— А вы што думаеце рабіць? — запытаў, як і нядаўна, Філіповіч.
— Як і вам за ваша, так і мне за маё чакае дваццаць пяць гадоў лагераў ці катаргі, — зноў закурыў Хамічонак. — Ясна, я не маю ахвоты вяртацца ў пекла, на пакутлівую смерць. Але я не ідэйны баец, як ты, спадар. Я не веру, што можна ачалавечыць быдла. Адпаведна, колькі змагу, пап'ю, пагуляю, бальшавіцкай сволачы крыві паспускаю. Карацей, вазьму за сваё загубленае жыццё дарагую плату…
Філіповіч зморшчыўся; кожны дурань адчуў бы, што Хамічонак азвярэў, будзе рабаваць і страляць, што хаўрусаваць з ім — і не вялікі гонар, і небяспечна: яго гурт рана-позна абкладуць.
— Я ведаю, чаго так скрывіўся спадар… — З'едліва зірнуў на Філіповіча той. — Бачыце, я не добранькі Робін Гуд! Адкінь, спадар, усякія ілюзіі! Паўтараю, варта толькі любому з нас высунуць нос з лесу і прызнацца, хто ты, як адразу ж усе адвернуцца, як ад чорта, а які-небудзь ідэйны з культурнага слоя ці тутэйшы служака-падліза прадасць цябе за капейку! Ніхто, чуеце, ніхто нават слязіны па табе, няшчасным, не пусціць! Ад-паведна, прыяцелі, ці трэба сыходзіць далёка і, як прусак, уплішчвацца ў цёмную шчыліну, ці як мага ме-ней слядзіць і сядзець тут… Але трэба есці. Сам па сабе харч да нас не заявіцца. Значыць, яго трэба здабываць. Што — у прыроды-матухны, што — у зачыненых магазінах, а што — і ў не дужа гасцінных хутаранцаў. I здабы-вацьчасамі самым негуманным чынам… Так што, прыяцелі, хочаце мець наша жытло, нашу ахову — будзьце добрыя, памагайце мець хлеб надзённы. Ніхто вас дарма не будзе карміць за прыгожыя вочы, за антысталінскія размовы альбо за няласкавы лёс… Вы абодва, канечне, можаце пайсці ад нас. Але… — Замаўчаў, зірнуў чэпка, нават, бадай, жорстка на аднаго і на другога. — Папершае, кажу, не варта рабіць лішнія сляды. А па-другое, дзе гарантыя, што вы, адзін і другі, трапіўшы ў жалезныя лапы энкавэдэ, не прадасцё нас? Адпаведна, прыяцелі, мы мусім падумаць: адпускаць вас адсюль ці не?!
26
Недзе праз тыдні два, калі буяў ужо зелянотаю чэрвень, Сцяпана ўзялі ў начны паход — «браць» магазін у адной з вёсак суседняга, Іўеўскага раёна. Тут, у Вянкоўскім раёне, Хамічонак намагаўся не слядзіць.
Чысцілі той магазін «спецы» — Хамічонак і яго хаўруснікі; ён, Сцяпан, спачатку стаяў з маўклівым, але, як адчувалася, лютым і бессардэчным целаахоўні-кам верхаводы на варце (той, целаахоўнік, сачыў і за ім), а потым валок нарабаваны цяжар да іхняга сховішча. Нагрузілі яго, можа, таму, каб, маючы спрыт, не марся-нуў ад іх убок. Вярнуўшыся, выпілі, замачылі яго першы ўдалы паход — адным словам, Сцяпан мусіў за-пэцкацца, нажыць на сябе яшчэ адзін артыкул з крымі-нальнага кодэксу. Ён балюча перажываў, нават пакутаваў, што мусіць займацца зладзействам, але з усяе сілы намагаўся схаваць, затаіць свае перажыванні, нават наўмысна храбрыўся: а гэта, выходзіць, не так ужо страшна і кепска.
— Малайчына! — пахваліў Хамічонак. — З тваім розумам і з тваёй сілаю мы яшчэ падзялуем.
Гэты іхні «хаўрус» не вельмі спадабаўся Філіповічу; той увесь час, найперш у малым гурце, спрабаваў угаворваць лесавікоў, Сцяпана таксама, выходзіць з лесу, ісці рабочымі ў вялікія вёскі ды гарады, да людзей і агітаваць, «падымаць люд супраць Саветаў, за вольную і незалежную Беларусь». Хамічонак вельмі не забараняў «чытаць ім лекцыі», «весці ідэалагічную работу ад імя замежнага беларускага ўрада», але не зважаў на гэта — лепш сказаць, ухмыляўся, пасміхоўваўся з Філіповіча, як з дзіцяці, а ўрэшце паблажліва перабіваў: «Ды кінь ты, спадар, ніткі на кій матаць, раскажы нам лепш пра Парыж ды Брусель, пра буржуйскае жыццё-быццё, пра іхніх жанчын і прастытутак».
Сёння, таксама ўночы, Сцяпан зноў ішоў у свет — на гэты раз толькі з Хамічонкам і з яго неадступным целаахоўнікам. Верхавода, бачачы ўсё ў цемры, як сава, крочыў паперадзе, а той бамбіза — ззаду. Куды і чаго ішлі, Сцяпан не ведаў. «Хадзем са мной», — толькі і сказаў-загадаў яму Хамічонак.
Той, хітры і асцярожны, пазбягаў і вялікіх дарог, і малых сцежак, плёўся балотам, лесам, кустоўем, але ўрэшце, можа, праз гадзіны тры, вывеў з лесу — як мож-на было пазнаць, да вёскі, — здаецца, невялікай, нізкай, патанулай у цемрадзі ды нібы злітай з блізкім маладым лесам, з высокімі лісцянымі дрэвамі, кустамі бэзу і з са-дамі. Карацей, адразу цяжка пазнаць, што гэта за селішча. Ясна, што нейкае прыпушчанскае і паўхутарское.