасля ашчаперыў з усяе моцы, горнучы да сябе і з заплюшчанымі вачыма шукаючы яе трошкі падфарбаваных і ад таго адмыслова пахкіх вуснаў. Валянціна ўпіралася далоньмі яму ў плечукі, адварочвала галаву, неяк дзіўна сёння стогнучы ад бяссілля альбо роспачы.

Кураглядаў узмацніў націск, запалымнеў і нават затрымцеў ад раз'юшанага прыроднага поклічу. I чым яна болей супраціўлялася, тым болей ён хацеў дабіцца свайго.

— Ну, што ты? — здзівіўся і ўзлаваўся заадно, не могучы адолець яе дужыя рукі і даць волю сваім.

Можа, толькі праз паўгадзіны, калі заціснуў яе каля стаяка ў кут, калі спачатку буркнуў пару ласкавых слоў, а пасля мусіў маніць, паклясціся ў каханні, здолеў скарыць — яна, нечакана здаўшыся, была пакорлівая, а праз нейкі час ажывілася, са стогнам, з плачам спатоліла яго пажаднасць.

Калі пазней адвярнуліся і папраўлялі на сабе апратку, ён адчуў прыкры сорам — з-за таго, што гэтак прасіў пяшчоты, плёў столькі няшчырай лухты (цяпер вось не хочацца паўтарыць з таго ніводнага слова).

Пачуў: Валянціна плача. Ціха, але нейкімі ўдушлі-вымі слязьмі. На табе! Яшчэ слёзы! Ды жаночыя, страш-нейшыя за нож!

— Ты — чаго?

Яна адвярнулася і прытулілася да сцяны. Паніклая, з апушчанымі плечукамі.

— Ну, чаго? — запытаў ужо раздражнёна.

— Апякла…

— Што?

— Ну… Стаяк вельмі гарачы, а вы ўсё ціснулі да яго…

— А! — зразумеў усё адразу. Узвесяліўся, не зусім прыемна для яе зарагатаў. — Вось чаму ты спачатку халодная, як лёд, была, а потым кідацца пачала!

— Вам смешна, а мне пячэ, — пакрыўдзілася. — I не толькі гэта…

— А што яшчэ? — ухмыльнуўся.

— Грубая я…

— Як — гэта? — запытаў паўшэптам, устрывожана, адчуваючы, як яго прабірае холад.

— Яшчэ пытаеце…

— Дык што — ад мяне?

— Ад каго ж!

На табе! Трапіў у сіло! Уліп! З той, машыністкай-сакратаркай, толькі шуры-муры былі, тая, гарадская, асцярожная і хітрая, не дапусцілася да такога, а гэтая вясковая разява… Што будзе? Яшчэ адна вымова? Далоў з работы? Але куды яшчэ ніжэй апусцяць? Зноў ісці шафёрам? А па-другое, што будзе з жонкай, з сынам, што пакуль там, на сваёй радзіме? Як, як сухім выскачыць з вады?

— А не ад Мішкі? — пачаў адводзіць ад сябе віну, перакідваць на яе і на іншага мужчыну.

— Не.

— Але ж ты ляжала з ім…

— Не ляжала.

— Як гэта — не ляжала? Я сам разагнаў вас!

— Я ж казала вам… — Заплакала наўзрыд. — Ён сілком мяне браў. Але не ўзяў.

— Хто там вас ведае… Адзін раз не ўзяў, а другі…

— Не было. Нічога з ім не было. А грубая я, можа, чацвёрты месяц.

«Не шанцуе мне з рыжымі… — падумаў гнятліва. — Жонка рыжая, Святлана рыжая і гэтая разява рыжуля…»

— Дык нічога з ім не мела?

— Не.

Адчуў: не маніць, балюча ёй, што ён гэтак крыўдзіць яе недаверам і нагаворам, што няўдзячны за яе пяшчоту і ласкі.

— Ну, ціха! Не рві душу! — прыкрыкнуў. — Ты ж не зялёнае дзяўчо. Павінна ведаць, што трэба цяпер рабіць…

— Запазнілася…

— «Запазнілася»! — разлютаваўся ажно. — Дурніца!

— Канечне, дурніца, — яшчэ большую волю дала слязам. — Папусцілася…

— Гаварыла каму пра гэта? Якой-небудзь бабе па сакрэце? — Пацішэў, узяў сябе ў рукі.

— Не.

— Маўчы, — папрасіў і загадаў заадно. — Пастараемся што-небудзь прыдумаць.

З прыкрым настроем выйшаў з будынка, запыніўся на ганку і закурыў.

Пасля ранішняй змрочнасці павышэла, паблакітнела неба, усплыло і зіхацела сонца, недзе паблізу заліваўся песняю шпак, але яго ўсё гэта веснавое не ўсцешыла. Раўнуў на ўсе лёгкія:

— Мішка!

Ні гу-гу. Крыкнуў яшчэ раз. Зноў не чуваць і не відаць таго Мішкі. Пакрочыў за гумно. Як учора ляжала, так і сёння ляжыць парэзаная горка дроў, а побач — грудок пажаўцелых і зусім трошкі свежапаколатых пален.

Зазірнуў у гумно: так і ёсць, храпе лайдачына на сене. Схапіў граблі, каб ткнуць з усяе сілы, але Мішка ўчуў рып дзвярэй і ягоны грукат, падхапіўся, заплюскаў па-векамі.

— Прылёг на хвіліну…

— Я табе дам «хвіліну»! — Кураглядаў кінуўся з граблямі, але вёрткі Мішка выскачыў з загарадкі, шмыгнуў у другія дзверы, у яго двор. Ужо ўпагон ён даў каманду:

— Запрагай, гультай, Ваську. Паедзем на аб'ект.

«Аб'ект» — гэта той кавалак былога панскага бору, дзе цяпер янкавінцы рэжуць лес на школу. Вялікай патрэбы ехаць туды не было, вяскоўцы робяць усё як след самі, можна было ісці абедаць, але нядаўні голад прапаў. Ды варта яшчэ раз паказаць: там, у лесе, усё ідзе не само па сабе, не па волі «талковых гаспадароў», такіх, як, скажам, Францішак Грыгарцэвіч, а якраз работа добра ладзіцца пад яго назіркам, парадамі і камандамі. Дык трэба падагнаць, «узмацніць меры».