Як і ён, гэтак і ягоны любімец, жарэбчык Васька, здзекаваўся з Мішкі. Можа, і таму, што Мішка, здаецца, употай лупцаваў таго. Вось і цяпер рыжа-руды, на высо-кіх, з белымі надкапытнікамі нагах Васька не даваў ма-ларосламу Мішку накінуць хамут, штурхаў, а то таптаў ногі — раз за разам Мішка войкаў і падскокваў ад болю. Назіраючы за гэтым, Кураглядаў спачатку злаваўся, а потым усцешыўся і пачаў пасміхоўвацца.
Па праўдзе сказаць, несалідны з Мішкі возчык. Драбяза. Мала таго, што малога росту, дык яшчэ неадукаваны, грубаваты, з непаважанай у вёсцы сям'і. Але талкавейшыя на такую работу ісці не хочуць, трымаюцца за гаспадарку, а па-другое, яму трэба якраз гэты абі-бок і вяртун, які не любіць многіх у вёсцы і можа часамі быць яго добрым памочнікам.
За вёскай, калі Васька не цягнуў, а проста імчаў лёг-кую былую панскую брычку, Кураглядаў (а ён, адваліўшыся і паклаўшы локці на спінку задняга сядзення, раскашоўваўся на мяккім матрацы) ткнуў Мішку наском бота: спыніся. Калі той нацягнуў лейцы і стрымаў падбадзёранага ад бегу Ваську, запытаў:
— Якія маеш навіны?
Гэта значыла, што Мішка, як і раней, павінен быў дакласці, што адбылося ў вёсцы за суткі, хто што га-варыў, ці не абражаў часамі яго асабіста і сельсавет.
— Ніякіх важных навін няма, — паціснуў плячыма Мішка.
— Штосьці ты, друг, перастаў мне падабацца, — прамовіў Кураглядаў. — Няшчыры і не адданы Савецкай уладзе. Я ж табе не раз ужо казаў і яшчэ раз скажу: я павінен усё пра ўсіх ведаць… Не толькі ўсіхныя словы, учынкі, але і думкі.
— Далібог, нічога такога не пачуў, — зноў паціснуў плячыма Мішка.
— Лесавікі да каго-небудзь не зазіралі?
— Не бачыў і не чуў.
— Але ж яны ёсць, ходзяць вакол ды паблізу.
— Не ведаю.
— Што ты можаш сказаць пра Адама Грыгарцэвіча, што ў Амшарку жыве?
— А што?
— Адказвай, калі цябе старэйшыя пытаюць.
— Яны — лічы, шляхта, — сказаў Мішка. — Ганарлівыя. Нас, Супраневічаў, і цяпер за людзей не лічаць.
— Варожыя да Савецкай улады?
— Бывае, плятуць абы-што.
— Што? — атакаваў Кураглядаў.
— Ну, што вы…
— Не круціся! Расказвай нават пра самае непрыемнае. Кажу ж, я павінен пра ўсё ведаць.
— Кажуць, вы — Курашчуп…
— Што гэта значыць? Мянушка?
— Ага. Што вы — бабнік і п'яніца.
— З кім гэта, па-іхняму, я распуснічаю?
— Кажуць, напіваецеся з Клопікавым і Навуменкавым, а гуляеце з Валяй.
— Ты гэта сапраўды чуў ад злых языкоў ці сам, прайдоха, сачыняеш?
— Чуў! Далібог!
— А яшчэ што?
— Ну і ўсё.
— Не шмат інфармацыі. Сапраўды, нічога сур'ёзнага. Адны вясковыя плёткі.
— Што чуў, тое чуў. Усе, здаецца, пры мне асцерагаюцца гаварыць, як вы кажаце, пра сур'ёзнае.
— Баяцца? — ухмыльнуўся Кураглядаў. — Лічаць за начальніка?
— Бачаць жа: я пры вас…
— Мала, друг, чуеш і бачыш. Асабліва — небяспечнае для мяне і для ўлады, — сказаў Кураглядаў. — Я ж душой адчуваю: не любяць тут мяне. А значыць — і таго, каго я прадстаўляю… Так?
Мішка паціснуў плячыма.
— Так, — упэўніў яго і сябе Кураглядаў. — Прыкідваюцца святымі авечкамі і прымаюць, кормяць лесавікоў. Былі б рады, каб тыя звялі не толькі нас, савецкіх кіраўнікоў, але і нашу ўладу. А ты… Своечасова не перасцерагаеш замыслы і падкопы. Значыць, пакрываеш, заадно з варожым элементам.
— Не.
— «Не, не!» — перакрывіў Кураглядаў. — Не забывай, друг: калі ты такі мярзотнік, то на першага цябе справу аформлю, у Сібір затуру!
Як бачыў, апошнія словы цяжка ўпалі на Мішку. Не дурны, сэрцам адчуў: не жартуюць з ім. Гэта раней, за панамі, не лёгка было чалавека арыштаваць і судзіць, надта палітычнага (бывала, за яго заступаўся, абараняў не толькі СССР, але і ўвесь свет), а цяпер прыедуць, схо-пяць, запратораць чорт ведае куды, і ніхто тут не пікне, за мяжой голасу не падасць.
— Канечне, не ўсе любяць вас, — пайшоў насустрач Мішка.
— Ну, а хто тут найбольш ненавідзіць мяне? Давай імя, імя па бацьку і прозвішча!
— Здаецца, стрыечны брат таго Адама, пра якога вы пыталі… — падаткнуў Мішка, маючы асабістую злосць на таго (яшчэ да вайны той балюча адлупцаваў яго за ўкрадзеную капу сена).
— Хто гэта?
— Сцяпан. Каваль наш.
— Чаго гэта ён? — нібы здзівіўся Кураглядаў. — Ён жа ў вайну знаўся з намі, партызанамі. Зброю правіў, звесткі важныя пра немцаў і паліцаяў даваў. Ад самога Чарнышова адпаведную ахоўную даведку мае.