Сцяпан падпарадкаваўся, лёг на халодны дол; узброе-ны незнаёмец падышоў, моцна ткнуў яму пад лапаткі аўтаматнае дула, а вольнай рукой пачаў мацаць яго кішэні, паясніцу. Упэўніўшыся, што ён нічога не мае са зброі, адышоўся.
— Садзіся і не рыпайся, калі жыць хочаш, — прамовіў, а сам, ускінуўшы на плячук рэмень ад аўтамата, паднёс да рота складзеныя далоні і закугаў раз-другі зусім пасавінаму. Неўзабаве такое ж кугаканне пачулася здалёку ў адказ. Пасля гэты неспадзяваны, новы канваір пазіраў на яго моўчкі і ўжо крыху няўважліва, мусіць, душой адчуўшы, што ён і не вайсковец, і не падасланы цывільны, а звычайны няшчасны ўцякач.
«Уцёк ад адных, а трапіў да другіх… — паныла паду-маў Сцяпан. — А гэта значыць, што хрэн горкі, а рэдзь-ка не саладзейшая…»
Адрачона апусціў цяжкую галаву між мокрых калень і цярпліва чакаў таго нярадаснага, што будзе далей, усё болей упэўніваючыся, што яго жыццё ўжо зламанае. Раптоўна, неспадзявана і жорстка. Адны ніколі ўжо не даруюць, што вырваўся, лапатнуў з іхніх рук, а другія калі не адбяруць жыцця, дык так убрудзяць, што ніколі не адмыешся. Адно, можа, выйсце: збегчы за свет. Але куды і як уцячэш ад гаспадаркі, Марысі і сына?
«Не выехаў, застаўся тут на сваю бяду…» Як і чакаў, неўзабаве сюды ціха, але ўсё ж чутна падышоў яшчэ адзін чалавек. Гэты — сярэдняга росту, светлавалосы — быў у выцвілай салдацкай гімнасцёрцы.
— Што такое? — запытаў ён у нізкага.
— Ды затрымаў во палітычнага дзеяча, — пакпіў той і паказаў локцем на Сцяпана. — Кажа, дае драла ад энкавэдэ.
Новы незнаёмы запытаў у яго амаль тое ж, што і як зусім нядаўна ўжо выцягваў першы сустрэчны. Пасля ён загадаў закласці за паясніцу рукі, звязаў іх там сваім рэменем, рэзка і балюча насунуў яму на самы нос брылёўку і пагнаў перад сабою.
Нацягнутая брылёўка закрыла Сцяпану вочы, але не зусім схавала святло: ён добра бачыў тое, што было пад самымі нагамі. Ішлі яны па зялёным расяным востраве, сасновым борам, пасля — па лагчыне і балоце і ўрэшце трапілі ў густым кустоўі на груд. Тут іх сустрэў яшчэ адзін чалавек.
— З парашутам і рацыяй? — паўжартам запытаў той.
— Ды не. Кажа, што тутэйшы.
— Я кога чорта блытаўся тут?
— Разбяромся, — адказаў яго самы апошні канваір, а яму загадаў сесці. — Прачнецца старшы — дапытае.
Рук не вызваліў, брылёўку з твару не прыбраў.
Старшы спаў ледзь не да паўдня.
Калі ён аднекуль заявіўся тут і яму расказалі пра «затрыманага палітыка», загадаў развязаць рэмень. Сцяпан спачатку пацёр занямелыя рукі, а потым ужо сам падняў наверх брылёўку.
— Здаецца, я цябе, прыяцель, ведаю, — сказаў гэты старшы. У новых хромавых ботах, у суконным галіфэ і дыхтоўнай белай кашулі, рыжы і з чырванаватымі вачыма.
I Сцяпан, здаецца, недзе бачыў гэтага яшчэ маладых гадоў мужчыну.
— Ці не знаёмыя мы? — усміхнуўся той. — Ты часамі не былы паліцэйскі?
Ага, ці не камандзір гэта паліцэйскай роты ў нямецка-паліцэйскім гарнізоне, што быў у вайну ў Гле-баўцах. Пазнаўшы, Сцяпан стрымана скасіў позірк: зусім непадалёку ўкапаная ў дол і абкладзеная дзірваном зямлянка. Побач — адсунуты груд зямлі з не-калькімі зялёнымі кустамі, за грудом — лаз у яму-зямлянку. Паднёс груд, заклаў лаз — не толькі зверху, але і зблізку вельмі не ўгледзіш, што пад ім чалавечае жытло.
— Дзе быў у вайну? — запытаў былы паліцэйскі камандзір. Хамічонак ці як яго там.
— У Рубяжэвічах.
— А, усё цяпер ясна, — здагадаўся і той. — Ты бежанец-каваль. Падкоўваў аднойчы майго каня. Ну, а мяне пазнаў?
— Не зусім, — зманіў Сцяпан. — Але бачыў недзе. З-за яго, гэтага Хамічонка, летась да яго і дзядзькі Францішка прыязджаў лейтэнант з энкавэдэ, распытваў, ці не чулі яны што-небудзь пра былых паліцэйскіх. Сцяпан лічыў, што гэты Хамічонак марсянуў з немцамі, як уцяклі іншыя, аж ён во тут, у пушчы.
— Здаецца, у вайну ты нюхаўся з партызанамі, — сказаў Хамічонак, сеў і закурыў. — Цяпер на службе ў энкавэдэ?
— Не.
— А чаго тут? Скажаш, збіраеш смарчкі?
— Чуліж, уцёк…
— Але ты абмінуў не толькі свае Янкавіны, але і Пруды, Цеснавую, Налібакі.
— Заблудзіўся.
— Дык за што ж цябе ўзялі?
— Узялі дзядзьку, а потым і мяне. Кажуць, за агітацыю проціў Саветаў… У гэтую ноч прывезлі да нейкай агароджы, паверсе яе дрот. Дзядзьку павялі туды, а я ўцёк.
— Ці не былі вы ў Ваўчковым урочышчы?
— Не ведаю.
— Калі гэта ўсё так, то, прыяцель, гэта — сур'ёзна. Там па начах заводзяць машыны і пры іх святле расстрэльваюць люд з бліжэйшых раёнаў. — Схамянуўся. — Але чаму іменна цябе захацелі пусціць у расход? Ты ж партызанскі паслугач!