Мішка зноў паціснуў плячыма:
— Не ведаю. Але чуў, як ён бэсціў вас на чым свет стаіць.
«Канечне, з-за Марысі. Бачыць жа: і раней, і цяпер я не супраць патрымаць яе ў руках».
— Дык чаго ты, ёлупень, маўчыш пра такія рэчы?! — накінуўся Кураглядаў на свайго «ад'ютанта». — Старшыні сельсавета пагражае тэрарыстычны акт, а ён, боўдзіла, не перасцерагае! Заўтра ж напішы на маё імя дакладную! Я яму дам Польшчу і панства!
«Адразу ж перапраўлю данос у органы», — падумаў, зларадна цешачыся, што гэтага гордага каваля могуць добра патрэсці і што яго красуня, можа, стане больш ветлівай, а то і нават прыбяжыць прасіць помачы.
— Што гавораць пра абрабаваны ў Ніўным магазін? — перапыніў свае мары і надзеі, запытаў яшчэ ў Мішкі пра важныя для яго рэчы.
— Кажуць, яго абабралі тыя, што ў лесе…
— I пра гэта напішы. I ўвогуле час ужо навесці нас на бандыцкі след.
— Усе кажуць: ніхто не бачыў ніякіх бандытаў.
— Дык хто, па-твойму, забіў нядаўна старшыню сельсавета ў Лясным, міліцыянера каля Шашкоў? Хто магазіны чысціць? Чэрці? Я? Ці, можа, ты?
— Далібог, сам я нікога з лесу не бачыў і нічога пра іх не чуў!
— Глядзі, друг! — прыстрашыў Кураглядаў. — Утоіш што-небудзь небяспечнае — кару маю ведаеш! Туды трапіш, пра што і не сніў! — I на ўсякі выпадак яшчэ закінуў наперад сваё, патаемнае абвінавачванне: — Не да шашняў з Валяю будзе!.. Ды на мяне ўсякія брудныя плёткі распускаць! Калі хочаш раскашоўвацца тут, то адчувай, балван, дыялектыку жыцця!..
5
На хутар Амшарок паехалі на досвітку.
Ехалі на брычцы моўчкі: спераду на сваім, возніцкім, месцы сядзеў Мішка (пра «аперацыю» яму і цяпер нічо-га не сказалі), побач з ім прыляпіўся засяроджаны Навуменкаў, ззаду, на мяккім тапчане, селі Кураглядаў і Клопікаў. Усе ўтульваліся ў каўняры шынялёў: па-першае, ад ранішняй волкай зябкасці, а па-другое, ад сваёй паўваеннай місіі — як-ніяк ехалі са зброяй. Хутка сустрэча, кажуць, з гаспадарлівым і мудрым, але, па іхніх назіраннях, з вельмі нелаяльным хутаранцам. Па-перадзе шпаркага Ваські бег Дзік.
Дабіраліся амшароўскаю пагонкай; вакол, на ўзгорках і ў лагчынах, палосілася янкавінскае поле: дзе чорнае, перааранае, дзе пад папарам і затравелае, дзе пад зялёненькаю ўжо рунню. Ддным словам, аднаасобніцкае поле з гаспадарскіх акрайкаў.
«Былі палоскі — быў хлеб, пааралі межы — прапаў хлеб» — так у галодны трыццаць трэці год гаварыў той-сёй з самых заняпалых у кураглядаўскім Ветраве, і гэта, канечне, было «кулацкім фальклорам», «контррэвалюцыйнай прапагандаю». Тыя, хто адчаяўся і кляў Савец-кую ўладу, паехалі пад вартаю за свет альбо ўвогуле зніклі, «ператварыліся ў лагерны пыл», але іхнія словы, бывае, успамінаюцца. Боязна, нават не хочацца думаць, але факт: цяпер, у цяжкую часіну, вось тут, можа, якраз гэтыя палоскі ратуюць людзей ад голаду (невыпадкова ж вярхі не завіхаюцца рабіць тут калгасы): на сваім полі, поплаве, сенакосе ды ў лесе чалавек — гаспадар (сам сабе начальства, аграном, інжынер, заатэхнік і працаў-нік), як след пра ўсё дбае, а вось у калгасе — толькі раб-сіла, нямая жывёліна, дык працуе на чужое з-пад палкі. Цьфу, у думках Кураглядаў адагнаў прэч такія «перажыткі», не, якраз калектывізацыя — генеральная лінія, падмурак для светлай будучыні, шчасце для народа, дык трэба думаць толькі пра калгасы і, калі прыйдзе час, усталёўваць іх тут рашуча. Чорт пабяры, часамі не разумееш сам сябе: як ні выганяй, усё роўна ў табе, у душы, нібы жыве іншы чалавек з іншымі, чым у афіцыйнай прапаганды, у таго ж Сталіна альбо ў цябе са-мога, думкамі, і тыя патаемныя думкі, бывае, вярэдзяць розум і сэрца, збіваюць, пратэстуюць супраць хлусні, падману… Не, прэч, прэч усё тое, што, можа, і праўдзі-вае, але не супадае з «лініяй», нясе небяспеку табе! Жыццё такое, што галоўнае ў ім не тое, што ёсць ці што і як трэба, што ты думаеш, лічыш патрэбным і разум-ным, паганым і добрым, а тое, што і як вызначаецца Зверху, што, як і дзеля чаго трэба табе, «наменкла-туры», рабіць, перамагаючы ўсякія «нюні». Відаць, та-кая ўжо цяжкая доля тых, каго вылучылі кіраваць рэвалюцыйнымі зменамі, людзьмі: ламі сам сябе, гні іншых у «імя лініі, вышэйшай ідэі»! I, здаецца, чым вышэй пасада — тым болей трэба мардаваць сваю душу, вы-ціскаючы з яе ўсё асабістае, шчырае, звычайнае чалавечае, і быць жорсткім, бязлітасным з усімі, хто пад табой…
Вось, да слова, той жа зямляк (з суседняга раёна), Уладароў. Аднагодак, крыху толькі з большай адукацы-яй, закінуты пасля блакады ў іхні лес са спецгрупай. Спачатку, няўтульна адчуваючы сябе сярод партызан, незнаёмых людзей самых розных нацыянальнасцей, і не ўмеючы паводзіцца з мясцовымі насельнікамі, па-зям-ляцку цёрся паблізу яго, Кураглядава, як кажуць, елі з аднаго кацялка, але потым, калі пачаў асвойвацца, уздымацца па камандзірскай лесвіцы (камандзір узвода, роты, памочнік камісара брыгады), заадно пачаў і адда-ляцца, не падпускаць да сябе блізка. Цяпер вось тут першы сакратар райкома партыі — дык зусім далёка і высока. Калі ўзнікла ягоная, кураглядаўская, «асабістая справа», мог бы знішчыць яе альбо па-сапраўднаму заступіцца на бюро, але, асцерагаючыся, клапоцячыся найперш пра сябе і сваю пасаду, аддаў на расправу, сплавіў сюды… Калі ўспомніць пра зямляцтва, дык толькі дзеля аднаго: каб памагаў гнуць тое, пгго яму трэба. I памагаеш. Бо нідзе не дзенешся. Трэба служыць і прыслужваць. Як гаспадару — таму, хто дае чыны, заро-бак і… жыццё!