Выбрать главу

— Я, Іванавіч, лепш улавіў дыялектыку жыцця! — адказаў Кураглядаў. — Помніш, новая ўлада нам дала зямлю? На, бяры — працуй, багацей. Тады наша вялікая сям'ішча падзялілася, мой бацька і яго браты пачалі жыць асобна. Старэйшы дзядзька, Яўграф, зашчыраваў, як кажуць, хутка аперыўся, куркулём стаў, дык яго пазней сход беднаты пастанавіў раскулачыць і выслаць з Ветрава.

— Сход «беднаты», «пралетарыяў»! — хмыкнуў Сяргееў. — Гэта так нам, дурням, тады ў галаву ўбілі! Па-сённяшняму — сход усіх няўдаліц, гультаёў і зайздроснікаў на чужое дабро! Яны пастанаўлялі «абашчэствляць» не толькі «арудзія труда», быдла, але і кажухі, валёнкі, маслабойкі, самавары, радыё — усё, чаго самі не мелі!

— Ну ты! Фармуліруй як след!

— Скажы чэсна, Лукіч: не з-за зайздрасці ты асабіста нават Яўграфа, дзядзьку, трыбушыў?!

— Не! Найперш з-за класавай свядомасці. Кажу ж, я змоладу адчуў дыялектыку… — «ідэйна» апраўдаўся Кураглядаў. У яго было ўжо за правіла: чым болей выпіваў і чым болей мог абы-што мянціць дурны язык, тым болей ён змушаў сябе прамаўляць толькі бальшавіцкімі лозунгамі. Гэта берагло і беражэ яго ад небяспечных даносаў. — Я свядома памагаў дзядзьку выкарчоўваць. Як кулака. Як варожы сацыялізму элемент.

— Які ён кулак?

— Кулак! Уласніцкае, а гэта значыць буржуазнае нутро ў яго было, кулацкая філасофія і псіхалогія, нянавісць да калгасаў і ўвогуле да нашага ладу.

— Не, Лукіч. Гаспадар быў Яўграф! Дбайны і талковы!

— А я кажу: кулак! Ён майго бацьку-бедняка не любіў, прылюдна класава абражаў: абібок, табе нельга даваць зямлю! Ты толькі марнуеш яеі Калі хочаш хлеб круглы год есці, аддай зямлю мне і ідзі да мяне ў парабкі!

— Хіба гэта не праўда, Лукіч? Яўграф накарміў бы і сябе, і вас, і яшчэ шмат прадаваў бы!

— Бацька мой не меў уласніцкай прагнасці, не нёс патэнцыяльнай пагрозы сацыялізму і камунізму. I нас да яе, прагнасці, не вучыў.

— Помню, — пахітаў галавой Сяргееў. — Ты змалку ўхіляўся ад чорнай работы, але спрабаваў уварваць лепшы кавалак. Змоладу цягнуўся да піянераў і камсамольцаў, тачыў зубы на чужое дабро, лез на сходах языкачосіць. Спачатку з цябе пасміхоўваліся: як казаў твой дзед, мальчьппка, жаўтароцік, а пасля баяцца пачалі. Убачылі: ты і бацьку роднага ўтопіш у лыжцы вады, абы карысць сабе мець.

— Я рана паказаў усім: я — не жаўтароцік, не олух, я — барацьбіт за новы лад, я — сіла, звязаная з вялікай вышэйшай сілай! — заківаў пальцам Кураглядаў. — Мяне, Іванавіч, Бяздомны, наш камсамольскі важак, што прыехаў з горада, агледзеў і настроіў на патрэбны лад. Якраз па яго падказцы я і на дзядзьку Яўграфа напаў, засведчыў сваю свядомасць і адданасць, і табе, старэй-шаму, памагаў калгас у Ветраве ўсталёўваць.

— Памагаў, Лукіч. Сярдзітыя мы з табой былі на кулакоў і на іхняе дабро. Помніш, колькі іхніх кажухоў, валёнак, коўдраў сабе забралі, а то прапілі? А мёду, зерня? Аднойчы ты нават ледзь не згарэў ад гарэлкі.

— Малады зусім быў, не загартаваны.

— А я…

— Не крыўдзься, Іванавіч, але ты не ўмеў мысліць дыялектычна, — перапыніў яго Кураглядаў. — Ты не народжаны для наменклатуры. Ты то задумваўся, то перажываў, калі мусіў рабіць не тое. Ведаючы, што нічога не зменіш, што цябе многія асуджаюць, ты заліваў душу гарэлкай, падаў, як кажуць, з трыбуны і цвёрда не вёў лінію. Піць — пі, але… Прачынайся, пакутуй ад учарашняга, ачухвайся і гні-гні лінію далей! Цісні, даві ўсіх незадаволеных і няўгодных! Калі трэба, то — і свайго дзядзьку ды бацьку! Вось тады ты — кіраўнік!

— Спачатку і я, Лукіч, не шкадаваў нікога і нічога, рабіў усё, што загадвалі, — захліпаў Сяргееў. — Але я ці то адумаўся, ці то паў духам, калі мяне пасадзілі. За тое, што быў занадта паслухмяны, што мая башка «закружылася ад поспехаў». За тое, што не сябе, а мяне зрабілі дурнем, ворагам у вачах сваіх людзей! Хіба за гэта яны не змеі? Не паганцы? Не прахвосты?

— Але ж цябе хутка выпусцілі.

— Зміласцівіліся. Але ў душу наплявалі. Нават больш — мяне зламалі. Свае ж, «дарагія і родныя». Спажылі і з агідаю адкінулі!

— Ерунда! Каб ты лепш зразумеў лінію, дыялектыку, служыў верна і далей, ты зноў бы падняўся. Ты ж, кажу, запіў. Па-чорнаму, дзіка, да адключкі.