Ён яшчэ і яшчэ раз перачытваў тое, што было прыгожым почыркам напісана па-руску і па-польску, разглядаў пячаткі. Верыў і не верыў, што ўсё гэта пра яго і для яго, што гэтыя паперы насуперак усяму дазваляюць на-век пакінуць вёску, родны край і падацца хоць не ў самы далёкі, але ўсё ж няблізкі свет («Курыца — не пціца, Варшава — не заграніца», — гаварылі ў Янкавінах), да незнаёмых людзей і звіць там сабе гняздо. Як ні намагаў-ся, пакуль што не мог як след усвядоміць, што гэта такое — жытло на новым, чужым месцы, і што яго трэба рабіць якраз яму, а заадно ў душы падымалася, расла адчайная трывога: штосьці ён дзеіць не так і не тое, пакідае альбо разбурае такое, што… Нават цяжка было ўявіць, што будзе з ім, кім стане без Янкавін, без сваякоў і аднавяскоўцаў, з якімі жыў, пазнаваў свет, цярпеў процьму ўсякага ліха і нягод, з якімі становіцца на ногі цяпер. Хто і што чакае яго там, на чужыне? Удача? Шчасце? Альбо цяжкое прывыканне, сум і гібенне?
Якраз у гэтую пакутлівую для яго хвіліну пачуўся ў сенцах лёгкі тупат. Канечне, ідзе Марыся — яна ў гэтыя неспакойныя, нават узбуджаныя дні намагаецца чым болей быць поруч. Праўда, мала гаворыць, але неяк вельмі запытальна і чулліва зазірае ў вочы, сваім душэўным станам трывожачы, бунтуючы яго душу. Ён хуценька паклаў дакументы ў скрыначку, зачыніў і спешна пхнуў яе ў шафу, а сам памкнуўся з лепшага пакоя.
З Марысяй сустрэліся на кухні. Вінавата, а заадно і з пяшчотай усміхнуўся, але Марыся цяпер не адказала ўсмешкай, не загарэзавала, не прытулілася, спачатку са сполахам, адчаем зірнула ў вочы, а потым, клічучы за сабой, падалася да акна, што выходзіла на вуліцу-брукаванку.
— Едзе… — трывожна прамовіла.
Марыся дагзтуль даволі ахвотна згаджалася пакінуць Янкавіны, як у свой час лёгка пакінула сваю родную вёску, выйшла за яго замуж і перабралася сюды, але апошнія дні, калі ён прывёз з раёна дакументы, узбудзілася — нават не, разгубілася, усё, як кажуць, падала ў яе з рук. Цяпер яна першая, а ён за ёй падаліся на двор. Там яны адразу ўбачылі, як з брукаванкі збочвае да іхняга плота конь, а на калёсах, на ахапку сена, звесіўшы цераз драбіны ногі ў лапцях, сядзіць пажылы барадаты дзядзька ў кажушку і аблавушцы.
Чаканы, але цяпер страшнаваты госць памалу споўз долу, прывязаў лейцы да шула — яго гняды конь адразу нагнуўся, цягнучыся да маладога пырніку, дзьмухаўца і крапівы, што падскочылі ўжо каля абагрэтага сонцам плота. Хамут аб'ехаў на конскую галаву, агаліў трошкі прыпацелую шыю — жывёліна выпрасталася, падкінула цяжар на карак.
— Які цёмны і пануры чалавек… — прашаптала Марыся, хоць, па-першае, зусім мала ведала гэтага каржакаватага хатаўца, а падругое, той не быў асабліва чорны валасамі ці на твар, а звычайны тутэйшы. (Так пайшло спрадвеку, што ў гэтым баку жылі людзі і русявыя, вават светлавалосыя, з блакітнымі вачыма, і цемнаватыя, зялёна-рудавокія. Хтосьці казаў, што калісьці тут, па адзін і другі берагі Нёмана, аселае людское племя змяшалася з прышлым.)
— Чалавек як чалавек, — прамовіў Сцяпан, хоць у самога затрапяталася сэрца, а па руках, па нагах, здаецца, па ўсім целе пайшлі-пабеглі адмысловыя дрыжыкі.
— Ідзі, — зноў прашаптала Марыся, бачачы, як прыезджы дзядзька нібы мімаходзь, а на самай справе па-сялянску чэпка акінуў позіркам і плот з дробных пашчапаных хваін, і агародчык за ім, дзе імкнулася ў рост маладая антонаўка і дзе была ўжо ўскапаная зямля пад раннія кветкі, і хату, і ўвогуле ўсю сядзібу. — Сустракай адзін…
Сцяпан паслухаў, пакрочыў да варот. Іх было двое: праз адныя, вузкія (брамку), хадзілі самі і хадзіла жывёла, праз другія, шырокія, на дзве палавіны (браму), заязджалі ў двор з калясьмі. Госць сам цяжкавата, спакойна зайшоў у двор — стаптаны на сцежцы і парослы гусінай лапкай уздоўж, — усміхнуўся, паказваючы пракураныя, але моцныя зубы:
— Ну, здароў, пане Стэфусь.
Сцяпана, як казала маці, у свой час хацелі назваць Стэфусем, але бацька ў апошнюю хвіліну перадумаў, вазваў трошкі іначай. Многія людзі, хоць і не чулі пра тое, усё роўна блытаюць яго імя.
— Чакаў?
— Чакаў, дзядзька Адольф, — ціснучы руку ў адказ, сказаў Сцяпан. Ён ведаў гэтага пакупніка. Як і знаў тое, што ў таго цяпер у адной хаце жывуць два жанатыя сыны і іх трэба аддзяліць: аднаго пакінуць пры бацьках, а другому, мабыць, старэйшаму, памагчы паставіць свой дом ці купіць жытло ў іншай вёсцы — на зямлі аднаго ж сельсавета.
Калі яны парукаліся, а потым на нейкую хвіліну за-ціхлі, пачулі: воддаль шахкае-звініць піла.