Выбрать главу

— Дуб!

— Але зялёны!

— Я, Лукіч, пра тое, што сям'я ваша была вялізная, а хата, гаспадарка былі зусім малыя, нікчэмныя. Жылі разам дзед і баба, твой бацька і маці, яшчэ два жанатыя бацькавы браты. Колькі ж вас, малечы, было ў тваіх бацькоў?

— Дзевяцёра.

— Дзевяцёра. А ўсіх вас, мусіць, было не меней дваццаці пяці. Як цяпер бачу, спалі ўсюды: на печы, на палках, на куфрах, на падлозе. Як палягуць усе, не прайсці. Начадзяць за ноч — раніцай, выбачай, Лукіч, можа, не зусім цэнзурна, не дыхнуць, галаву ў бакі водзіць. Елі па чарзе. Спачатку дзед з сынамі, потым — баба і дзеці, пасля іх — нявесткі. Так, Лукіч?

— Так, Іванавіч.

— Душыліся ў цеснаце, бо не было як дзяліцца. Жылі перабіваючыся з хлеба на квас. Як твой дзед гаварыў: «Стужа да нужа — нет іх хужа; холад ды голад — не легча таго». Помніш?

— Помню.

— Грызні, боек, канечне, хапала, — гаварыў захоплены ўспамінамі Сяргееў. — Не толькі мужчыны, але і бабы, бывала, адна на адну з кулакамі, з чапёламі кідаліся. I не толькі вы адны так жылі, але і мы, і іншыя. I ваабшчэ… Ні радыё, ні кіно не бачылі. Самае вялікае — выпіўкі па вялікіх святах альбо царква. Але аптымізм наш быў высокі, Лукіч. Якраз мы заўсёды былі класава свядомыя, першыя ў калгас пайшлі, па багацеях ударылі…

— Не толькі ўдарылі — разам з упаўнаважаным Бяздомным выкарчавалі іх пад корань!

— Мы, Сяргеевы, любілі прыходзіць да вас. Любілі паслухаць твайго дзеда Хвядота, верхаводу на нашай вуліцы. Помніш, ён вельмі любіў баяць, як служыў у царскай арміі, калі і з кім з «высшего обвцества» знаўся, піў гарэлку.

Кураглядаў напружыўся — і нібы пачуў тагачасны дзедаў голас:

«Помню, сядзім мы, рускія маракі, у Севастопалі ў шынку з французскімі маракамі. Ясна, на стале — мора пітва (гарэлка, каньяк, ром, лікёр, чаго вы, цемра ветраўская, ніколі ў вочы не бачылі) і горы закусі… П'ём, перамаўляемся на мігі: хто каго перап'е! Карацей, рана-позна ўсе пападалі мордамі на стол, трымаемся толькі французскі капітан і я… Куляем фужэрамі: ён — фужэр і я фужэр, я — фужэр і ён — таксама… Словам, так я падагнаў мусьё, што ён не толькі паў, але згарэў ад гарэлкі… Я ж за яго душу яшчэ наверх адзін фужэр смалянуў…»

Альбо:

«Помню, сядзім мы ў шынку разам з графам Львом Мікалаевічам Талстым, п'ём, гаворым пра вайну ў Крыме…»

— Брахаў шмат твой дзед, Лукіч, — перапыніў яго міжвольныя ўспаміны Сяргееў. — Але брахаў, халера, прыгожа!

— Гаварыў, што, напіўшыся, з чортам размаўляў… — сказаў Кураглядаў.

— Паверу, бо і я з чортам абдымаўся… Тады, калі старшынёй калгасабыў… Але, Лукіч, ёсць і паганыя нашы землякі. Вось Лыкавы, з якімі ты парадніўся. Цёмныя, панурыя, злыя і, скажу табе чэсна, нібы пустым пыльным мяшком сцебанутыя. Вось цешча твая, Фёкла. Дурніца, любіла ўспамінаць, як яна адзін раз была ў горадзе, начавала ў сяброўкі па дзяцінстве. Легла яна на печы. Сяброўка, падслепаватая жанчына, кажа ёй: «Фёклачка, чаго ж легла абутая? Разувайся, у хаце цёпла». — «Ды я, мілачка разутая». — «Дык жа, Фёклачка, чуні на табе». — «Ды не, мілачка, то мае ногі такія». — «О, божа! Хіба ж можна так загужавець!» Фёкла расказвала з гонарам пра сябе і асуджала сяброўку-чысцёху. А цесць твой… Як малы быў, злавіў ката, падвесіў яго да дрэва і падпаліў. Кот дзіка заенчыў, ірвануўся і, увесь у агні, шуснуў пад страху гумна, дзе было сена на зіму. А, абы з кім ты звязаўся, Лукіч!

Кураглядаву спадабаліся гэтыя справядлівыя словы, але ён абачліва змаўчаў, параіў толькі яшчэ выпіць. Ка-лі ён прынёс яшчэ адну пляшку, Сяргееў усцешыўся:

— I куплёную маеш! — Маю, Іванавіч. Вып'ем за наша шчаслівае жыццё! Выпілі, спрабуючы падчапіць відэльцамі астылыя скрылікі бульбы.

— I мне, Лукіч, усё жыццё не шанцавала на баб, — паспачуваў Сяргееў. — Ужо жанаты, мужчына, павёз я аднойчы ў горад прадаваць парасяты. Прадаю патроху. Апошнюю свіначку купіла маладая дамачка. «Гаспадар, — кажа мне вельмі ж ласкава, апускаючы вочкі, — будзь добры, падвязі парася да майго дома». — «А што будзе?» — скалю зубы, як і кожны заскаліў бы. Баба, брат, дык баба: твар як пісаны, гладкая, спераду і ззаду ўсяго многа! «Пляшку, жаркое пастаўлю». Жаркое — дык жаркое. Спакусіўся, павёз тое парася. Занёс яго ў хлеўчык, зайшоў у дом. Яна — праўда, ставіць на стол пляшку, дастае з печы патэльню. Але толькі наліла чаркі, толькі я яе за мяккае месца ўшчыкнуў, як выходзяць з суседняга пакоя тры дурылы. Карацей, прыставілі да майго горла нож і абчысцілі мае кішэні. Я, ясна, маўчаў, але, чорт ведае як і ад каго, пра гэта ўведалі ў вёсцы. Колькі пазубаскалілі, колькі мая Анютка мызу мне драла, чыркала тупой пілою! I на вайне… Многія гулялі з медсёстрамі, прачкамі — хоць бы што, сыходзіла з рук, я адну з авіяпалка толькі пагладзіў — ледзь не запёрлі ў штрафную роту… Жыў ці не жыў, бачыў што добрае ці не бачыў — не ведаю… Не ўтрымаўся я ў сядле яшчэ тады, у трыццатыя, зляцеў на скаку. I тое, што ваяваў, фашызм дабіваў у логаве і Еўропу вызваляў, не спрыяе. Быў цёмны мужык і ёсць мужык, не ўцёк ад чорнай сялянскай працы, ад знаёмых нястач. Ты вось, Лукіч, спрытнейшы! Фраер! Не — нават прыдурак!