Выбрать главу

— Звяжаш? — ухмыльнуўся Хамічонак, пазіраючы на Сцяпана.

Ён паціснуў плячыма: я нічога не чуў пра нейкае пад-полле, пра нейкі яго кіруючы цэнтр.

— Ну, а калі не ўдасца сысціся, трэба ладзіць свой цэнтр, сваю арганізацыю і змагацца.

Сцяпан зноў змаўчаў, а Хамічонак пацешыўся ці то з наіўнага, ці то з фанатычнага Філіповіча.

— Відаць, спадар, што ты зваліўся сюды з неба…

— Вы лічыце: мая місія, мае намеры марныя нават тут, у Заходняй Беларусі? — не столькі адчаяўся, колькі здзівіўся той, многім (зачасанай набок прычоскай, высокім лобам ды белым тварам) падобны на настаўніка альбо ўрача.

— Мы, прыяцель, займаліся гэтым некалькі гадоў назад, на пачатку вайны, — прамовіў Хамічонак. — Для цябе ж не сакрэт, сам бачыў: прыйшлі сюды немцы — не кінуліся ўсё хапаць, біць, паліць. Яны адразу ж запынілі хаос і бязладдзе. Выбралі тутэйшую ўладу, завялі тутэйшы ахоўны правапарадак. Запыталі ў людзей: як, захоўваючы законы ваеннага часу, хочаце жыць? Той-сёй пайшоў насустрач, але многія, памятаючы чэкісцкі шабаш у трыццаць дзевятым-саракавым гадах ды асцерагаючыся новага савецкага прыходу, былі асцярожныя і немцаў не падтрымалі.

— То ж немцаў… — сказаў Філіповіч. — Чужынцаў…

— Але ў іх былі не толькі антыбальшавіцкія і антыяўрэйскія лозунгі, — не здаваўся Хамічонак. — У іх была яшчэ сіла, і сіла агромністая. А што ў цябе? Якія лозунгі? Якая сіла? Бальшавікі яшчэ ў дваццатыя і трыццатыя гады, вытвараючы ўсё, што ім зажадаецца, здоле-лі ўбіць усім у галовы, што ўсе жывуць вольна і шчасліва, набліжаюцца да раю. Пачатак вайны, прыход немцаў яны змаглі паказаць не як час расплаты з імі, а як усіхную бяду. Яны не толькі скампраметавалі нямецкую палітыку, але паднялі на ногі ўвесь народ і нацэлілі яго толькі на перамогу. А яшчэ, хіба не бачыў, спадар, як тут ладзілася так званая падпольная і партызанская барацьба? Канечне, былі тут фанатыкі, яны групаваліся, шкодзілі, але народ уцягнулі ў бойню маскоўскія спецатрады. Не яны б, не загнаныя імі ў лес фанатыкі альбо перапалоханы люд — не было б тут ахвяр. Згодны?

— Згодзен, — адказаў Філіповіч. — Быў у Бельгіі, у Парыжы, на свае вочы бачыў: акупацыя іх не вельмі абядніла. За іх стрыманыя, разумныя паводзіны.

— Да таго ж не трэба забываць беларускага характару, — сказаў Хамічонак. — Я добра не ведаю, што меў наш беларус у Вялікім княстве Літоўскім, хоць пра гэта нямала пісалі беларускія газеты ў гады вайны, але знаю: апошнія паўтара ці амаль ужо два стагоддзі ён кланяўся Маскве. Яму і чужынцы, і свае прадажнікі ўбілі ў галаву: тое, што ён пад маскоўскім бізуном, — шчасце. Лепшага для яго няма і не трэба. Ён і не хоча. Ён задаволіўся доляй вала. Цягне плуг, моўчкі церпіць, што яго сцябаюць пугай, абражаюць, і дзякуе за свой жа кавалак хлеба, за свой зганьбаваны гонар. Ён не толькі мяне, былога паліцэйскага, але і цябе, «ідэйнага барацьбіта», «народнага абаронцу», здасць у рукі энкавэдэ. Калі не сам здасць, то моўчкі згодзіцца, каб здалі іншыя, халуі Сталіна і партыі. Праўда, у душы, як ты кажаш, ён недалюблівае, а то і ненавідзіць іх, але ўсё ім дазваляе, у тым ліку і ганьбіць, таптаць сябе. Такога быдлячага статка, такой цярплівасці і ўгодлівасці ці такога самаганьбавання, бадай, болей няма! Нідзе ў свеце!

— Але ж трэба будзіць яго, клікаць да волі, да самапавагі! Каб сам быў гаспадар на сваёй зямлі!

— Не змаглі падняць яго ў вайну — не зможаце ўдвая цяпер, калі ён дарэшты абалванены сталінскай дэмагогіяй і калі па-ранейшаму ў жалезных лапах энкавэдэ!

— Ал. е ёсць разумныя, свядомыя настаўнікі, вучоныя, пісьменнікі — адным словам, культурны пласт, слой нацыі…

— Можа, і ёсць, — паціскаў плячыма Хамічонак. — Але ён, гэты пласт, ці слой, супраць рэжыму не пойдзе. Хто не разумее дэмагогіі, хто разумее, але дрыжыць і маўчыць, а хто — найпершы падбрэхіч. Нават больш — многія з гэтага вашага культурнага пласта, ці слоя, памагаюць сталінскай бандзе пераўтвараць народ-пераможцу ў паслухмяных рабоў…

— Дык што — па-вашаму, няма ніякіх шанцаў змагацца супраць Сталіна і бальшавікоў? — засмуткаваў Філіповіч. — Ні ўзброенымі, ні палітычнымі сродкамі?

— Запытай, прыяцель, вось у яго пра гэта, — Хамічонак хітнуў на Сцяпана. — Хоць і так усё ясна. Пусцілі б дадому, не чапалі б — ён будзе цярпліва, натужна цягнуць свой воз, цярпець любыя здзекі, можа, употай стагнаць, але маўчаць. Больш. Скажуць — выйдзе за трыбуну і будзе згінацца, дзякаваць Сталіну і роднай партыі за звышшчаслівае жыццё! Як ні дзіўна, але рабы і халуі адчуваюць нейкі смак у сваім рабстве і халуйстве. Вось таму лёгка абалваніць і асядлаць такі непаўнацэнны люд.