Выбрать главу

— Ведаю, — падаў голас я. — Ваш першы сакратар райкома — сваяк першага сакратара ЦК.

— Партыя павінна заткнуць гэтым дэмакратам рот і зноў высока падняць свой сцяг, — сціснуў руку ў кулак Кураглядаў. — Калі праваронілі Усходнюю Еўропу, дык трэба хоць утрымаць СССР, ленінскую ідэю. Ды вярнуць добрае імя нам, ветэранам.

Павярнуўся і з'едліва ўсміхнуўся:

— Ці я, «кансерватар і сталініст», не тое гавару?

— Час, гісторыя ва ўсім разбяруцца, як ужо ў тым-сім разабраліся, — адказаў я. — Дзе былі, ёсць святыні, а дзе злачынствы…

Кураглядаў наструніўся, паўзіраўся мне ў вочы, по-тым адвёў цяжкі позірк.

— Гэта ты — пра рэабілітаваных дзеда і дзядзьку?

— I пра іх.

— Што да іх, дык скажу чэсна: яны не былі савецкія, але, канечне, калі па-сённяшняму, іх не варта было губіць. Трэба было пасадзіць на год-другі, папалохаць і адпусціць. Яны былі б добрыя калгаснікі, як і ўсе ў вашых, заходніх, абласцях. Час іх перавыхаваў.

— I садзіць, і перавыхоўваць іх не трэба было, — прамовіў я.

— Такая была эпоха… — уздыхнуў Кураглядаў.

— Эпоха, лад і людзі… — пахітаў я галавою. — Вы маглі б заступіцца, але не заступіліся.

— Не мог, Адамавіч, — Кураглядаў прыклаў руку да грудзіны. — Чэснае слова, не мог.

— А чаму вы нават цяпер заміналі іх рэабілітаваць? Ён заварочаўся, адчуваючы, што я ведаю пра ягоныя нядаўнія запіскі, у якіх ён нагаворваў абы-што пра невінаватых людзей. Але нічога не адказаў, сам запы-таў:

— Уведалі, дзе і як яны загінулі?

— Не.

Кураглядаў, здаецца, уздыхнуў з палёгкай.

— Павер, Адамавіч, — нібы пакляўся, — я не мог іх уратаваць. На жаль, былі тады свае абставіны, памылкі. Але іх асудзіла наша партыя.

— А вы? — перапыніў яго я.

— Што — я?

— Асуджаеце сябе хоць крыху за тое, што вытваралі ў нас старшынёй сельсавета, а пазней і старшынёй калгаса?

Кураглядаў пабарабаніў пальцамі па партфелі: можа, і не забыў, як ганяў мяне позняй восенню з бульбянога поля альбо як зламаў маю касу на ржышчы, як піў, брыдка лаяўся, а таго-сяго і лупцаваў.

— Былі і ў мяне памылкі, — сказаў, — але я служыў сумленна.

— Зручная пазіцыя. Але не будзем больш пра гэта. Давайце гаварыць пра тое, што прывяло вас сюды.

— Прыйшоў я да цябе, Адамавіч, з просьбаю, — раптам змяніўся, палагоднеў Кураглядаў. — Засумаваў я на пенсіі, адчуў, што маю яшчэ сілу, разбіраюся ў палітыцы, магу папрацаваць на іншым фронце…

«Чертовски хочется конструктивно поработать!» — успомніў я словы аднаго пажылога партыйнага кіраўніка і ўсміхнуўся.

— Карацей, Адамавіч, сеў я неяк у цяньку пад яблыняй і задумаўся пра сваё жыццёбыццё. Цяжкое, гаротнае было маё маленства, але ж з іх, з бядняцкіх нізоў, у наменклатуру выйшаў, заслужаным чалавекам стаў! I надумаўся я кнігу пра сябе напісаць. Спачатку папрасіў у суседа-настаўніка падручнік і пачаў у сталыя гады вучыць, што гэта такое — сацыялістычны рэалізм, класавасць, што такое раман, сюжэт, завязка і развязка… Накінуўся чытаць кнігі, пра якія шмат шумелі… Ну, а тады сеў сам пісаць. Як разагнаўся — дык, брат ты мой, ні канца, ні краю няма! Эпапея выходзіць! Паслаў яе ў Маскву, у ЦК — так і так, памажыце, таварышы, вернаму байцу партыі ягоную творчую працу да шырокіх чытацкіх слаёў данесці. Тыя пераправілі мой рукапіс у выдавецтва. А яно адаслала мне маё: па-іхняму, і тое, і гэта не так. Параілі, каб звярнуўся ў Мінску ў Саюз пісьменнікаў. Паехаў у ваш Саюз, пахадзіў па кабінетах, урэшце трапіў да высокага і тонкага кансультанта. «Цудоўна! З жыцця!» — заўсклікаў той і, нічога не паправіўшы, адаслаў мяне ў мінскае выдавецтва. Узялі там мой твор. Праз нейкі час мой рукапіс — на рэцэнзію нейкаму гісторыку. Той, падлюка, без нажа зарэзаў. «Калі да твора аўтара падыходзіць з дакументальнага, гістарычнага пункту гледжання, — да слова, напісаў, — дык у яго, на жаль, пераважае прыярытэт асабістага над грамадскім». Я сам люблю мудрыя слоўцы, але тут нічога не зразумеў! Адным словам, рукапіс мне вярнулі. Можа, ты, Адамавіч, яго паглядзеў бы?

Прызнаюся: я зацікавіўся кураглядаўскім творам, тым, што і як піша гэты чалавек «пра час і пра сябе».

— Змучыўся я ўжо з гэтай пісанінай, — прызнаўся ён. — Гэта ж, як, убачыў, катаржная праца! Дзень і ноч спакою не маеш, суткамі, тыднямі, нават месяцамі горбішся каля стала! Часамі нічога гаспадарскае не ў галаве! Адарвуць — злы, як звер! А бывае, няма натхнення, хоць ты плач! Месяц-другі не пішаш, дзіка п'еш, гатовы падраць усё, што напісаў, а сябе звесці са свету як нездаляку! А потым… нейкі гад возьме і збэсціць твой у пакутах народжаны твор!..