Выбрать главу

— Далібог, не.

— Ціха ты! — сыкнуў на яго Кураглядаў. — Ідзі калі дровы, не замінай людзям працаваць.

Адчуўшы, што злосць Кураглядава не вялікая і не страшная, Мішка нахабнавата ўхмыльнуўся: ат, ведаю, як вы тут «працуеце», сядзіце сіднямі цэлымі днямі, ловіце, б'яце мух ці вымалёўваеце на паперцы свае «начальніцкія» подпісы; варта вам, старшыні, пайсці — Навуменкаў і Клопікаў гуляюць у шашкі альбо так-сама разбягаюцца. Кураглядаў, ужо нямала знаючыся з гэтым жулікаватым лайдаком, добра зразумеў яго ўхмылку: што ні кажы, круцячыся каля яго і ягоных людзей, Мішка нямала пра іх усіх ведае, сам бярэ ўдзел у частых іхніх выпіўках і ўсякіх хаўрусах. Але, каб не даць таму шмат волі, Кураглядаў бесцырымонна наставіў два выцягнутыя пальцы, паказаў, што выпара імі вочы, — Мішка, на сваёй скуры ведаючы, што ён як начальнік тое-сёе дазваляе, але і можа люта адпомсціць, не дазволіў сабе больш нічога лішняга, адскочыў і марсянуў з калідора. Канечне, за гумно, дзе ляжалі прывезеныя яму, Кураглядаву, і парэзаныя ўжо дровы.

«Здаецца, я зашмат прыблізіў яго да сябе, — крочачы да свайго кабінета, падумаў ён. — Зашмат ведае ўсяго пра мяне і можа ў любую хвіліну нанесці ўдар… Трэба неяк нейтралізаваць яго».

Адамкнуў замок і, упусціўшы сабаку, зайшоў у свой пахкі астылым дымам кабінет, пачціва і з глыбокай бояззю зірнуў на партрэт Сталіна над сталом. Калі распрануўся, сеў за стол і хвіліну-другую азіраў яго — жоўты па баках і з чорным дэрмацінам пасярэдзіне, на вялікі чарнільны прыбор і гадзіннік з тоўстага белага шкла, на тумбачку-прамакатку, на сінія пляміны на ёй і на стале, урэшце, на маўклівы цяпер чорны тэлефон — на ўсё тое, што робіць пакой кабінетам, і не абы-якім, а начальніцкім. Пасля адамкнуў сейф, праверыў, ці на месцы ўсе наганы (зброя на выпадак ЧП) і замілавана ўзяў адтуль пудэлак з пячаткаю — яшчэ адзін атрыбут, што дае яму тут вялікую сілу над усімі бліжэйшымі вёскамі і людзьмі. Палюбаваўшыся, схаваў пячатку і ўзяўся чытаць шыфртэлеграмы, думаючы, каму з падначаленых што даручыць.

У дзверы асцярожна пастукалі, а неўзабаве ў праёме паказалася мужчынская галава без шапкі.

— Я заняты, — нахмурыўся Кураглядаў. — Чакайце, вас паклічуць.

Чалавек, бачна было, хацеў сказаць, што яму штосьці вельмі пільнае трэба і што для яго, гаспадара, дарагая кожная хвіліна, але, учуўшы сабачы рык, хуценька зачыніў за сабою дзверы. Кураглядаў апусціў руку і пагла-дзіў вернага служаку па хібе: малайчына, Дзік!

Зрэшты, можна было б пусціць, паслухаць гэтага мужчыну і іншых людзей, хутка памагчы, але ці трэба прывучваць: калі захочаш — заходзь, што ні папрасі — ён усё дазволіць. Няхай найперш ведаюць іншае: у яго ёсць і вышэйшыя клопаты, ён павінен найперш слу-жыць дзяржаве, партыі і «бацьку ўсіх народаў». Падумаўшы так, Кураглядаў раптоўна замёр, баючыся сваіх не зусім спелых думак, азірнуўся са страхам: не, не трэба не толькі гаварыць, але і думаць іначай: спачатку — Той, потым — партыя і дзяржава… Уздыхнуў, змахнуўз лоба халодны пот: во той — начальнік! Сапраўды права-дыр, бацька, нават не — Бог. Сядзіць далёка і высока, але ўсё бачыць, усё ведае. Яго голасу не чуеш, але адчу-ваеш кожнай жылкай, дрыжыш ад страху і любіш яго! Не хапае розуму ўсё гэта зразумець, але ўсё зразумелае і незразумелае зліваецца ў адну вялізную і велічную сілу — СТАЛІН…

На нейкі час яго нібы паралізавала ад гэтай магіі, моцы і страху — можа, і ад галавакружнай боязі: вунь куды і на што вынесла яго жыццёвая плынь, што дала і чым абавязала, калі трэба трымаць вуха востра, не мала, але і не шмат штосьці рабіць самому, умець спрытна, заўсёды «ідэйна» гаварыць. Потым пачаў пакрыху супакойвацца, верачы, што ў яго будзе шчаслівая планіда, што яна дазволіць яму жыць, працаваць і нават ціхенька, тоячыся, грашыць сабе ў асалоду.

Акрыялы Кураглядаў стукнуў кулаком па сцяне — амаль тут жа ў кабінет зайшла маладая, але дзябёлая, з шырокімі клубамі і паўнагрудая рыжая сакратар сельсавета Валянціна Зубрэвіч. Тутэйшая, але з дальняй вёскі (усе яго кадры, апроч Мішкі ды Франі, былі не янкавінскія — значыць, «без месніцкіх настрояў»).

Дзік, бачачы знаёмага чалавека, быў спакойны, выса-лапіў язык і ціхамірна дыхаў. Ведаў: гаспадар з гэтай асобай амаль заўсёды гаворыць лагодна.

Зубрэвіч села насупраць, апусціла галаву. Штосьці сёння невясёлая. Хацеў спачатку запытаць, што ў яе, але перадумаў: асабістае, тым болей чужое асабістае зранку — на апошняе месца.

— Дакладвай, Валянціна Казіміраўна, — звыкла, не строга, але і не мякка прамовіў, дастаў з кішэні «Казбек», лічы, начальніцкую адзнаку, вытрас папяросу, пакамячыў яе і прыкурыў.