— Добра, аднак цана для кожнага з вас будзе індывідуальнай. Што канкрэтна i каму рабіць, я вызначу пазней!
Буравікам не заставалася нічога іншага, як моўчкі пайсці.
— І што ты збіраешся запатрабаваць ад іх?
— Прабач, Кгін, ты мне сябар, але адкрыць карты я не магу — гэта можа паўплываць на вынік закладу! Без крыўд?
— Безумоўна!
— Любарт, яшчэ адна душа?
— Цэлыя дзве! Я быў у аранжарэі!
— І як жа табе ўдалося атрымаць подпіс прафесара Эйсманда?.. Ты спакойна можаш казаць пры Кгіне — у мяне ад яго таямніц няма!
— Я падсунуў пагадненне ў тэчку з паперамі на подпіс!
— І прафесар Эйсманд па адвечнай сваёй неўважлівасці яго завізіраваў?.. Спрытна! Махлярства ў чыстым выглядзе!
— Гэтая душа не лічыцца! — збунтаваўся галоўны механік.
— Вось ужо дудкі! Ніякіх дадатковых умоў ты не агучваў, Кгін! Душа ў мяне, а якім шляхам яна атрыманая, не важна! Ці ты хочаш прызнаць сябе пераможаным?
Кгін Мажэйка паматаў галавой і пашкадаваў аб тым, што наогул даў згоду на заклад.
Таўтвоіш Кандрашэвіч забраў пагадненне і сунуў яго ў тэчку, якая з кожнай гадзінай таўсцела. Задаволеная ўсмешка не сыходзіла з яго твару.
— А табе хопіць самагону і папярос, каб разлічыцца за ўсе душы? — злараднасць аказалася не такім ужо і дрэнным пачуццём.
— Вядома не!
— І як ты збіраешся выходзіць са становішча?
— Я прапаную людзям куды больш каштоўную альтэрнатыву! Тое, што трэба і моцным, і слабым, і разумным, і дурням!
— Не кажы загадкамі!
— Ты ўсё ўбачыш сам, Кгін, з часам!
Пад канец другога дня інжынеру-геліяэнергетыку належала амаль палова душ каланістаў. Праўда, Кгін Мажэйка моцна сумняваўся ў тым, што гэта дапаможа стаць мэрам.
— Людзі любяць, калі ім плацяць! Асабліва за тое, чаго ў іх няма!.. Гэта ж ніякая ні душа, проста звычайны аркуш паперы. І за кожны такі аркуш людзі атрымліваюць тое, што мае для іх куды большую каштоўнасць!
— Таўтвоіш, я заплюшчваю вочы на тое, што ты гоніш самагон і вырошчваеш марыхуану, каланістам часам трэба расслабляцца, аднак зараз ты разбураеш грамадскія асновы і расхістваеш дысцыпліну!
— Нават так? — інжынер-геліяэнергетык пастараўся надаць твару максімальна нявінны выраз.
— Таўтвоіш, не прыдурвайся, ты ж выдатна разумееш, што я маю на ўвазе! — зайграў жаўлакамі Лювер Вегер.
— Гэта ўсяго толькі іх уяўленне. Пагадненне мае каштоўнасць толькі таму, што некаторыя ў яго вераць!
— Мне б не хацелася страціць такога спецыяліста!
— Не страціце!
На гэтым аўдыенцыя была скончаная.
Пры сустрэчы з галоўным механікам, інжынер-геліяэнергетык не прамінуў распавесці аб размове з Люверам Вегерам.
— Мэр у курсе, што ты збіраешся звергнуць яго?
— Адкуль? Пра гэта ж ведаем толькі мы з табой! Ці не толькі?
— Сябрам такое не кажуць!
— Прабач! А ты прадасі мне сваю душу? Яна стане ўпрыгожваннем маёй калекцыі!
— Нават не мар пра гэта, Таўтвоіш! Маю душу ты не атрымаеш!
— Шкада!
— Што зробіш? Душа, ёсць яна ці не, — мая ўласнасць, і я не адчуваю ні найменшага жадання з ёй расстацца! Нават за ўвесь твой самагон і папяросы!.. Мне трэба працаваць — адзін з ровераў зламаўся!
— Як вызвалішся, заходзь!
— Абавязкова!
Скончыць рамонт атрымалася толькі а пятай гадзіне вечара. Да гэтага часу калонія нагадвала вар’яцкі дом. Хтосьці імкнуўся прадаць сваю душу, хтосьці — наадварот. На пабягушках у Таўтвоіша Кандрашэвіча цяпер былі трое — тэхнік, адзін з вадзіцеляў і медсястра. Візкгірду Юндзіле і Міраславе Кіндзяк здавалася, што яны змогуць зарабіць на мітусні, і не ўгразнуць у ёй самі. Інжынер-геліяэнергетык іх душы не купляў.
На шляху да жылога блока інжынера-геліяэнергетыка Юндзіла і Кіндзяк спыталіся ў Кгіна Мажэйкі пра патэнцыйную выгоду.
— Забудзьцеся!
Таўтвоіш Кандрашэвіч займаўся упарадкаваннем пагадненняў па зразумелай аднаму яму схеме.
— Хочаш ведаць, колькі ў мяне душ?
— Не цягні ката за хвост! — Кгін Мажэйка падрыхтаваўся пачуць дрэнную навіну. Словы інжынера-геліяэнергетыка ледзь не выбілі глебу ў яго з-пад ног.
— Амаль восемдзесят працэнтаў!
— Віншую!
— Яшчэ рана! Віншаваць можна будзе толькі пасля таго, як я пачну другую фазу! А яшчэ лепш, калі да мяне пачнуць звяртацца «спадар мэр»! Мэр Кандрашэвіч... Гучыць?
Між волі Кгін Мажэйка здрыгануўся. Таўтвоіш Кандрашэвіч змяняўся проста на вачах. І ні ў лепшы бок.
— Я, мабыць, пайду. У мяне праца.
— Убачымся пазней!
Увечары адбыўся няшчасны выпадак. Дзверы шлюза чамусьці не адкрыліся, а сувязь у скафандры Малха Вільчуры не працавала. Геолаг стукаў па дзвярах, пакуль не скончыўся кісларод.