Падаў голас сабака, потым — другі, трэці.
— Чакайце тут, — прамовіў маўклівы дагэтуль Хамічонак, а сам, зашпільваючы на сабе шынель ды папраўляючы вайсковую фуражку (на шынялі лейтэнанцкія пагоны), як адчувалася, з веданнем сцежак-дарожак закрочыў да вёскі і хутка знік з вачэй.
— Садзіся, — загадаў яму, няўзброенаму, магутны целаахоўнік, а калі ён паслухаў, апусціўся сам трохі ззаду, як чулася, не выпускаючы з рук аўтамата.
— Што за вёска? — запытаў у яго Сцяпан, каб уведаць, дзе яны, у якім баку ягоныя Янкавіны.
— Будзеш шмат ведаць — састарэеш, — басавіта буркнуў той. — Сядзі ціха і не раскрывай хлябала. Табе і так зашмат вераць. А што да ўцёкаў, то і не думай нават: не даганю я — дагоніць кінжал…
«Не верыў бы так Хамічонак, каб не пагроза мне ад энкавэдэ, — падумаў ён. — А той, паколькі нёс на спіне пакоўны пляцак, прыйшоў сюды для таго, каб сустрэцца са сваім чалавекам альбо каб сысціся са знаёмай кабе-таю…»
Замаўчалі. Вось сабачы брэх заціх. Мабыць, Хамічо-нак зайшоў ужо ў патрэбную хату.
Сцяпан паўпрылёг, услухоўваўся ў звонкую цішыню — каб было светла, дык, можа, цяпер стракацелі б конікі, а так было ціха, нібы ў вуху, і вусцішна. Заадно ўзіраўся ў прастор перад сабой — на блізкі паўцёмны і цёплы дол, на незразумелай вышыні неба, што, здаецца, нібы ледзь-ледзь улоўна мігцела, мабыць, пакрышачку напаўняючыся далёкімі ранішнімі водсветамі.
Зноў, калі засяродзіўся сам на сабе, наплылі горкія думкі: Божа, мілы Божа, за што такая кара: чаму трэба туляцца як ваўку, бадзяцца па лесе і балоце, слухацца злыдняў? Чаго вось ён тут цяпер? Чаму мірна ды спакойна не спіць побач з Марысяй, не спрыяе, каб і яе сон быў мірны і спакойны?
Міжволі, насцярожваючыся ўжо ад нечаканасцей, устрапянуўся: неспадзявана з лесу пачуўся лопат. Ага, птушка. Цяжкавата махаючы крыллем, чагосьці паля-цела над іхнімі галовамі ў вёску. Можа, сава альбо, лепш сказаць, сычык — загадкавы птах з савінага роду, — ці, можа, зашастаў кажан.
Пасля, калі рассечанае паветра супакоілася, зноў на-стала поўная цішыня. Хоць бы дзе падаў голас які нядрэмны конік альбо зашумеў лес — рана, цёмна, прырода спачывае.
Можа, праз гадзіну пачуў: строгага суседа адольвае сон. Прыслухаўся: сапраўды, пахропвае. Асцярожна павярнуўся — храпенне адразу запынілася; целаахоўнік, здаецца, правёў далонню па твары, пасля глухавата кашлянуў, заплямкаў вуснамі і, здаецца, навёў зыркатыя вочы на яго. Сцяпан замёр, а потым наўмысна гучнавата засоп — маўляў, спіць.
Недаверлівы, пануры і воўчы Хамічонкаў заступнік (кажуць, з далёкага выселенага са сваёй радзімы народа), мабыць, супакоіўся, звесіў галаву і неўзабаве зноў спачатку засвістаў носам, а потым захроп. Сцяпан пачакаў, калі яго грозны вартаўнік добра ўвойдзе ў першы, моцны, сон. Калі ж дачакаўся, што той аж трубіць ужо, затаіў дыханне, ціхенька падняўся і на ды-бачках пакраўся да маладога хвойніку — далей, прэч, куды вочы глядзяць, ад такой непачэснай кампаніі, ад яе ладу жыцця, ад багны, што можа зацягнуць і засмактаць. Затахкала сэрца; не дай бог, трэсне пад нагамі якая галінка — яму верная смерць: тут жа ўліпне ў спіну востры бандыцкі кінжал…
Краўся-краўся, а потым, увайшоўшы ў стары лес, пайшоў, а яшчэ крыху пазней прыпусціў з усяе сілы. Прамчаўшы, можа, з вярсту ў лясной глушы і чарнаце, запыніўся, каб суцішыць дыханне, а заадно прыслухац-ца: тупаціць той воўк услед альбо не? Не, здаецца, пагоні няма. Але не затрымаўся, пакрочыў далей. Пад раніцу пазнаў ужо: выбіўся паблізу Шльніцы — тых знаё-мых мясцін, дзе яшчэ нядаўна разам з дзядзькам Францішкам рэзалі лес на новую школу ў іхніх Янкавінах.
Раніцу, увесь спякотны дзень ляжаў непадалёку ян-кавінскіх хутароў — на лузе, на Сядзіўнай, у густым кустоўі, назіраючы, як над блізкім балотам лётаюць старыя качкі, можа, трывожачыся ад яго, аблётваюць вакол стракатлівыя сарокі. Заадно з заміраннем сэрца прыслухоўваўся да далекаватых, з Крычатоў, гукаў — да асобных рэзкіх чалавечых галасоў і асабліва да таго, як любоўна хтосьці кляпаў касу. Значыць, надыходзіць сенакосная часіна. Каб быў дома, ён начапіў бы на сваю кузню замок, дастаў бы ў кладоўцы з-пад страхі загорну-тую ў прамасленую анучу касу і пачаў бы ладзіць яе, каб пасля першай вялікай навальніцы, калі як след набярэ сокаў і ачысціцца маладая трава, выйсці на луг… Адзін раз, уполудзень, на яго лежбішча выйшаў стары губаты і з вялізнымі рагамі шэра-цёмны лось, запыніўся непадалёку, панюхаў паветра і спакойна, не пачуўшы паху зброі, павярнуў убок.
Уночы — у познюю, глухую часіну — падаўся, як надоечы і Хамічонак, не сцежкамі ды дарогамі, а лесам, пасля полем да Янкавін. Лепш сказаць — не да вёскі, да сваёй хаты, а на хутар Амшарок, да стрыечнага брата, старэйшага сына дзядзькі Францішка. Іхні сабака ведаў яго (Сцяпан падарыў таго шчанём сваякам), не забрахаў з трывогаю, але ён усё роўна быў абачлівы, у хату не па-стукаўся: там магла быць засада. Чэкісцкая альбо Хамічонкава. Адчуваючы дрыжыкі ад золкага паветра і халоднай расы і зямлі, праляжаў астатак ночы ў разоры ў дзядзькавым жыце — іхняе поле ведаў гэтак, як і сваё.