Выбрать главу

Наўмысна не сказаў, што госць — ягоны аднавяско-вец. Не варта, па-першае, каб ведалі, што гэты нехлямяжы чалавек — зямляк, а па-другое, пачнуць яшчэ пра тое, што не трэба, распытваць у таго.

Франя, толькі кіўнуўшы госцю, ведаючы, што нельга абы-куды ўсоўваць язык, моўчкі і ўвішна дастала з печы чыгунок, вялікай драўлянай лыжкай начэрпала з яго ў гліняныя місы духмяных буракоў з капустай, костачак з мясам, потым абгарнула чыгунок анучкай, ашчаперыла яго далонямі і наліла ў місы тлустага шчолаку. Затым дастала з печы яшчэ адзін чыгунок і ў іншыя гліняныя міскі наклала з яго тушанай бульбы з салам. Кураглядаў быў спакойны, стрымана мыў у парозе над мядніцай рукі, а Сяргееў, як бачыў, не зводзіў з місак зачаравана-га позірку, раз за разам каўтаў сліну. А калі ён паклікаў яго таксама памыць рукі, то той, здаецца, дрыжэў ад хвалявання і прагі.

Калі Франя запытальна зірнула на яго, што яшчэ трэба, Кураглядаў загадаў:

— Дастань з пограба каля двух мяхоў бульбы, два кашы бручкі, буракоў, морквы. Насып во ў гэтую торбу і яшчэ ў адзін, мой, мех. Потым можаш ісці дадому. Я сам прыбяру са стала.

— Добра, — прамовіла тая і падалася з хаты.

— Канспірацыя! — падняў палец угору Кураглядаў, усміхаючыся Сяргееву. — Ты — мясцовы, з нашага раённага горада. Ясна?

Той не зважаў на яго перасцярогу, як кажуць, ужо еў вачыма тое, што было на стале. Кураглядаў схадзіў у залу і прынёс адтуль падараваную ўчора хатаўскім чалавекам паўтарачку гарэлкі, дзве чаркі. Вырваў зубамі корак, наліў празрыстага пітва.

Сеўшы, Сяргееў пазіраў са здзіўленнем і на гэтыя чаркі:

— Як у Еўропе!

— Тут, Іванавіч, калі п'юць, дык не з рыла і нават не са шклянак альбо кубкаў, — пасміхнуўся Кураглядаў. — А вось з такіх панскіх кілішкаў.

— Дык і ты барын ужо! — паліслівіў Сяргееў, ужо не могучы справіцца са слінай. — Каб не быў у Германіі, дык і не ведаў бы, як браць гэтыя чаркі, нажы і відэльцы!

— Ну давай, Іванавіч, вып'ем па-зямляцку за тое, што жывыя ў ліхалецце засталіся, што сустрэліся як сябры.

Сяргееў дрыготкай рукою нязграбна — не пальцамі, а ўсёй далонню — узяў чарку на доўгай ножцы з пятаком на канцы, дакрануўся да яго чаркі і кульнуў з яе ўсё сабе ў рот. Неўзабаве акуратна ставіў кілішак на стол, але вочы яго вырачыліся, а рот разявіўся. Толькі калі заню-хаў хлебам, выдыхнуў з піяцкім задавальненнем:

— Спірт!

— Не, Іванавіч, — усцешана ўсміхнуўся Кураглядаў. — Мясцовая паравая, перагнаная гарэлка.

Сяргееў толькі хітнуў галавой (не гарэлка, а агонь!) і накінуўся на капусту. Апякаў рот, зяхаў, але сёрбаў лыжка за лыжкай.

Пазней, калі кульнуў яшчэ некалькі чарак, спатоліў голад, не столькі ўдзячна, як няшчыра палез лашчыцца:

— Ну, Афонька! Барын! Яй-богу, барын! З панскіх чарак п'еш, шчы жырныя, картошку з салам колькі хочаш наварачваеш! Вунь якія кавалкі сабаку кідаеш! Пакаёўку, як зразумеў, трымаеш!

— Што — мы не маем права тут кіраваць, добра пажыць? — акрыліўся падпіты, але яшчэ з ясным розумам Кураглядаў. — Мы ж вызвалілі іх ад буржуазіі, нясём ім святло, новае жыццё! Мы пралівалі сваю кроў!

Ён асабліва зычна вымаўляў гэтае «мы»: з аднаго боку, сюды, да гэтага «мы», прымешваўся і Сяргееў, але, з другога боку, не, да гэтых «мы» адносіліся найперш ён, Кураглядаў, і іншыя, вышэйшыя, са становішчам лю-дзі, да якіх Сяргееву, зразумела, было далёка.

— Барын! — цягнуў адно і тое ж Сяргееў. Лічы, на вачах касеў, дык палезла-паперла з яго ўсё тое, што дагэтуль стрымліваў. — А мы там — галота і цямнота. Ядзім тое, што ядуць свінні. I я з сям'ёй, і твая Маруська.

— Пацярпіце — хутка палягчэе.

— Калі? Каму? — лыпаў бялёсымі вейкамі, тыцкаўся яму ў плячук Сяргееў. — Што ні кажы, нас пакінула без хлеба не толькі вайна. Найперш нас агалілі ўлада, калгасы, Афонька… Глядзі: тут не было гэтай напасці, людзі ўсё страцілі ў вайну, будуюцца, а ўжо з хлебам! Бо тут кожны сам сабе гаспадар, робіць для сябе, а не для чорта лысага альбо для нейкай ненажэрнай прорвы.

— Не многа тут таго хлеба.

— Колькі ні ёсць, але ёсць. А ў нас няма зусім, — ап'янелы Сяргееў надзіва ўчэшііваўся за самае балючае. — У нас… Вось летась амаль усё калгаснае зерне забралі ў раён, у Дзёгцеў. Згрувасцілі ў адну кучу пад адкрытым небам, а тут — дождж… Усё ляснула. Калгасы, далібог, калгасы давялі нас да торбы. Ленін даваў нам некалі зямлю, а Сталін яе забраў. А што значыць селянін без сваёй зямлі? Што значыць дзяржава без сапраўдных гаспадароў? Я ж быў у Еўропе, бачьгў… — Хто-хто, а ты, Іванавіч, не вельмі цягнуўся да зямлі.