На досвітку аж зайшлася ад болю і радасці душа, ка-лі пачуў адзін, другі пеўнеў голас, калі на дзядзькавым блізкім двары зарыпелі дзверы, загаварыў мужчына (здаецца, з сабакам) ды калі яшчэ ўбачыў, як высокі стрыечны брат вядзе на поплаў каня — той, важкі, тупаў гулка, аж, здаецца, бухала ў Сцяпанавых напружаных вушах.
Сваяк вярнуўся ў двор, але Сцяпан не падымаўся і го-ласу не падаваў. Прыслухоўваўся і, лежачы на жываце, асцярожна разводзячы ў бакі маладое, але пруткае ўжо жыта, намагаўся ўсё разгледзець да драбніц. I неўзабаве ўбачыў. Калі трэці раз праспяваў певень, калі зачырва-неўся-заружовіўся небакрай, а пасля выплыла з-за яго вялікае, яркае, але зусім яшчэ не слепкае ў ранішняй зябкасці сонца, з хаты выйшлі два высокія вайскоўцы з аўтаматамі, загыркалі на сабаку, заганяючы яго ў будку. Пазяхаючы ды пацепваючы плячыма пасля цёплай хаты ад ядранай свежасці на дварэ, яны схадзілі за хлеў, апаласнуліся каля студні, потым выкацілі з гумна матацыкл з каляскаю; адзін сеў у каляску, другі, трымаючыся за ручкі, даволі доўга пстрыкаў нагою па адстаўленым рычажку. Калі яны паехалі, абдалі хутар рэзкім гукам і дымком, Сцяпан таксама яшчэ не вымкнуўся са схован-кі: можа, тых, з засады, тут было трое, можа, адзін яшчэ сядзіць дзе-небудзь на гарышчы і ў бінокль акідвае по-зіркам вялікае поле вакол Амшарка. Ясна ж, энкавэдыс-ты прыпільноўваюць якраз яго: дзядзька, канечне ж, у іхніх руках.
Як на тое, сюды, за невысокі, накрыты саломаю скляпок на грудку і за высозную яблыню-райку, ніхто са сва-якоў не патыкаўся. Гаспадыня з нявесткаю тупаліся ў двары: з хаты — у хлеў альбо да студні, адтуль — зноў у хату, ды іх Сцяпан асцерагаўся аклікаць: ведама, кабеты, наробяць з пярэпалаху ляманту. А стрыечны брат як пайшоў на той бок сялібы, за гумно і за дрывотню, так і не паказваўся, штосьці заўзята дзяўбаў там — можа, і якое карыта.
Бадай, толькі праз гадзіны дзве, калі пачала ўжо блі-шчэць рознымі колерамі раса, зноў паказаўся ў двары. Асцерагаючыся падняцца і паказацца, Сцяпан асмеліўся толькі на адмысловы, заклікальны посвіст. I завабіў ім сваяка — той рэзка ўскінуў галаву, угледзеўся сюды, на сваё і чужое поле, а калі зноў пачуў свіст, падаўся, выйшаў з двара і запыніўся каля райкі.
— Стась, — ціха паклікаў. — Хадзі сюды.
Той шпарка, не азіраючыся, закрочыў і праз дзеся-так-другі крокаў ужо агледзеў.
— Стэфусь? — здзівіўся і, прысядаючы, занепакоіўся: — Ты паранены?
— Не, — адказаў ён і таксама, толькі па-свойму, запытаў занепакоена: — Ест хто чужы ў хаце?
— Не, — супакоіў той. — Былі з раёна, але выбраліся раніцай. Дык не бойся, хадзем у хату.
Ён падняўся, пайшоў замлелымі ад лежатні і зяб-касці нагамі побач са стрыечным братам. Абодва рослыя, плячыстыя. Лічы, падобныя. На сваіх бацькоў-братоў.
— Цяпер я ведаю, чаго гэтак танцаваў усю раніцу каля будкі сабака, — прамовіў Стась. — Чуў цябе, падаваў мне знак. Ды я не зразумеў яго.
У хаце, дзе палала печ, Сцяпан, лічы, перапужаў кабет: малодшая здзівілася ад анямеласці, а старая пляс-нула далоньмі:
— Стэфуська! Адкуль ты?
— Дзяньдобры вам, — сумна ўсміхнуўся ў адказ, добра ведаючы, што жаночае ўтрапенне невыпадковае: увесь гэты час, што ён быў у лесе, а тут таілася ўзброеная засада, яны жылі пад вялікім страхам. Сеў за стол, паставіў на яго локці і, бянтэжачыся, сашчапіў далоні. Ад хатняга цяпла і ўтульнасці ды паху ежы ажно закружылася галава.
— З лесу я, цёця…
— Нейкія адрачоныя, нежывыя ў цябе вочы, хлопец… — не зводзячы з яго позірку, адчаялася старая гаспадыня. — Як з труны цябе паднялі…
— Можа, і ваша праўда, — згадзіўся ён. — Не ведаю: жыву я ці не…
— Раскажы, Стэфуська, што там выйшла ў вас, — знясіленая гадамі і працай кабета прысела на табурэцік. — Чаму ты ўцёк? Дзе наш стары?
— Не ведаю, што і як расказваць, цёця, — апусціў зарослы падбародак на рукі. — Што выйшла, сам не разумею… Як у сне ўсё.
Трошкі памаўчаўшы, пачаў расказваць дзядзькаву і сваю адысею: як іх цягалі на допыты, як збілі старога, а потым абодвух уночы везлі кудысьці ў закрытай машыне, як ён уцёк ад чагосьці загароджанага дошкамі і ка-лючым дротам, прыбіўся да Хамічонкавай хеўры.