— Грамадзянка Навіцкая! — гукнуў. — Выходзь! Жыва! Што за гульні ў хованкі?!
Зазірнуў углыб. Спачатку, пакуль засланяў сабой святло, нічога не ўбачыў у паўзмроку, а потым, стаўшы бокам, угледзеў: паблізу ўвахода — невялічкая печачка з чыгуннай плітой, за ёй — стол на кругляках і з абчасаных плашак, воддаль, абапал сцен, — палкілежакі. У кутку, адрачона спусціўшы галаву, сядзела гаспадыня. Не зважала, што ён, старшыня сельсавета, стаіць блізка, кліча выйсці на двор.
— Я чакаю вас!
— Чаго? — павярнула галаву, зірнула на яго.
— Выходзьце — пачуеце.
Яна паслухала, пратупала па земляным доле, падня-лася па «лесвіцы» — некалькіх аплазаваных, а цяпер ужо замусоленых падэшвамі бярвенцах — і выйшла на святло. Сярэдняга росту, тонкая і худая. Як і маці, у зі-мовых валёнках, доўгай спадніцы і хустцыканаплянцы. Здаецца, ёй трыццаць гадоў, а выглядае на ўсе пяцьдзесят. Закашлялася. Ці прастуджаная, ці, можа, нават хворая на лёгкія.
— Вось што, грамадзянка Навіцкая… — калі яна перастала кашляць, прамовіў ён, з усяе сілы выціскаючы з сябе спачуванне ці, як кажа Уладароў, «мяккацеласць» ды набіраючы стальныя ноткі. — Ты чаму супраць Савецкай улады?
Зірнула на яго глыбокімі, запалымі вачыма. А ў іх — ні крыўды, ні злосці, нейкая адрачоная пустэча.
— Чаму, як паложана, не даеш сама меней два пуды бульбы?
— Калі вам «паложана», дык бярыце…
— Як гэта — «бярыце»? — наўмысна пачаў задзірацца, распальваць сябе. — Ты сама, свядома павінна адгукнуцца на патрэбы краіны і падзяліцца лішнімі запасамі.
— Якімі?
— Кажу ж табе рускаю мовай: здай два пуды бульбы.
— А калі ў мяне ні адной бульбіны ўжо?
— А як жа ты тады жывеш?
— Вось так і жыву на вадзе і траве.
— Разжалобліваеш! — ухмыльнуўся. — Ухіляешся!
— Бярыце! — нечакана ў яе шараватых вачах бліснулі злыя агеньчыкі, і яна ступіла да яго, закрычала. Адкуль толькі ў яе, дахадзягі, з'явілася столькі жывасці. — Усё забірайця! Зямлянку гэтую гнілую! Мамусю! Дзяцей! Вам жа ўсё паложана!
— Ты гэта… — ад нечаканасці аж запнуўся і адступіў. — Не дуры! Не адной табе нялёгка. Усёй краіне цяжка!
— Я ўсёй краіны не накармлю.
— Ясна, ты толькі сама пра сябе думаеш.
— А хто пра мяне, пра маіх дзяцей і маці паклапоціцца? Вы? Краіна? Вы глядзіце толькі, як што ўварваць. Ды сыкаеце пры гэтым: маўчыі Не пікні!
— Ты што — не разумееш, як абнясіліла краіну вайна?
— На добры толк вас, балбатуноў, за гэтую вайну трэба на кастры паліць. Шушукалісяшушукаліся з Гітлерам, а потым удвух нас рабавалі, білі, палілі, у зямлянкі загналі… I цяпер душу вытрасаеце, апошняе забіраеце…
— Ты!.. — захліпнуўся ад злосці. — Трымай, дурніца, язык за зубамі! Давай два пуды насенкі, і канец спрэчцы! Паказвай, дзе капец.
— Вунь, за зямлянкай.
Рушыў па ўтаптанай сцежачцы за зямлянку. Сапраўды, паблізу на ворыве па адзін бок — груда зямлі, па другі — куча саломы, а пасярод — яміна. У ёй толькі старая салома. Нават ні аднаго гніляка няма.
Вярнуўся. Напаў:
— Куды перахавала насенку?
— У… — здаецца, хацела са злосці па-простаму, груба сказаць, але не паспела, забіў дых кашаль.
Якраз пад'ехаў сюды на калёсах Мішка. Кураглядаў паклікаў яго пальцам: хадзі-хадзі. А калі той паслухмя-на падышоў, загадаў:
— Ідзі ў зямлянку, правер, ці не схавана там пад палкамі бульба.
Той зніякавеў перад удавою, бадай, самай гаротнай у вёсцы жанчынаю, але ўбачыўшы яго строгі позірк, шыб-нуў у зямлянку і неўзабаве выскачыў адтуль, развёў рукі.
— Няма.
— Абследуй поле, — зноў загадаў Кураглядаў і сам пайшоў за ім. За зямлянку, за дзічкугрушу.
Нідзе ні грудка, ні свежай пляміны. Праўда, вунь воддаль, пры аселіцы, свежая ралля. Рушылі туды. Ага, нядаўна рыдлёўкай перакопана, можа, і соткі дзве зямлі.
Пачаў корпаць, наском бота ў ямінцы. Праз хвіліну-другую выгарнуў наверх трэць разрэзанай бульбіны.
— Бачыў ты! — абурыўся. — Хуценька пасадзіла, каб не даць! Не, нас не акалпачыш!.. — I да Мішкі: — Ідзі бяры рыдлёўку. Выкапаем!
Мішка вытрашчыў вочы: што?
— Чуеш, сабачая морда? — раўнуў на яго Кураглядаў. — Бягом, такую тваю, па рыдлёўку!
Мішка подбегам пашыбаваў да зямлянкі, але калі хацеў узяць рыдлёўку, яго апярэдзіла гаспадыня.
— Размазня! — вылаяўся Кураглядаў на Лявонава. Той стаяў безуважны і курыў, звальваючы ўсё на яго, цывільную ўладу, нібы не бачачы тут ніякага крыміналу.
Дахадзяга Навіцкая замахнулася рыдлёўкай на Мішку — той, закрыўшыся рукамі, адскочыўся. Навіцкая ж пашыбавала з паднятай уверх рыдлёўкай сюды, да яго. Дробны твар яе быў перакошаны, нават звар'яцелы.