Пад полудзень, калі прабілася праз вясновую шэрань і праясніла, падняло неба сонца, калі ўволю, усмак напрацаваліся, Сцяпан і дзядзька прыселі на тоўсты сасновы камель паблізу агню, выцерлі пот з лоба і ўзяліся за хлеб ды сала. Якраз у гэты час пачаў набліжацца сюды цяжкі гул-стогн, а неўзабаве на блізкай дарозе паказаліся шэрая кабіна, дзе сядзеў малады мужчына ў ваенным выцвілым бушлаце без пагонаў, у заліхвацкай насуну-тай на вочы кепцы, за кабінай і над ёй — тоўстыя хвоі з няроўна зрэзанымі камлямі. Мужчыны пільна назіралі, як паўзла расцягнутая машына, завальваючыся на выбо-інах, слухалі, як нібы трашчыць, стогне дрэва, а потым доўга праводзілі вачыма чырвоную анучку на самай вытырклай верхавіне.
— Калі і мы, і яны, — кіўнуў дзядзька Францішак на лесавоз, — гэтак будзем пляжыць пушчу і далей, дык хутка злысім яе… I рускі пан да Свабоды, і польскі да трыццаць дзевятага гэтак не нішчыў…
Не змаўляючыся, нібы хто занёс над імі меч, абодва пахапліва азірнуліся: пакуль гула машына, лічы, да са-мага вогнішча нячутна падышоў чалавек. Кураглядаў. I не адзін, а са сваім рослым, нямецкай пароды, сабакам — з ім, здаецца, не разлучаецца ні на хвіліну. Ён у яго быццам за целаахоўніка.
Кураглядаў — сярэдняга росту, гадоў на пяць старэй-шы за Сцяпана, круглатвары, з маленькімі бясколернымі, але пранізлівымі вачыма, у выцертых афіцэрскіх галіфэ, шынялі без пагонаў і ў фуражцы без кукарды — падслухоўваў. Не збянтэжыўся, што яго заўважылі ў гэткай позе, напаў:
— Что — жалко? Даже чужого?
Як і заўсёды, з адной манерай — ці крычыць, ці яхід-нічае. Падае сябе за вялікага начальніка. Строгага, гроз-нага, на кім трымаецца не толькі тутэйшая ўлада, але і ўвесь свет.
Дзядзька Францішак вельмі не злякаўся, але абачлі-ва змаўчаў. Кураглядаў падышоў, паставіў нагу на дрэва, здаецца, любуючыся бліскучым хромавым ботам і сінім, з чырвоным кантам галіфэ. Ззаду натапырыўся кабур — трэба ці не трэба, але Кураглядаў заўсёды са зброяй.
— Вот куркулістыя душы! — хмыкнуў той. — Вот моцны ўласніцкі інстынкт!
Яны зноў не адказалі, а Кураглядаў не адыходзіў, ушчуваў:
— Што — школа не трэба? Для вашых жа дзяцей і ўнукаў! Га, дзед?
— Трэба, — падаў голас дзядзька.
— Мінск, рэспубліку, краіну адбудоўваць не трэба?
— Трэба.
— Дык чаго ныеш? — хоць у Янкавінах усе называлі старэйшых толькі на «вы», але Кураглядаў усім «тыкаў». — Супраць аднаўлення, пад'ёму і росквіту савецкай дзяржавы?
— Я не супраць гэтага, — адказаў дзядзька, стараючыся «не блытацца ў палітыку». — Мне лесушкода. Во гэтаму дзераву, — паляпаў далоняй па хваіне, — трэба болей ста гадоў расці, лічы, два чалавечыя пакаленні. Калі мы будзем гэтак вырэзваць, як рэжам цяпер, дык нашым унукам нічога не застанецца. А па-другое, злыселы лес зарасце кустоўем, крапівою — ягад і грыбоў не будзе.
— Аднаасобнік! — скрывіўся Кураглядаў. — Ніякай свядомасці!
— Я кажу пра тое, што трэба думаць пра заўтрашні дзень, рабіць усё па-гаспадарску.
— А мы, па-твойму, хто? Няўмекі і марнатраўцы?
Дзядзька, бачачы, што злосны цяпер старшыня задзіраецца (кажа «мы» і пагрозна мае на ўвазе не толькі аднаго сябе), змаўчаў. Адрэзаў ад акрайца скібку хлеба, а ад апольчыка — шматок сала, паказаў, што будзе есці, не хоча траціць час на пустыя гавэнды.
— Мысліш ты, дзед, па-старому, — сказаў Кураглядаў. — З такім мысленнем сацыялізм не пабудуеш.
Дзядзька зноў «не дакрануўся» да палітыкі. Вучаны-правучаны за жыццё наконт гэтага.
— Каб пабудаваць сацыялізм, трэба на першы план высоўваць не прыватныя, а агульныя інтарэсы, з-за дробных ахвяр бачыць вялікае.
Стары слухаў, а Кураглядаў, любуючыся сабой, утал-коўваў як настаўнік і тутэйшы правадыр:
— Мы будуем новы лад па навуцы. I па вялікай навуцы, дзед. Таварыш Сталін мудра вядзе нас па ленінскім шляху.
— Я думаю, кажу, пра другое… — Асцярожна вёў сваё дзядзька. — Каб некалі не каяцца, не кусаць сабе локці за тое, што і як робіцца цяпер…
— Не бойся, — запэўніў Кураглядаў. — Гэта пры вашым капіталізме было абы-што, а пры нашым сацыялізме ўсё будзе добра. Сацыялізм, паўтараю, гэта — вялікая навука, дыялектыка, прагрэс. Вышэй марксісцка-ленін-скага вучэння нічога не было, няма і не будзе. Калі хут-ка адарвем вас ад хутароў і палосак, калектывізуем, то па-новаму зажывяце, зусім іншы свет убачыце…