Выбрать главу

Праваслаўныя Міхайлаўскія могілкі зруйнавалі саветы ў 30-х гадах, калі пашыралі полацкі аэрадром. Зраўнялі зь зямлёй ня толькі магілы, але і саму Міхайлаўскую царкву, якая месьцілася пасярод старых кладоў. Самалёты з савецкімі зоркамі на крылах і фюзэляжах узьляталі тут проста над трунамі, косткамі і надмагільнымі помнікамі.

Кроква паспрабаваў гэта ўявіць – і па ўсім яго целе пабеглі нэрвовыя мурашы. Ад старых жыхароў Запалоцьця ён неаднойчы чуў страшныя гісторыі, зьвязаныя з гэтым трагічным месцам. Тут почасту адбываліся розныя жахлівыя здарэньні – забойствы і згвалтаваньні, – і не аднойчы бачылі ўсялякія дзіўныя зьявы. Вось і цяпер найбольш дарожных аварыяў у Полацку здараецца менавіта на гэтым, здавалася б, абсалютна бясьпечным участку дарогі на новы мост.

«Нешта ёсьць у гэтым сьвеце, што нараджаецца і дзейнічае тысячагодзьдзі, нягледзячы на ўсе грамадзка-палітычныя зьмены і закалоты, – разважаў Кроква, прытуліўшыся сьпінай да камля бярозы. – І, відаць, гэта значна больш істотнае, чым розныя партыі, грамадзкія рухі і аўтарытарныя рэжымы. Хаця, зь іншага боку, менавіта аўтарытарныя рэжымы і пакідаюць пасьля сябе такія жахлівыя анамальныя мясьціны, учыніўшы гвалт і злачынства, парушыўшы сьвятыя традыцыі і запаветы дзядоў».

Кроква ня быў зацятым антыкамуністам. Ён, хутчэй, прытрымліваўся сваёй тэорыі дабра і зла, сьвятла і цемры. Паводле яго, у кожным асяродзьдзі, сярод прыхільнікаў любых ідэяў і перакананьняў ёсьць сьветлыя і цёмныя людзі, калі не лічыць зусім ужо дэманічных і вар’яцкіх, а такіх Кроква ўважаў проста за небясьпечна хворых. Бо нават сярод нямецкіх акупантаў часоў Другой сусьветнай вайны былі сьветлыя людзі. Адзін з такіх немцаў папярэдзіў дзеда Кроквы, што яго на раніцу арыштуюць, і такім чынам уратаваў усю дзедаву сям’ю, якая ўночы выехала ў партызанскі лес. Уратаваў і яго бацьку, які быў тады малым хлопчыкам, і, атрымліваецца, уратаваў і яго, Крокву.

Аднак у сваёй тэорыі Васіль ніяк ня мог знайсьці прычыну падзелу людзей на сьветлых і цёмных. Калі казаць, што тут грае асноўную ролю выхаваньне з маленства, то якім чынам здараецца, што браты-блізьняты вырастаюць абсалютна рознымі людзьмі, часам – супрацьлеглымі? Як так атрымліваецца, што сьвятыя айцы і мніхі, якія палову жыцьця правялі ў сумоўі з Богам, раптам зьдзяйсьняюць жудасныя злачынствы?

Як патлумачыць дзеяньні зацятых вернікаў, калі яны з ахвотай дапамагалі нямецкім карнікам зьнішчаць габрэяў? Падобна, што прычына падзелу на сьветлых і цёмных палягае значна глыбей, а прыкметы прыналежнасьці захоўваюцца, магчыма, у генах. Або людзі не паміраюць, а толькі мяняюць цялесную абалонку. І ўсе свае назапашаныя якасьці штораз пераносяць з сабой у новую чалавечую істоту.

Кроква дастаў зь невялікай сумкі, якую насіў на раменьчыку праз плячо, нататнік і сваім мудрагелістым почыркам запісаў: «Людзі, магчыма, не паміраюць, а толькі мяняюць свае цялесныя абалонкі». Затым ён спусьціўся з гары, з таго самага боку, зь якога і падняўся, і пашыбаваў спорным крокам у бок свайго мікрараёна.

* * *

Чарговы выклік у Полацкі акруговы камітэт не абяцаў Дудару нічога добрага. Пачуцьцё трывогі нарастала з кожным няроўным крокам, якім ён набліжаўся да адпаведнага будынка. Мінулы раз ён меў сьведкаў, студэнтаў пэдтэхнікуму, якія яго вадзілі па навучальным корпусе. Таму данос Пшчолкі аказаўся марным. Студэнты пацьвердзілі, што ніякім чынам Алесь выкладчыка не абражаў, толькі сказаў, што царскія часы ніколі ўжо ня вернуцца, а Савецкая Беларусь будзе спрыяць нацыянальнай культуры, а значыць і мове. Пра гэта можна прачытаць у любой сталічнай газэце на першай паласе. Гэта была, можна сказаць, генэральная лінія камуністычнай партыі ў нацыянальным пытаньні. Таму ў акруговым камітэце ніякім чынам не маглі аспрэчыць словы Дудара, тым больш палічыць іх за абразу. Нават калі і не былі прыхільнікамі беларускага адраджэньня.