Выбрать главу

Тое, што ў Полацку былі, а можа і зараз ёсьць, падземныя хады, не было адкрыцьцём. У любым старым беларускім горадзе знойдуцца свае ўласныя легенды пра сутарэньні і лёхі. Звычайна іх будавалі ў крэпасьцях і кляштарах. Гэта дазваляла заможным асобам або мніхам пры небясьпецы пакінуць сваё жытло незаўважна. У гэтых сутарэньнях таксама хавалі ад хцівага вока скарбы і каштоўныя рэчы.

Полацак быў поўны легендаў пра падзямельлі. З краязнаўчых кніг нават былі вядомыя ўспаміны людзей, якія на пачатку ХХ стагоддзя ў тых лёхах пабывалі.

Васіль верыў у гэтыя легенды. Больш таго, ён лічыў, што ў тых лёхах да сёньня перахавана нешта вельмі істотнае для Полацка. Магчыма, нават Полацкі летапіс, пра які ўсе казалі, што ён страчаны назаўсёды. Але як тыя лёхі адшукаць?

Васіль некалькі разоў старанна абсьледаваў усе закуткі Замкавай гары. Са сталёвым прэнтам ён аблазіў нават зарослыя быльнягом і кустамі стромкія схілы ракі. Нічога, аднак, падазронага не знайшоў. Калі нейкі ўваход або выхад з падзямельля тут і існаваў, то, відавочна, быў засыпаны пластом зямлі.

Кроква вылічыў і месца, зь якога Ластоўскі з Падземным Чалавекам спускаўся ў полацкія лёхі. Недзе побач з тым лазам стаяў некалі будынак Базыльянскага кляштару. Цалкам магчыма, што Ластоўскі спускаўся ў падзямельле са склепу таго будынка. Бо ўсе манастырскія камяніцы ў Полацку мелі свае дрэнажныя лёхі для адтоку грунтовай вады. Некаторыя мелі такую вышыню, што па іх можна было, сагнуўшыся, вольна хадзіць.

* * *

Стварыць філію «Маладняка» ў Полацку аказалася яшчэ складаней, чым у Віцебску. Дудар абышоў усе ўстановы культуры і адукацыі ў горадзе ў пошуках патэнцыйных сяброў літаратурнай арганізацыі. Але знайсьці творчых людзей у правінцыйным зрусыфікаваным Полацку было ня так проста. Найбольшае расчараваньне Дудара чакала ў мясцовым пэдтэхнікуме. Тут ён меў гутарку з выкладчыкам Аляксандрам Пшчолкам, які наўпрост сказаў юнаку, каб той не баламуціў навучэнцаў і ўвогуле палачанаў, бо «белорусы не принимают в обиход этот язык».

З такім нахрапістым адмаўленьнем Дудар сустрэўся ўпершыню.

– Ведаем, адкуль вы набраліся гэтых думак. Але ранейшыя часы ня вернуцца, як бы вы ні хацелі і ні імкнуліся іх вярнуць, – са злосьцю прамовіў Дудар.

Словы гэтыя яму даліся ў знакі, бо Пшчолка напісаў скаргу ў акружны камітэт. Маўляў, грамадзянін Дайлідовіч яго абражаў і абвінавачваў невядома ў чым, ледзь не ў контррэвалюцыі. Насамрэч пільны выкладчык толькі зрабіў вымову юнаку за тое, што той без дазволу цягаўся па пэдтэхнікуму і бунтаваў навучэнцаў.

Дудара выклікалі ў агітацыйна-прапагандысцкі камітэт акружкама, дзе яму прыйшлося даваць тлумачэньні.

Па-іншаму сустрэлі Алеся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Тут пераважна вучыліся вясковыя дзеці, таму скрозь гучала беларуская мова. У лястэхнікуме пэрыядычна адбываліся розныя імпрэзы, сустрэчы і вечарыны. Дудар з задавальненьнем іх наведваў. Аднойчы ён і сам быў запрошаны выступіць перад навучэнцамі. Алесь расказаў пра «Маладняк», пра тое, што зараз працуе над стварэньнем полацкай філіі літаратурнай арганізацыі, запрасіў тых, хто спрабуе свае сілы ў прыгожым пісьменстве, далучыцца да філіі. Пасьля сустрэчы да яго падышлі два навучэнцы. Першы зь іх, Уладзімір Паскробка, сказаў, што зьяўляецца карэспандэнтам некалькіх менскіх газэтаў і плянуе заняцца літаратурай. Другі – Міхась Гулякевіч – быў проста аматарам беларускай літаратуры, які перачытаў усё, што здолеў адшукаць, і чакаў ад Дудара дапамогі ў пошуку кніг беларускіх аўтараў.

Дудар быў рады і гэтай «знаходцы».

* * *

Сьвятло ліхтара ўпала на сьцены сутарэньня. Падземны ход быў выкладзены з цэглы, цяжка ўжо сказаць якога колеру, бо каменныя бакі лёхаў і столь шчодра пакрываў слой зялёнага налёту, нібыта яны мядзяныя і ад вільгаці пакрыліся пацінай. Але зялёнымі сьцены выглядалі толькі на пачатку шляху: там, куды яшчэ час ад часу трапляла сьвятло. Далей яны былі ўжо чорнымі, як быццам бы ў фоташопе прыбралі колер. Столь упрыгожвалі плямы ад сажы. Відаць, некалі тут хадзілі з паходнямі. У разрэзе падземны ход уяўляў сабой усечанае кола, бо падлога ўсё ж была роўнай, шырыня не сягала за мэтар.

Лёхі вялі ў бок Сафійскага сабору. Але ў падзямельлі цяжка арыентавацца, лёхі маглі кудысьці адхінуцца, а заўважыць гэта было амаль немагчыма.