Выбрать главу

— А чым іншым, скажы ты мне, разумны, наш чалавек можа заліць боль змучанай душы?

— I я, Іванавіч, не святы, як ты кажаш, часамі заліваю гарэлкай свае пакуты, але ад лініі не адстаю, не збочваю, устойваю на нагах на ўсіх паваротах.

— Я — нягоднік, а ты — гад, вырадак! Падліза! Падбрэхіч! Сучка! Каб не такія сволачы, як ты…

— А ты — асёл! Баран! Абэлтух! — Кураглядаў схапіў земляка за грудзіну, але той ужо не збаяўся яго гневу: быў амаль непрытомны, толькі боўтаў галавой ды час ад часу лыпаў вейкамі, гадаючы, дзе ён і з кім. Бачачы гэта, Кураглядаў павалок таго ад стала ў суседні пакой, але апусціў не на ложак, а на ходнік каля яго; ведаў, што п'яны госць можа набурыць у пасцель.

Сяргееў яшчэ штосьці адчуваў, мармытаў, спрабаваў брыкацца нагамі, але ні з сабой, ні з ім саўладаць ужо не мог.

Кураглядаў жа накіраваўся зноў да стала. Ён мог і ха-цеў кульнуць яшчэ чарку-другую. Але толькі ўзяўся за пляшку, як застукалі з цёмнага двара ў шыбіну.

Хітнуўся за акно, намацаў у кішэні наган:

— Хто?

— Мы, Лукіч. Друззя. Клопікаў і Навуменкаў.

— Што вы хочаце?

— Хочам зайсці да вас, Лукіч. Пагаварыць, — адказаў Клопікаў.

— Мяне няма дома.

— А хто ж гаворыць?

— Дамавы.

— Лукіч! Пусці!

— Прэч!

— Ну й сволач жа ты, Лукіч! Без нас п'еш!

— Што?!! — зароў ён, адчуваючы, што тыя дагэтуль стаялі каля акна і падцікоўвалі. — Заб'ю!

Кінуўся ў сенцы. Але калі выскачыў на ганак, то ка-лег і падначаленых не ўбачыў. Чуў: тупаюць ужо за домам. Прыстрашыў наўздагон:

— Я— вам! Самі вы — сволачы!

Пастаяў, хістаючыся, каля плота, адчуваючы і сваю ўладу, і сваю крыўду на п'яных Сяргеева і Клопікава, што абразілі яго, начальніка. Штосьці пад'юшчвала дастаць наган, стрэліць у паветра, паклікаць варту, усю вёс-ку, сабраць людзей і сказаць ім вельмі важную прамову, каб яны, няўдзячныя, ведалі, як трэба жыць далей, як паважаць уладу і яго. Ён дастаў наган, сціснуў рукаятку, але ў апошнюю хвіліну стрымаўся і не стрэліў.

«Не зразумеюць жа нічога, чэрці… — Пашкадаваў сябе. — Ладна, шляхта, спіце, сапіце ў дзве дзіркі — нідзе не дзенецеся. Я яшчэ скажу вам сваё слова…»

Схаваў наган, задраў галаву ўверх і зірнуў у начное цёмнае, не то нізкае, не то бяздоннае неба. Нічога, апроч акіяна цемры, не ўбачыў, толькі чуў, як ад узбуджанай крыві шуміць у галаве. Нечакана нават для сябе — ці то ад журботы, ці то чорт ведае ад чаго — працяжна і надрыўна завыў па-воўчаму, даючы ход з душы ўсяму свайму патаемнаму і змрочнаму…

11

Сяргееў паехаў ад яго праз некалькі дзён. Лепш сказаць — толькі праз двое сутак удалося, лічы, выпхнуць яго з хаты.

Кураглядаў пачаставаў яго да адвалу, падарыў торбу і мяшок дабра, даў падводу, каб ён усё сваё сабранае завёз у Стоўбцы, напісаў для жонкі пару слоў і папрасіў Сяргеева лішне не балбатаць пра яго, але адчуваў: калі той вып'е, не толькі ўсё раскажа, што тут бачыў і чуў, але і яшчэ абы-чаго напрыдумляе: кожны падарожны любіць з фантазіяй расказваць пра свае прыгоды. Гэтая пагроза, а таксама і тое, што яму нядаўна, на днях, нагрубіяніў п'яны Клопікаў, псавала настрой, і Кура-глядаў быў апошні час змрочны і злы. Хмурыўся на гаротную Валю, піхаў-біў, як ката, няўдалага Мішку, не дапускаў на вочы Клопікава, хоць той лез пішчом, ліслі-віў, аж непрыемна было. Ён адчуваў: трэба нейкі час, мо-жа, нават і некалькі дзён, альбо варта добра «забутыліць», каб «прайшла бура», каб ён супакоіўся і зноў стаў лагодны. Да новай добрай выпіўкі і да непрыемнага апахмелку. Адпаведна, сельсавет, Янкавіны ў гэтыя дні былі напружаныя, пацішаныя і чакалі самых розных нечаканасцей ад яго раз'юшанага гневу.

Як вясновыя праменні падточваюць вадой снег, так і яго дрэнны настрой скрануў, змусіў палепшыць тэле-фонны званок старшыні суседняга сельсавета, былога саслужыўцы, гаваркога і вясёлага Курлова.

— Кіруеш, дзядзька Апанас? — павітаўшыся, жартам запытаў той.

— Ды, разумееш, шмат усякай драбязы… — паскардзіўся ён, хоць у гэтую хвіліну сядзеў за сваім сталом і не ведаў, што рабіць, нудзіўся ад суму. Хоць бы якую паперку прынесла Валя, хоць бы зазірнуў Мішка, каб за штосьці накрычаць на яго.

— Работа — не воўк, у лес не збяжыць. Ды яе ўсю не пераробіш. Так?

— Можа, і так, — згадзіўся, мякчэючы душой.

— Дык што, дзядзька? — таямніча, але са знаёмымі ноткамі ў голасе запытаў Курлоў. — Можа, развеемся?

— Ёсць дзе?

— Ёсць.

— Вартае ўвагі?

— Вартае.

— І…

— I — «і»… — наперад знаючы, пра што ён хоча запытаць, адказаў той. — У нас усё павінна быць і «і»… Так што чакаем у вызначаны час на вызначаным месцы…