— Як я чуў, у калхозы людзі пойдуць толькі па ахвоце?
— Так, — нахмурана адказаў Бычэнка, асцерагаючыся вось такіх адсталых, але кемлівых дзядоў, што могуць павесці вёску за сабой.
— Тых, хто не пойдзе, не будзеце вывозіць у Сібір?
— Калі не будзе падкопаў і злачынных учынкаў, дык не. Мы лічым: патэнцыяльныя ворагі калгаснага ладу ўжо ліквідаваныя, а несвядомыя паволі перавыхаваюцца.
— А абагульняць наша дабро будзеце?
— Колькі і што абагульняць, рошыце пазней самі. Праўленнем калгаса альбо на агульным сходзе.
— А хто не пойдзе, падаткі на яго будуць вялікія?
— Што за правакацыйныя пытанні, дзед? — пачаў кіпець Бычэнка? — Усе твае размовы разлічаныя на тое, каб не толькі супраціўляцца калгаснаму ладу, але і стаць кулаком.
— Гэта значыць — багатым?
— Багацеем-багацеем!
— Дык што вы хочаце: каб усе пабагацелі альбо каб усе аднолькава пабяднелі?
— Зразумей, дамарослы хвілосаф, — ледзь стрымліваў злосць Бычэнка. — Па-першае, мы нікога нікуды сілай не гонім. Выбірай сам: ці жыць пры цемры, ці пры святле?! Па-другое, ужо мінуў час невялікіх прыватных гаспадарак, аднаасобніцтва. Новая эпоха патрабуе новага, з тэхнікай і агранамічнымі ведамі гаспадарання. А заадно новай філасофіі і псіхалогіі, выхавання новага чалавека, каб хутчэй прыйсці ў камунізм — самы дасканалы і шчаслівы лад, што можа ўсталяваць прагрэсіўнае чалавецтва.
— Але ж мы ўжо маем хлеб і да хлеба… — стаяў на сваім стары. — Каторыя з нас калі не сёння дык заўтра могуць злучыцца ў гурты, купіць зямлі, машыны, жывёлу!…
— …і задушыць вёску? — перапыніў яго Бычэнка.
— Чаму — задушыць? Завесці гуртавыя гаспадаркі, мець сабе, прадаваць многа хлеба, мяса, малака. Як, да слова, у Германіі бавэры.
— Здраствуйця! — ухмыльнуўся Бычэнка. — Мы, камуністы, будзем спрыяць умацаванню кулакоў, капіталістычнай сістэмы германскага ўзору! Ніколі! Нідзе!
— Дарэмна вы во гэтак слухаць не хочаце!
— Мы слухаем. Рабочых і сялян, а не ўласнікаў.
— Але ж…
Бычэнка азірнуўся на начальніка міліцыі і пад-міргнуў яму. Капітан, тоўсты, чырвоны, падхапіўся, паправіў на паясніцы кабур, дастаў з планшэткі блакнот, самапіску і ўставіўся, як каршун, на барадатага га-варуна:
— Фамілія?
Стары адчуў небяспеку, але рашыў не адступаць:
— Я хачу, каб вы падумалі…
— Ваша фамілія? — зноў загуло няўмольнае пытанне.
Той збянтэжыўся, азірнуўся і, бачачы, што вучаныя-правучаныя аднавяскоўцы асцярожліва маўчаць, сеў.
— Бясспрэчна, хутаранская выхадка! — абурыўся Бычэнка. — Хто хоча сказаць іншае, свядомае і правільнае слова?
Я пачаў есці вачыма Мішку Супраневіча: яму мы сказалі сесці пасярод залы і абсякаць няўгодных, падаваць рэплікі ў нашу карысць (бачыў яго першынца, вельмі ж, чорт пабяры, той падобны на мяне).
Той, убачыўшы мой строгі позірк, трохі дурасліва загукаў:
— Мы — за калхоз!
Не толькі яго суседзі па партах, але і ўвесь сход узарваўся, напаў на яго, свайго «падбрэхіча»:
— Абібок!
— Не рапіай за ўсіх!
— Ціха!!! — закрычаў ледзяным голасам начальнік міліцыі. — Папрашу, каб быў парадак! Хуліганаў удалю са сходу! Падбухторшчыкаў-правакатараў завязу ў раён!
Гул пачаў улягацца, загаварылі паўшэптам ужо:
— Во сволач!
— Што — галяку? У калхозе спрытней украдзе!
— Па вачах бачу: вы не супраць Савецкай улады і калгасаў, але пакуль што па закаранелай сялянскай звычцы баіцеся новага, — не выпускаў лейцаў з рук Бычэнка. — Дарэмна. Ніколі не варта баяцца новага, перадавога. Яно, паўтараю, зробіць вас і вашых дзяцей шчаслівымі людзьмі. Адпаведна, хто за тое, каб утварыць тут, у Янкавінах, калгас?
Першы падняў руку чарнамазы няголены Мішка, за ім — яшчэ некалькі чалавек з вялікага гурту — тыя, каго таксама «апрацоўвалі» перад сходам.
— Адзін, два, тры… — пачаў лічыць Бычэнка, а потым смела і самаўпэўнена аб'явіў: — Пераважная большасць…
Стары Юзаф прыўзняўся і азірнуўся.
— То ж некалькі чалавек…
— Грамадзянін-правакатар! — зноў падхапіўся і паправіў кабур начальнік міліцыі. — Выйдзіце з залы! Мы з вамі пагаворым у іншым месцы!
Стары абсунуўся, пабялеў.
— Калі вы рашылі ўтварыць калгас, то трэба даць яму імя, — бачачы, што люд уломліваецца, паспакайнеў, нават пачаў ужо ўсміхацца Бычэнка. — Свядомыя таварышы з вашай вёскі раяць назваць ваш калгас іменем Карла Маркса — заснавальніка нашага вучэння, абаронцы пралетарыяту, вялікага чалавека. Хто — за? — I не міргнуўшы вокам: — Пераважная большасць. Далей. Давайце выберам старшыню калгаса. Райком раіць вам таварыша Кураглядава, які мае ў гэтай справе вялікі вопыт, свядомы і ідэйны таварыш, да ўсяго працаваў у вас, ведае тут усіх, а вы ведаеце яго.