– Магчыма, і наведваў. Але якое гэта мае значэньне?
– Гэта можа быць доказам таго, што сапраўды існаваў шлях «з варагаў у грэкі».
Ага, падумаў Кроква, значыць, Ластоўскі тут як гісторык і дасьледчык, як аўтар «Кароткай гісторыі Беларусі». Гэтая думка неяк разьняволіла Крокву, бо ён ужо пачаў гадаць, што за мэта гэтай чарговай сустрэчы.
Ластоўскі працягваў:
– Гэты дракар не пасьпеў на дапамогу Рагвалоду, і цяпер ён непрытульны, як Лятучы Галяндзец. Чуў легенду пра Лятучага Галяндца?
– Канешне, кожнае дзіця ведае гэтую легенду, – адказаў Кроква Ластоўскаму, як вучань настаўніку.
– Усё было б інакш, калі б гэты дракар пасьпеў у час. Уся беларуская гісторыя пайшла б іншым шляхам. Вельмі небясьпечна ў лёсаносны пэрыяд не пасьпець у час.
– А дзе каманда гэтага дракара? Бо, напэўна, не дракар вінаваты, а каманда, – нерашуча спытаў Кроква: наколькі ён ведаў, у Лятучага Галяндца былі і капітан, і каманда. Бо што такое карабель без каманды? Проста чарупіна сярод хваляў.
– Каманда зьяўляецца адразу, як толькі ўздымаецца ветразь, – Ластоўскі павярнуў га лаву ў бок мачты карабля і дакрануўся рукой да ветразя. – Маеш рацыю, вінавата каманда, а не дракар. Але людзі могуць памыляцца і ра біць кепскія ўчынкі, а дракар ня мае права па мыляцца. Дракар – гэта пасланьнік лёсу. Ёсьць у сьвеце больш сур’ёзныя і важныя рэчы, чым людзі і іх жаданьні, пляны і справы.
Кроква сіліўся зразумець, што гаворыць Ластоўскі, але ў яго гэта не атрымлівалася.
– Але людзі несьмяротныя, яны толькі мяняюць абалонку, – нечакана для самога сябе сказаў Кроква.
Ластоўскі ўважліва паглядзеў на Крокву. Затым павярнуў свой твар у бок Сафійскага сабору і спытаў:
– Бачыш, на крыжы Сафіі сядзіць крумкач. Гэта птушка або чалавек?
Кроква паглядзеў у бок Сафіі і ўбачыў на крыжы званіцы чорную кропку.
– Канешне, птушка, – упэўнена сказаў Кроква.
– Але гэта таксама абалонка. Разумееш? Усё, што ты бачыш навокал, – гэта абалонкі. Чалавек ня можа сам абраць сабе тое, што заманіцца. Гэта вырашае дракар. Дакладней, той дракар, да каманды якога ён прыпісаны. Калі твой дракар спазьняецца, ты апынесься на Лятучым Галяндцы. І тады, як бы ты ні хацеў, твой лёс гу бляе мэту, тады дракар проста перасоўваецца ў прасторы – бязмэтна і бяз порту прыпіскі.
Кроква адчуў, як пад ім заварушыўся кара бель, як нешта жывое.
– Нам пара пакінуць гэты дракар-прывід. – Ластоўскі ўстаў і пачаў прабірацца на запалоцкі бераг. Кроква пасунуўся сьледам.
Калі яны абодва сышлі на зямлю, на дракары рэзкім рухам узьняўся ветразь і карабель рыўкамі пачаў ссоўвацца на ваду. На вадзе кара бель ашчацініўся вёсламі і досыць імкліва пайшоў супраць плыні.
Крокве хацелася задаць Ластоўскаму апошняе пытаньне, каб неяк праясьніць для сябе па чутае. Ён ня вытрымаў і запытаўся:
– А мэта якая? Якая мэта?
– Не даць марсіянам захапіць Беларусь, – пачуў Кроква ў адказ, але самога Ластоўскага ўжо ня ўбачыў.
Частка другая
Час ішоў, а справа стаяла на месцы. Ствараць філію «Маладняка» ў Полацаку не было з кім. На нейкі час Дудар нават зьмірыўся з гэтай безвыходнай сытуацыяй. Няма дык няма, навошта займацца прафанацыяй – імітаваць літаратурнае жыцьцё, дзе яно папросту адсутнічае. З такімі думкамі Дудар напісаў ліст у Цэнтральнае Бюро «Маладняка». У Менску ягоны капітулянцкі настрой моцна скрытыкавалі. Неўзабаве Полацак наведалі Анатоль Вольны і Язэп Пушча – сябры Цэнтральнага Бюро – і растлумачылі юнаму культуртрэгеру, што на першы час можна стварыць суполку проста з моладзі, якая цікавіцца літаратурай і ў пэрспэктыве магла б стаць яе папулярызатарамі.
Дудар, схіліўшы галаву, выслухаў старэйшых калег і зноў узяўся за працу. У выніку нарадзілася Полацкая філія «Маладняка» ў складзе сямі сяброў: некалькі маладых настаўнікаў, якія скончылі Менскі педтэхнікум і якіх накіравалі працаваць у Полацак, ды жменя мясцовых студэнтаў і вучняў. З усёй гэтай сябрыны толькі адзін чалавек меў непасрэднае дачыненьне да літаратуры – сам Алесь Дудар.
Пазытыўнай зьменай сталася і перадыслякацыя маладога паэта. З інтэрнату ў езуіцкіх мурах Дудар перабраўся ў дом па вуліцы Карла Маркса, у якім жылі настаўнікі, камсамольскія і акругкамаўскія работнікі. Прынамсі, тут у яго зьявіліся больш-менш зручныя ўмовы для жыцьця і творчай працы.
* * *
Літаратура для Кроквы была паралельным сьветам і чараўніцтвам. Але адзінкі – гэта добра ведаў Васіль – маглі рабіць сапраўдныя цуды. Гэта калі напісанае ажывала і рабілася рэальнасьцю. Дакладней, яно рэальна ўплывала на жыцьцё людзей.
Надараліся хвіліны, калі Кроква баяўся гэта га занятку. Як баяцца людзі далучыцца да вядзьмарства, нават калі гэта спадчынны дар.