— Абразае нехта дзерава? — па-першае, як вясковы, адразу ўсё зразумеў хатавец, а падругое, якраз з гэтай зачэпкі пачаў нялёгкую размову. А па-трэцяе, мусіць, здзівіўся: ну, янкавінцы, ну, шляхта, бач, не ставяць зрубы толькі з акораных бярвёнаў, але абразаюць, выштукоўваюць, каб усё было як след, як у лепшых, местачковых, вёсках, дзе пры дамах былі веранды, нейкія адмысловыя калоны, паддашкі з выгабляваных дошак, прыгожыя шматузорныя франтоны з акенцамі, выразаныя ліштвы на вокнах — люд дбаў не толькі пра тое, дзе жыць, але і як жыць. Тутэйшым будаўнічым, ста-лярным умельствам захапляліся і войт, і немцы, але да яго, здаецца, зусім абыякавы Кураглядаў. Ён толькі крывіцца: «Няма чаго рабіць! Трэба хутчэй усім з зямлянак перабірацца, а каторыя з жыру бесяцца!»
— Школу ставяць, — патлумачыў Сцяпан. — Хто абразае дзерава, хто рэжа дошкі і дранку. Усёй вёскай.
— Свая школа — гэта добра, — парадаваўся хатавец. — Налета ўнуку ісці ў першы клас, праз два гады — унучцы.
Канечне, для яго няблага: у свой час на месцы будзе сямігодка.
— Ну, паказвай, гаспадар, свой маёнтак, — сказаў госць-купец, пераводзячы пільны позірк на хату.
— Глядзіце.
— Паляжалае ўжо дрэва… — Цмокнуў хатавец, азіраючы бліжэйшую шэрую, з патрэсканымі бярвёнамі сцяну. — Я ж помню: твой цесць рэзаў яго яшчэ за царом.
— Паляжачае, але моцнае, — адказаў Сцяпан. — Калі па-новаму ставячы зруб, дзе-небудзь заразалі, дык, паверце, піла ад яго адскоквала. — I для пераканаўчасці бухнуў разы са два кулаком па шырокім, цвёрдым бервяне, паказваючы, якое яно смолкае і трывалае. Бервяно не ўвабрала ўдар, гук, як убірае старое, спарахнелае дрэва, а загудзела — усім сваім натуральным, здаровым нутром.
— Рамы падгніваюць, — знайшоў іншую загану хатавец.
— Зверху крыху, — паправіў Сцяпан. — Усярэдзіне як свежыя.
Купец вобмельгам, але прыдзірліва агледзеў выраза-ныя шалёўку і ліштвы і, бачачы, што тыя яшчэ дыхтоў-ныя, падаўся абыходзіць невысокую, невялікую хату — акінуў позіркам нядоўгія і нешырокія сенцы з плашак, пасля — прыбудоўку з бярвёнаў, пад якой быў склеп. За-тым падаўся азіраць дрывотню з акораных абрэзкаў, хлеў са старога, яшчэ з таго веку дрэва, гуменца з пла-шак і абрэзкаў — будавалася ўсё з таго, што, па-першае, было пад рукамі, а па-другое, каб лішне не марнаваць страявога лесу. На полі, прысеўшы і пацёршы пальцамі грудкі зямлі, той пацмокаў:.
— Не пясочак, але і нечарназём.
— Такая ж зямля, дзядзька, як і ў вас, — спакойна адказаў Сцяпан. — Зямлі не перайначыш. Якая ест, такая ест. Але добра дай гною, дай ласкі — дык і гэтая аддзячыць.
Хатавец змаўчаў. Старэйшы, ён усё добра разумеў і сам, па-гаспадарску пазіраў на палоску шэра-жаўтаватага поля, на высокую грушу-дзічку пры пагонцы, на высозную яблыню-райку яшчэ воддаль, на гуртавым узгорку, і, канечне, думаў: тут жыць можна, як і ўсюды, абы добра кеміла галава ды па-належнаму даць работу рукам. Ды, навучаны дзядамі-прадзедамі, рашыў адчайвацца, усё прыніжаць — збіваць цану.
— Ну, хадзем у хату, пане Стэфусь, — натупаўшыся і паназіраўшы, урэшце абцёр рукі ён. — Зірнем, што там у цябе за харомы.
Ідучы, моўчкі яшчэ раз абмацаў вачыма сенцы, за-зірнуў у кладоўку, у адчынены склеп, а ўжо ў хаце, затрымаўшы позірк на Марысі ў цеснаватай сукенцы, што прыгожа і вабна аздабляла стройную постаць, лагод-на ўсміхнуўся ў вусы:
— Добры дзень, пані гаспадынька! — А пачуўшы адказ, дадаў: — Красуня! На ўсе тутэйшыя вёскі! Некалі, дзяўчом, як помню, была падцыглястая, лупаценькая, а цяпер, глядзі ты, як вылюдзела!
Марыся спакойна выслухала здзіўленне і пахвалу, нават, здаецца, задзірыста падняла галаву. Хатавец моў-чкі праглынуў гэтую адмысловую жаночую дзёрзкасць, зноў засяродзіўся:
— Пакажэце, што тут і як у хаце.
Патупаўся, павагаўся на падлозе — яна не зарыпела, не прагнулася, пасля агледзеў печ, пліту, зайшоў у леп-шую хату.
— Ну, што я вам скажу, людзі, — прамовіў. — Жыць можна. Давайце цанавацца.
Яны, мужчыны, селі абапал стала, Марыся засталася стаяць каля печы.
— Якую хочаце плату? Золатам? Савецкімі рублямі? Ці тым і тым?
— Тым і тым, — прамовіў Сцяпан, маючы на ўвазе, што золата возьме з сабою ўпотай (яно спатрэбіцца ўсюды, у Польшчы таксама), а пра грошы пойдзе гутарка ў сельсавеце, калі будуць афармляць куплю-продаж.
— Але, пане Стэфусь, золата я многа не магу даць, — адразу агаварыўся хатавец. — Дзе яго ўзяць? Саветы, вайна… За хлопца свайго нямала немцу ўваліў, каб з палону выбавіць.
— Дык колькі можаце золатам даць — умяшалася ў размову Марыся, парушаючы тутэйшае няпісанае правіла: калі гутараць, рашаюць штосьці сур'ёзнае мужчыны, кабеце трэба надта не лезці, не парушаць ход мужчынскіх думак і гаворкі.