Маці выказвала праўду і праўду цяжкую, што агром-ністым цяжарам навальвалася на Сцяпана. Ён, старэй-шы сын, можа, вінаваты перад маці, перад усёй сям'ёй: збег з абозу, калі ў блакаду гналі немцы аднавяскоўцаў і маці з малодшымі дзецьмі ў Стоўбцы да чыгункі, а цяпер, не хочучы ехаць у Польшчу, дзе новыя польскія ўлады далі ім дом, гаспадарку на былой нямецкай зямлі, можа, навек бурыць іхнюю дружную сям'ю. Каб тады паехаў у Германію, можа, выратаваў бы Юзіка ад бяды (той, васемнаццацігадовы, заляцаўся да гаспадаровай дачкі, яна адказвала ўзаемнасцю, дык яе бацька скалечыў яго за гэта), а заадно, канечне, угаварыў бы шаснац-цацігадовую Анельку і чатырнаццацігадовага Антоніка не баяцца ні Сталіна, ні той страшнай Сібіры альбо кал-гасаў і не пераязджаць у Польшчу на чужое. За ўсё гэта і вінаваты, і невінаваты. Як старэйшы сын, як бацькавая падмога. Хоць каб не мітрэнга ў свеце, дык усё было б добра…
— Кажу ж, тамтутэйшыя ўжэнднікі падакляравалі, што табе дадуць асобны дом, кузню, — зноў, як і ў першыя дні вяртання ў Янкавіны, пачала спакушаць лепшым і лягчэйшым жыццём маці. — Я сама бачыла: дом той цагляны, вялікі, белай бляхаю накрыты.
— Але ж ён чужы, мамуся.
— Ведама, не свой. Але былога гаспадара выслалі да немцаў. Кажуць, навечна.
— Хто ведае: навечна ці не… — уздыхнуў Сцяпан. — Можа, прыйдзецца калі і ўцякаць адтуль. На свеце ўсё не вечнае: ні войны, ні мір, ні дамовы ўсякія. Немцы, адыходзячы адгэтуль, казалі: «Пачакайце, мы яшчэ прыйдзем сюды…»
— А што ж мне рабіць? — паскардзілася маці. — Як мне разарвацца паміж вамі? Застануся тут — душа мая сохнуць будзе: як там хворы Юзік, як там самыя малодшыя? Паеду туды — па вас сэрца балець будзе…
— Юзіка мы маглі б забраць і лячыць тут, а Анелька з Антонікам… От, зелянота, набралі сабе ў галаву: палякі, дык трэба жыць у Польшчы! Блазнюкі!
— А хіба мы, сынок, не палякі?
— Католікі, але не палякі.
— А хто ж мы? Расейцы?
— Тутэйшыя. Беларусы. I не трэба саромецца гэтага, лічыць: раз ты беларус — дык ты мужык… Мы — такія, як і ўсе людзі.
— Але мала дзе, сынок, прызнаюць такую нацыю. Ні ў Нямеччыне, ні ў Польшчы.
— Хто ж іншы будзе прызнаваць нас, калі мы самі сябе не прызнаём? Ці то саромеемся самі сябе, ці то падурному адракаемся, аддаёмся ў чужыя хіжыя рукі…
— А па-другое, Анелька, калі паглядзела свет, хоча іначай жыць. Акуратна, у чысціні.
— А што — у нас ужо зусім цёмна і брудна? — незалюбіў ён.
— Немцы жывуць лепш і чысцей, сынок. У іх і дарогі добрыя, і дамы, і ўсё нераўня нашаму. Яны — як паны.
— I ў нас жыць можна.
— Можна, — уздыхнула маці. — Але мы не скора дажывём да іхняга. Да такіх гаспадарак, да электрыкі, да машын усякіх, да такіх, выбачайце, прыбіральняў з белай пліткаю…
— А мне і тут добра.
— Бо ты лепшага не бачыў, сынок. I наўрад ці ўбачыш. Калі будуць калхозы…
— Калхозы могуць і ў Полыычы быць, мамуся, — адказаў ён. — Раз Сталін і там кіруе, то ён і там ад свайго не адступіць.
— Можа, — згадзілася маці. — Бачу: мне адной прыйдзецца туды ехаць. Ты будзеш жыць па адзін бок мяжы, мы — па другі… — Цяжка ўздыхнула. — Я дык, можа, болей не ўбачу ні вёскі, ні людзей нашых, ні вас…
Потым, калі леглі спаць, Сцяпан і Марыся доўгі час ляжалі моўчкі.
— Пакрыўдзілася на нас мамуся, — першая падала голас Марыся. Узяла яго руку, паклала сабе на жывот. — Але ж яно, праўда, мае права заявіцца на свет на роднай зямлі…
8
Праз некалькі дзён Сцяпан павёз маці ў Стоўбцы.
Конь трухаў, фыркаў, а яны абое сядзелі моўчкі: Сцяпан — спераду, спусціўшы набок, цераз драбіны, ногі ў хромавых ботах, што абуваў толькі зрэдку, старая Аршуля — збоку, угнуўшыся, самотна пазіраючы на на-вакольнае падзелянелае поле і яшчэ не абмыты як след веснавымі дажджамі цьмяны лес, на знаёмыя і малазнаёмыя вёскі — на Дзераўную, Заброддзе, Брухачы, Шаш-кі, Дудкі і іншыя, падобныя (новыя зрубы і зямлянкі, асобныя ці пад адной страхой будыніны, гародчыкі, маладыя садкі), а ў чымсьці (стрэхамі, вокнамі, паплава-мі, лужкамі ці аселіцамі, нават слупамі і частаколінамі ў платах) розныя. Яны, гэтыя вёскі, адна за адной заяў-ляліся, заставаліся ззаду — можа, для яе знікалі з вачэй ужо назаўсёды. На гэтай прыпушчанскай зямлі было нямала яе сцежак-дарожак, пратаптаных у маленстве і ў сталыя гады, і вось яна адрываецца ад усяго гэтага, і яе, як той апалы ліст, вецер ды лёс нясуць-імчаць кудысь-ці — далей і далей ад роднага дрэва.