— А калі будуць тут калхозы, ведаеце?
— Будзе дырэктыва зверху — будзем і рабіць, — важна прамовіў Кураглядаў, перавёў вочкі на яго, Сцяпана. — Званілі з раёна: прыйшлі табе дакументы. Так што можаш выязджаць у сваю Польшчу.
Сцяпан ужо некалькі месяцаў чакаў такой весткі, а пачуў яе — разгубіўся.
— Не хочацца быць таварышам, хочацца быць панам! — пакпіў Кураглядаў. — Пшэкі, такую вашу!.. Ніхто ні слова па-польску, малоцяць па-беларуску, але ўсе — не абы-хто, а шляхта! Палякі! Ва ўсіх толькі каталіцкія імёны!
Яны моўчкі праглынулі кпіны і абразу, як было ўжо не раз і не два. Некалі войт, пан Збыхальскі, крычаў пад злосць: «Хлопы! Маскалі!» А гэты: «Шляхта! Пшэкі!» Крыўдзься, злуйся — усё адно. Ніхто не заступіцца, не абароніць. Наадварот, паскардзься наверх, папрасі, каб супынілі крыўдзіцеля, — не яму, а табе дастанецца на арэхі.
— Так што, пан, — сказаў Кураглядаў Сцяпану, — можаш пакідаць лес. Табе ўжо наша школа не трэба.
— Даробім сваё да канца, як і трэба, — за яго адказаў дзядзька. — Не яго, дык другія дзеці будуць вучыцца.
— Камлі на дошкі сцягвайце ў адно месца, на вянкі — у другое, вярхоўе — у трэцяе, — хоць не было на гэта ніякай патрэбы, закамандаваў Кураглядаў.
Калі ён пераможна і ганарліва адышоў, гладзячы па карку сабаку, дзядзька абурыўся:
— О-то чалавек! Так і глядзіць, каб укусіць! Прыслалі ж ліха на галаву. Як якая брыда — дык нам… — I ўжо жуючы хлеб ды сала, пашкадаваў: — З'едзеш — не будзе ў вёсцы каваля…
Сцяпан яшчэ за польскім часам вывучыўся ў старога крычатоўскага каваля, пачаў сам стукаць-ляпаць у куз-ні з шаснаццаці гадоў, рабіў і робіць усё, што трэба вёс-цы: нажы, сякеры, сярпы, завесы, а таксама ўсякае на-чынне для калёс, саней і плугоў. Тое-сёе з інструментаў сабраў яму бацька-нябожчык, а тое-сёе прыдбаў ён сам — найбольш тады, калі быў у Рубяжэвічах і пазнаўся з партызанамі. У іх нямала чаго купіў — за тое, што правіў ім зброю, а таксама за гарэлку.
— З нашага вялікага роду Грыгарцэвічаў толькі я з сынамі тут застануся… — Пахітаў галавой дзядзька. — Хто памёр, загінуў у вайну, хто па ўсім свеце…
— Каб не мама, нікуды я не паехаў бы, — сказаў Сцяпан, адчуваючы, як да горла падкочваецца даўкі камяк, баліць душа. — Яна хоча, каб мы ўсе разам жылі. I якраз там, у Польшчы.
— Хто ведае, хлопча, дзе яно будзе лепш, — зморшчыў лоб, уздыхнуў дзядзька. — Ці там, на нямецкіх землях, ці тут, у калхозах…
Хвіліну памаўчаў, задумліва рэжучы сцізорыкам са-ла, а пасля скрушліва дадаў:
— Хоць усюды будзе гэты «мудры» вусаты. I там, і тут. Усюды будуць яго «вучоныя» парадкі…
Дзядзька непакоіўся не проста так, як кажуць, па спрадвечнай сялянскай насцярозе, боязі ўсяго новага ці па нейкай заядлай варожасці да Савецкай улады і Сталіна: не, прычына была іншая. У трыццаць дзевятым, калі іх, як тады гаварылі, «вызвалілі сталінскія сокалы», Янкавінам добра-такі дасталося. Калі дагэтуль ніхто з вёскі не сядзеў у турме, самае вялікае толькі трапляў у пастарунак, дзе ківалі перад носам пальцам і адпускалі, то энкавэдэ вывезла не толькі польскага асадніка, войта, ляснічага і настаўніка, але і ўсіх карэнных багацейшых людзей. Усе яны нібы боўтнулі ў ваду. Дык з таго часу трывога і страх перад Сталіным і яго «сокаламі». Той, як не раз напамінае Кураглядаў, лічыць іх, што былі пад акупацыяй, «не внушаюіцнмн доверня». Значыць, у любую часіну можаш чакаць бяды. З-за ўсякай дробязі, а то і без ніякай зачэпкі…
— Хто ж ведае: будуць трэсці, вывозіць каго перад калхозамі ці не? — вымавіў уголас свае думкі дзядзька. — Якога няўдаліцу і гультая Супраневіча ці яго сына-п'яніцу не зачэпяць, пакінуць, яшчэ ўздымуць, а нас з табой… мы першыя пасля вайны сталі на ногі, дык нас могуць першымі схапіць і заперці ў Сібір. У іх лютая нянавісць да багатых гаспадароў…
— Хіба мы з вамі багатыя?
— Можам пабагацець…
— Цяпер, можа, абыдуцца ўжо без гвалту, — паразважаў Сцяпан.
— Каб не гналі сілаю, не білі, дык на халеру нам той калхоз… — сказаў дзядзька. — Чалавек там не гаспадар, а парабак. Начальнікі такія, як гэты наш Курашчуп. Гонару, пыхі процьма, а розуму і толку ніякага. Мянта-шыць языком, крычыць, дакляруе шчасце, рай на зямлі, але рабіць па-гаспадарску нічога не ўмее. Але не ска-жаш гэтага ні яму, ні другому якому: ты, бачыш, не толькі яго, але і ўладу бэсціш! Паспрабуй падступіся да такіх! Агледзецца не паспееш, як страшную бірку начэ-пяць, павалакуць за краты! Пасля:
— Паедзеш ці не паедзеш — жыць, хлопча, будзеш добра. Такія рукі, як у цябе, усюды трэба і будуць у ца-не. Абы толькі новай вайны не было.