Сёння неяк выпадкова (а можа, і не само па сабе, а з-за абуджанай землякоммяшочнікам памяці) усплылі ўспаміны пра свае маладыя гады…
1. У РАЁНЕ
«…У свой райцэнтр я трапіў даволі позна, недзе на ва-семнаццатым годзе жыцця.
Наш Дзёгцеў, як па-цяперашняму, быў зусім малы. Плопгча з трыма магазінамі, рынак, пошта, аптэка, бальніца, клуб, пару майстэрняў, забягалаўка і, можа, які дзесятак вуліц. Па іх ездзілі амаль толькі на калёсах ці санях, бо з тэхнікі было толькі два грузавікі і адзін легкавік.
Аднак тады, у маладосці, Дзёгцеў ашаламіў. Брат ты мой, колькі высокіх (на два паверхі!) дамоў, колькі вуліц, колькі добра апранутых людзей, што гавораць ужо неяк іначай — мудрагеліста і культурна.
Напужаў мяне цягнік. Пад'ехалі з бацькам да чыгункі — перад самым носам перагарадзіла нам дарогу паласатая жардзіна — шлагбаум па-навуковаму.
«Пачакайце, — сказала тоўстая кабеціна з жоўтым мурзатым сцяжком у руцэ. — Няхай цягнік пройдзе».
Я чуў, што ёсць на свеце паравоз, вагоны, але цяпер захваляваўся: што гэта за дзіва такое? Злез з калёс, падышоў, стаў каля паласатай жардзіны. Нічога не відно, чуваць толькі далёкі свіст, гул ды пачынае стагнаць пад нагамі зямля. Але праз хвіліну-другую шпарыць змей. Дым — снопам, сам — чорны, страшны, колаў ды колаў пад ім! Конь наш — на дыбы, ледзь калёсы не перакуліў. Ды што жывёла дурная! У мяне, чалавека новай эпохі, камсамольца, сэрца гойснула ў пяткі. Хітнуўся за бацьку, стаў, закалаціўся, ляскат, грук, вялізныя скрынкі (вагоны) з лесам, з пяском, з каменнем адна за адной ляцяць, вецер свішча, вось-вось з ног саб'е, а то гэтае жалезнае страшыдла абернецца, на блін сплюшчыць.
Карацей, шмат чаго новага пазнаў у горадзе, пры-ехаўшы туды вучыцца на шафёра. Там першы раз машыну, электрычнасць, аэраплан, кіно ўбачыў, па тэлефоне пазваніў (дужа ж у вуху казытала і незвычайным здаваўся чужы голас), марожанае з'еў, піва выпіў. Там мяне і абразілі балюча — як «дзеравеншчыну». Пазней бачыў вялікія гарады, вось тут, у тутэйшым гарадку, жыў і меў добрую пасаду, але да горада і да гарадскіх не прывык. Ці, лепш сказаць, ласкі не маю. Нават недалюбліваю іх. За іхнюю фанабэрыю, насмешку з вясковых людзей, хоць у горадзе, можа, болей, чым у вёсцы, усякага глупства, шантрапы: тут, у горадзе, звыш меры спецаў чужы чамаданчык сцібрыць, руку ў тваю кішэню засунуць, а то і без дай прычыны табе па карку засма-ліць, а таксама звыш меры ўсякіх лайдакоў, цёмных і падазроных людзей, правакатараў і змоўшчыкаў.
Калі з бацькам пабылі ў школе, дзе мяне запісалі на шафёрскія курсы (пазней я ў анкеце, дзе была графа «адукацыя», пазначаў «ІПК» — шафёрскія курсы, каб было і значна, і выпуклівала пралетарскасць майго наву-чання), заехалі на дзёгцеўскі рынак. Бацька хацеў цві-коў, мыла, шкла да лямпы, селядцоў купіць. Купілі. Захацелася мне ў туалет. Запытаў, дзе ён. Паказалі. Пады-шоў да аблезлай і засмечанай будыніны. Перад уваходам стаяць тры маладыя здаравілы. Кураць, гамоняць, слінай цыркаюць. Адзін з іх, нізкі і рабаціністы, перагароджвае мне нагой шлях:
«Куды? У брудных чаравіках?»
«Сюды».
«Ну, дзярэўня! — засмяяўся той. — Прывыклі, дзе хочаш і ў чым хочаш, хадзіць. Тут — горад, чысціня, парадак. Тут, дзярэўня, нават у туалет трэба не ў брудным абутку, а вось у чыстых тапках ісці, — паказаў вачыма на дол, дзе стаялі абрэзаныя, без халявак, дзіравыя паўботы. — Выйдзеш — зноў абувай сваё і чашы на здароўе».
Паверыў я, скінуў новыя чаравікі, усунуў ногі ў тыя нікчэмныя «тапачкі» і пашлэпаў. Вярнуўся — ні тых дзецюкоў, ні маіх чаравікаў. Бацька, прылюдна надаваўшы па карку, мусіў свае лапці аддаць, паехаў дадому босы.
Потым, калі ўжо вучыўся на шафёра, абабіўся трохі, знайшоў тых ашуканцаў. Чаравікаў яны, канечне, не аддалі, паскалілі толькі зубы: так табе, лапуху, і трэба. Затаіў на іх злосць: ну, прахвосты, пачакайце, быць не мо-жа, каб я вас не нагрэў! У нас, у Ветраве, такі закон: у цябе раз укралі — ты тры разы таго абяры, табе раз па мызе смальнулі — ты таму ранапозна растаўчы нюхаўку! Доўга выношваў-выкалыхваў я сваю помсту і наду-маўся, як яе спраўдзіць. Пазычыў аднойчы ў нашага гас-падарніка спісаны халат, у кожнага калегікурсанта па некалькі рублёў і, сабраўшы ладную суму, падаўся на рынак. Убачыў тых траіх. Пачаў назіраць за імі: стаяць каля туалета, разуваюць вясковых даверлівых цельпукоў, збываюць з-пад крыса ўкрадзеныя шапкі ды хусткі. Падышоў.