Выбрать главу

Ясна, выклікалі мяне і Яўгенію Сямёнаўну на бюро. Спачатку дапытваць пачалі. У Яўгеніі Сямёнаўны.

«Я не згаджалася, — прыкінулася яна авечачкай. — Апанас Лукіч мне сілай сувязь навязаў…»

Зразумела, абрынуліся на мяне.

— Гэта не першы твой раман! — закрычаў Пятроў. — З-за любошчаў ты разваліў калгас! Амаль на апошнім месцы ў раёне! Увесь у даўгах! Але які дом сабе адбухаў, якую ражку наеў! Домработніцу мае! Памешчык!

Як я і адчуваў, Пятроў закончыў так:

— Трэба гнаць з партыі антымаральнага і да нічога няздатнага тыпа!

Жах! Што звачыць — быць выключанаму з партыі?! Усё, гамон тваёй наменклатурнай кар'еры! Пойдзеш у асадак, вон! Сабраў сілы і, як некалі вучыў адзін разумны чалавек, стаў па стойцы «смірна» і «Інтэрнацыянал» заспяваў. Ды так натхнёна, што аж слёзы пацяклі. Як перад смерцю.

— Не кашчуннічай! — падхапіўся і затрос кулакамі Пятроў.

— Я не кашчуннічаю, паважаны Ігнат Савельевіч, — захлімзаў я. — Я адданы нашай роднай партыі, я за яе жыцця не шкадаваў і не шкадую. У мяне ёсць хібы, памылкі, але я верны баец партыі.

Кранула членаў бюро мая слязіна. Не выкінулі мяне са сваіх радоў, далі «апошняе строгае папярэджанне», а Яўгенію Сямёнаўну перавялі ў іншую школу.

Прызнаюся, доўга я без яе сумаваў. Нават, здаецца, раптоўна старэць пачаў. Я развітаўся не толькі з ёю, але са сваімі маладымі гадамі. Пасля, калі дацягваў да пен-сіі зусім на радавой рабоце, часамі думаў сам сабе: які я тады быў дурны, як перажываў за вымовы і баяўся страціць наменклатурную пасадуі Можа, варта было плюнуць на ўсё, у тым ліку і на сваю Марусю, ды звязаць лёс, скажам, з той жа Яўгеніяй Сямёнаўнай. З ёю, ві-даць, жыў бы не шэра і не паныла. Усё ж адно жыццё, ад-на маладосць. Яны, здаецца, вышэй усякіх пасад, білетаў… Але… Услых пра гэта я нікому не сказаў. Нават больш — каб пачуў ад каго іншага такія думкі, дык адразу расказаў бы пра іх у райкоме…

9. ПЕРАМЕНЫ

Не сакрэт: да калгасаў першай персонаю ў заходняй вёсцы быў старшыня сельсавета, а пасля калектывізацыі паволі ўзвысіўся старшыня калгаса. А гэта значыць, што я доўга быў у Янкавінах гаспадар, трымаў усё ў сваім кулаку, караў і мілаваў. Калі сказаць шчыра, меў над янкавінцамі большую ўладу, чым памешчык над прыгоннымі. Калі які прыгонны за непаслушэнства мог толькі дубцоў на стайні адхапіць па мяккім месцы, то я любога свайго калгасніка меў моц нават за няласкавы позірк чорт ведае куды запраторыць. Я дабіваўся, каб перада мной не толькі хваляваліся, але каб… Бывала, калі хтосьці паспрабуе гаварыць са мной без узрушэння і трапятання, дык абарву такога адразу: «Что-та не слышу, друг, в твоем голосе дрожин!» Здаралася, таму-сяму, хто спрабаваў падняць сваё «я», і па мордзе даваў. Скажаце: можа, не гуманна? Затое, мілыя мае, танна і сярдзіта! Як след шанавалі ўладу і службоўцаў!

Помню, як Гэльку Шабуню не хацеў з вёскі адпус-каць. Гэта цяпера яна — Галіна Адамаўна, народная артыстка, лаўрэат розных прэмій, адным словам, славутасць. Тады ж, у маё старшынёўства, было мізэрненькае, але дбайнае і працавітае дзяўчо. Я хацеў яе звеннявой-ільнаводкай паставіць. Аж яна прыходзіць аднойчы і просіць:

«Дайце даведку, што адпускаеце з калгаса».

«Куды? Чаго?»

«Хачу ў горад паехаць».

«У горад! — кплю. — I на якую ж пасаду?»

«Хачу вучыцца».

«Накаго?»

«На артыстку-спявачку».

«Оцо-цо-цо! — ухмыляюся. — Песенькі цягне спя-ваць? У белых туфельках і доўгіх сукенках фарсіць? Ап-ладысментаў, кветак, шампанскага хочацца? А хто ж кароў будзе даіць, хлеб расціць і дзяржаву вялікую карміць?»

Прысарамаціў, натацыю прачытаў і выгнаў з кабіне-та. Яна — у слёзы. Увечар да мяне настаўнік мовы і лі-таратуры, Францкевіч, чалавек з нацыяналістычным душком (гаварыў толькі па-беларуску), зазірае і просіць за гэтую Гэльку: яна, бачыце, мае вялікі талент, дык ёй трэба вучыцца.

Я — на дыбы. А ён:

«Грэх, Лукіч, не даваць развівацца людзям. Дар тале-навітых — народны дар».

«Але, каб вывучыць яе, трэба час, грошы, — адказваю. — Дык нашто іх траціць, адрываць сялян ад зямлі, калі можна запрасіць тых жа спевакоў, мастакоў, кіношнікаў з Масквы, Ленінграда альбо Магадана? Прыедуць! Праз год-другі стануць народнымі!»

«Таленавітыя не паедуць, яны на месцы трэба, — гне сваё Францкевіч. — Прыедуць няўдачнікі альбо шукальнікі нажывы. А па-другое, трэба ж развіваць сваю культуру. Каб тая ж Гэлька стварыла сваю школу. Вось у нас няма сваіх добрых сцэнарыстаў, рэжысёраў, дык і няма нашага арыгінальнага кіно».