Выбрать главу

— Душагуб… — здолеў толькі выціснуць з сябе Сцяпан.

— Увесь у маёй уладзе, даходзіш, а, дурань, не так паводзішся! — злосна пасміхнуўся Кураглядаў. — Цяпер табе трэба не пра гонар свой, не пра помсту думаць, а пра тое, каб выжыць. — Яшчэ раз ціскануў ботам на грудзіну, зноў змусіўшы папярхнуцца і ледзь адкашляцца. — Хочаш жыць?

Сцяпан не меў сілы, каб плюнуць яму ў твар, паспрабаваў сашчаміць пальцы, каб хоць крыху загрэб-ці зямлі і шпурнуць яе на яго, але не здолеў і гэтага.

— Ты цяпер павінен прасіць, маліць, каб я пакінуў цябе жыць! Ды што — прасіць, маліць! Боты мае павінен цалаваць!

Падняў нагу з грудзіны, паднёс бот да яго вуснаў:

— Цалуй!

— Фашыст!

— Ты каго гэта так абзываеш? — Кураглядаў балюча ткнуў наском бота яму ў губы, што, можа, і рассек іх. — Мяне? За тое, што мы перамаглі вас? Што я тут і вось перамог цябе, уражыну? Калі ты такі, не хочаш папрасіцца, дык будзеш парыць у зямлі косці! А я буду жыць, кіраваць, піць і гуляць! I можа, нават спаць з тваёй красуняю!

— Людаед… — прастагнаў Сцяпан, не адчуваючы ўжо ніякага страху. Можа, і з-за нянавісці, прыкрасці і гідлівасці да гэтага мярзотніка.

Кураглядаў зноў паставіў бот на яго грудзіну, зноў балюча ціскануў:

— Апошні раз пытаю: папросішся?

— Заплаціш! За ўсё заплаціш!

— Дурань! Пра якую плату маю ты гаворыш? Кім пужаеш? Судом? Суд — за мяне.

— Ёсць Бог!

— Які — Бог? Дзе ён? За каго? За цябе? Чаму тады вось не ратуе цябе?

— Заплаціш! За ўсё заплаціш! За кроў маю, за слёзы людскія.

— Баюся! — пацешыўся Кураглядаў. — Ой, як баюся! Суднага дня!

— Будзе ён, будзе…

Кураглядаў яшчэ раз ціскануў яму на грудзіну:

— Бачыш: душу цябе — і хоць бы што! I, думаеш, дакараць сябе буду, калі ты аддасі свайму Богу душу? Не! Не буду! Я нават з задавальненнем зводжу цябе з гэтага свету. Ты адразу тут мне не спадабаўся, стаў на маім шляху: бач, высокі, прыгожы, дужы, спрытны! Чалавек! Гаспадар! Асоба! Вясковы любімец!

Сцяпан разумеў: Кураглядаў не жартуе і не гуляе, га-ворыць тое, што цяпер думае.

— Але чорт з табой, няхай бы быў такі, які ёсць, — па-свойму спавядаўся той, — няхай бы не паўставаў на маёй дарозе, не замінаў мне рабіць тое, што трэба. Скажаш, ты не чапляўся да мяне, не пагражаў, я штосьці сачыняю? Ты — хітры, ты быў нібы лаяльны, але ты душой ненавідзеў і ненавідзіш мяне! Ты быў бы рад, каб я загрымеў з пасады, каб мяне падстрэлілі лесавікі ці я, скажам, уляцеў у якую палонку! Мы з табой зусім розныя людзі, але і перад смерцю ведай: лічы сябе лепшым за мяне, але кіраваць табой, вамі ўсімі буду я! Такі ўжо ваш лёс! Вам трэба з гэтым проста змірыцца! Змірыцца — і ўсё! Вы ў полі зроку нашых інтарэсаў! I мы вас павінны перакаваць на свой лад!

— Адыдзі…

— Як гэта — «адыдзі»? А з табой што рабіць? Калі цябе хто падбярэ і ты выжывеш, дык можаш уцягнуць мяне ў непрыемную гісторыю! Праўда, я магу апраўдацца, што лавіў цябе, падсуднага і збеглага з-пад варты, ты пагражаў мне, дык я мусіў ужыць зброю. Але… Ці трэба мне непрыемнасці лішнія? Ды калі не ты, дык твае родзічы могуць забіць мяне зза вугла! Так што хтосьці адзін з нас можа жыць. Што да мяне, дык казаў і яшчз раз скажу: я хачу жыць, есці, спаць, цешыцца з жанчынай!… Што да цябе, то ты маеш маленечкі шанц урата-вацца. Але табе трэба, сам разумееш, папрасіць у мяне міласці, а потым здацца ўладзе і не ляпнуць чаго-небудзь лішняга. Сказаць, да слова, што падстрэлілі цябе твае нядаўнія хаўруснікі…

Сцяпан падняў крыху галаву, зірнуў угору:

— Неба божае, сосны мілыя, зямля родная, будзьце сведкамі смерці маёй! Не забудзьце нічога! Усё запомніце!..

— Ха-ха-ха! — зарагатаў Кураглядаў. — Ён не ў мяне просіцца, а ў сіл прыроды, у Бога! Ты, яшчэ раз скажу, у мяне прасіся! Во, глядзі, — дастаў з кішэні штаноў пісталет. — Адвяду сабачку, націсну курок, смаляну ў лоб. — Развёў рукі. — Усё, канцы табе. Не зраблю гэтага — можаш яшчэ ўратавацца… Толькі не страш помстаю. Прасіся, умольвай, а то і цалуй бот. Калі ўбачу, што ты пакарыўся, дзякуеш, дык, можа, і пашкадую. Калі не цябе, дык тваю красуню і тваё дзіця. Даю апошні шанц: цалуй мой бот, кляніся, што нікуды мяне не ўблытаеш. — Які ўжо раз зноў ціскануў ботам на грудзіну. — Чуеш, што гавару?

Сцяпан нічога не адказаў, пераадольваў камяк у горле і сціскаў вусны, каб не застагнаць ад болю. Адчуваючы, што вось-вось можа зноў страціць прытомнасць (цяжэюць павекі, мацнее гул у вушах, а пад спіной большае і большае крывяная пляміна), з прагай пазіраў і пазіраў увысь: на зялёна-цёмныя хваёвыя вяршочкі, што імкнуліся ўсё бліжэй да сонца, на беленькую абла-чыну, што крыху ўжо адпаўзла ўбок, на блакітную просінь неба, што было гэтакае знаёмае, блізкае і ў той жа час зусім далёкае ды абыякавае.