Выбрать главу

Як і дагэтуль, рознае пачуццё кіпела і ў Сцяпанавай душы: яна раздвойвалася і ад вялікай віны, і ад сваёй праваты. Яму хацелася сказаць маці штосьці цёплае, пяшчотнае, але ён не знаходзіў самых патрэбных слоў, маўчаў, хмурнічаў і неяк несвядома пазіраў на падсох-лую, шэра-белую брукаванку з мазутнымі плямінамі ды на зялёную, з высокай старой травою ўзбочыну, дзе ляжаў ці то папяросны пачак, ці то газетны шматок альбо адчьгаеная, рыжаватая ад кансерваў бляшанка. Конь, калі бег адзін ці сустракаўся з іншым канём, быў спакой-ны, але калі чуў, а потым і бачыў каля сябе матацыкл альбо цяжкі лесавоз, падымаў вушы, кідаўся ў аглоб-лях, а перад Стоўбцамі, перад шырокай мінскабрэсцкай шашой, па якой адна за адной шнуравалі машыны, лез у нос асфальтны і дымны пах, увогуле разгубіўся і за-нерваваўся — Сцяпан мусіў аддаць лейцы маці, злезці, узяць свайго звыклага толькі да вёскі любімца за аброць і перавесці праз шашу, па якой той ішоў вельмі на-сцярожана і нязграбна.

У Стоўбцы — невялікі, але чысты гарадок з многімі брукаванымі вуліцамі, з прыгожымі драўлянымі, а там-сям і двух-трохпавярховымі цаглянымі дамамі, з больш кідкай і гусцейшай, чым у вёсках, зелянотай, што вельмі хораша зіхацела цяпер пры шчодрым сонцы, з адмысловым людам (прыезджыя сяляне ў лапцях альбо ў ботах, з торбамі за плячыма, надзьмутыя мужчыны ў палі-то і з партфелямі, вайскоўцы і, мусіць, іхнія жонкі ў шы-коўных замежных боціках, паліто і яркіх берэтах, чорны барадаты цыган, які вязе ва калёсах з гумовымі коламі гару пустых скрынь, гурцік вясёлых дзяцей з чырвонымі гальштукамі), — прыехалі пасля полудня. На круглаватай плошчы паблізу станцыі, дзе якраз ста-яў цягнік, чмыхаў і шпурляў увысь воблака белага сала-джавага дыму, Сцяпан запыніў каня, даў яму сена, а сам пайшоў браць маці білет да Брэста. Раней, да зайны, калі маці была толькі ў некалькіх суседніх вёсках, яна ні-зашто не падалася б адна нават у тое «Бжэсце» альбо «Бярэсце», але цяпер, пабыўшы на свеце, праехаўшы не раз гэтаю дарогай, ехала без звычайнага сялянскага страху. На станцыі, што адмыслова пахла хлоркай, свежай вадою і дымам, сёння не працавалі ні буфет, ні пош-та: і калідор, і зала, былі запруджаныя пастрыжанымі маладымі хлопцамі і вайскоўцамі. Каб узяць білет, Сцяпан мусіў прастаяць за афіцэрам болей як гадзіну — той браў, можа не меней за сотню квіткоў. Калі вярнуў-ся на плошчу, убачыў: маці абкружылі маладыя прыгожыя цыганкі ў доўгіх і рознакаляровых сукенках, побач з цыганкамі — іхнія напаўраспранутыя чарнамазыя дзеці.

— Дарога ваша, цётка, будзе шчаслівая, — абварож-вала круглатварая бойкая чарняўка, трымаючы матчыну руку і разглядаючы яе багатую на раўчучкі далонь. — Сын паправіцца, стане на ногі, але беражыце яго ад новай бяды… Дачка ваша хутка выйдзе замуж… Малодшы сын ваш будзе вашым апірышчам у вашай глыбокай старасці, бо жыць вы будзеце доўга.

Сцяпан строга і непрыязна агледзеў варажбітак, ас-церагаючыся, каб тыя не хапанулі чагосьці з калёс. Тая, што тлуміла галаву маці, паспеўшы за некалькі хвілін шмат пра іх уведаць, усміхнулася ласкава:

— Старэйшы ваш? — I ўжо гулліва яму: — Красівы малады мужчына! Пазалаці, красавец, руку — скажу тваю будучыню.

— Не трэба, — схмурыўся ён. — Адыдзіце. Я не веру ў вашыя казкі.

— Не будзь такі горды, красавец, — усміхалася прыгожымі вачыма і, здаецца, зазірала ў душу маладая гаваркая варажбітка. — Гардыня, бывае, губіць чалавека.

— Добра-добра, — адмахнуўся ён, як і ўсе янкавінскія мужчыны маючы насцярогу да гэтых хітрых людзей.

— Заплаці, сынок, няхай пагадае, — папрасіла маці. — Мне лягчэй будзе, калі ўсё і пра цябе знацьму.

— Яна табе такога нагаворыць! Толькі слухай, — пасміхнуўся.

— Горды! — матлянула галавой варажбітка. Прыплюшчыла вочкі, зірнула без крыўды, без пагарды, а, здаецца, спачувальна. — Перасцерагу, красавец: беражыся! Хутка, нават вельмі хутка цябе чакае вялікая неспадзяванасць… Па вачах тваіх бачу…

— Добра-добра, — зноў адмахнуўся ён. — Ідзіце сваёй дарогай, а я з сабой разбяруся сам.

— Дарэмна ты адагнаў іх, — падакарала маці, калі шумны цыганскі гурт адышоў і прычапіўся да іншых прыезджых людзей. — Чуў: нешта неспадзяванае чакае цябе?!

— А вы верыце ёй?

— Веру. Яны многа ведаюць, умеюць гадаць, што і калі будзе ў свеце, з кожным чалавекам. Яны і вайну прадбачылі, і блакаду, і наш вываз у Нямеччыну…

— Казкі і байкі.

— Не казкі і не байкі, сынок, — прамовіла маці, а потым сумнавата ўсміхнулася: — А ты, калі сярдуеш, нябожчык-бацька. I вочы такія, і ніжняя губа гэтак падрыгвае… I гутарка гэтакая самая…

Ён змаўчаў, адчуваючы, як спачатку балюча сцісну-лася, а потым затухкала сэрца. Бацька памёр у першы месяц вайны. Забалеў зуб, а ад нарыву сапсавалася кроў. Быў бы дзе паблізу які ўрач — канечне, выратаваў бы ад такой простай хваробы. На лета было б яму яшчэ ўсяго пяцьдзесят гадоў.