— Амаль дваццаць гадоў.
— Сур’ёзны тэрмін. Ты можаш ісці. Пачакай... Шмат яму яшчэ?
— Пятнаццаць, спадар мэр.
***
Раніца пятніцы сустрэла галоўнага механіка навіной аб тым, што Дабрава Бутвіл прадала сваю душу. Здзіўленне Кгіна Мажэйкі было настолькі моцным, што ён адразу ж адправіўся да медыка.
— Я не магу паверыць, што ты падпісала гэта чортавае пагадненне.
— У мяне не было іншага выйсця.
— Выбар ёсць заўсёды, — закрычаў галоўны механік.
— Толькі ні гэтым разам...
Тужлівыя ноткі ў голасе Бутвіл прымусілі Кгіна Мажэйку спытаць:
— Што здарылася?
Ніжняя губа медыка задрыжала, а затым Дабрава расплакалася.
— Ты чаго? Не трэба! — галоўны механік прыціснуў жанчыну да сябе. — Што такое?
— Гэта ўсё... Будрын... і яго... баевікі! Яны прыйшлі... і сказалі... калі не прадам душу... з Любавай можа адбыцца... няшчасны выпадак...
— Што? — вочы галоўнага механіка палезлі на лоб. Чаго-чаго, а падобнага прызнання Кгін Мажэйка ніяк не чакаў.
— Я паставіла подпіс...
Кулакі галоўнага інжынера самі па сабе сціснуліся. Падобна на тое, што Кандрашэвіч зайшоў занадта далёка.
— Я баялася... за дачку. Прабач.
— Ты ўсё зрабіла правільна. Не бойся — я не дам вас у крыўду.
— Але буравікі...
— Выпі супакойлівы сродак, паляжы, а мне трэба пагаварыць з Кандрашэвічам. Час з гэтым канчаць.
— Кгін, я цябе прашу — не лезь! Гэта страшныя людзі.
— Усё будзе добра, — галоўны механік выйшаў з медпункта, ледзь стрымліваючы злосць. Ёсць межы, якія пераходзіць нельга.
— Кгін, не хочаш прадаць душу?
— Пайшоў прэч! — Кгін Мажэйка быў гатовы разарваць тэхніка.
— Як бы не давялося шкадаваць пра свае словы.
— Прэч!
Любарт Ванібутовіч паспяшаўся збегчы.
— Таўтвоіш, якога чорта ты вытвараеш? — не зважаючы на мацакоў, накінуўся на інжынера-геліяэнергетыка галоўны механік.
Будрын і яго галаварэзы рэзка падаліся наперад. Пагляды буравікоў былі далёка не сяброўскімі.
— Гэй, гэй, гэй! Прытрымай коней, Кгін! Тое, што ты мне сябар, зусім не азначае, што ты можаш урывацца ў мой жылы блок.
— Будрын заявіўся да Дабравы пасярод ночы і, пагражаючы згвалтаваць яе дачку, прымусіў падпісаць пагадненне.
— Альгерд, гэта праўда? — узняў бровы Кандрашэвіч.
— Брахня! Яна сама прыйшла да нас і прапанавала душу.
— Ах ты, вырадак! Выходзіць, яна хлусіць?
— Угу.
Чацвёра буравікоў з цяжкасцю ўтрымлівалі галоўнага механіка. Не маючы магчымасці дацягнуцца да Будрына, Кгін Мажэйка лаяўся і праклінаў яго.
— Супакойся, Кгін! — запатрабаваў Таўтвоіш Кандрашэвіч. — У мяне няма падстаў не давяраць маім хлопцам.
— Дабрава...
— Дабрава магла прыдумаць і не такое.
— Але навошта? — разгублены галоўны механік перастаў вырывацца і здзіўлена ўтаропіўся на інжынера-геліяэнергетыка.
— Мне адкуль ведаць? Ці мала што прыйшло ў галаву ўдаве.
— Я табе не веру!
— І што мне цяпер загадаеш рабіць?
Ахінула агіда. Невытлумачальная. Такая моцная, што валіла з ног.
— Адпусціце мяне!
Буравікі павярнулі галовы да Таўтвоіша Кандрашэвіча. Інжынер-геліяэнергетык кіўнуў.
— Я прызнаю сябе пераможаным.
— Паўтары! — загадаў Таўтвоіш Кандрашэвіч, хоць і ў першы раз выдатна чуў.
— Ты выйграў!
— Э, не! Так не пойдзе — гэта будзе паўперамога.
— Якая розніца? — раззлаваўся галоўны механік.
Буравікі падступіліся бліжэй.
— Кгін, ты пазбаўляеш мяне маральнага задавальнення і прымушаеш адчуваць сябе непаўнавартасным. Я адпрэчваю тваю прапанову — давай давядзём пачатае да канца. Трэба ўмець прайграваць.
— Твая праўда! — жылы блок Кгін Мажэйка пакінуў, адчуваючы сябе нібы расціснутым лімонам.
— А зараз не хочаш прадаць душу? — спыніў галоўнага механіка ля склада гелія-3 тэхнік.
Замест адказу Кгін Мажэйка спытаў:
— Навошта ты гэта робіш, Любарт?
— Таўтвоіш дае мне самагон і траўку.
— І толькі?
— Павінна быць нешта яшчэ? — здзівіўся Любарт Ванібутовіч. — Паслухай, Кгін, прадай мне душу. Таўтвоіш абяцаў за яе бонус у дзесяціразовым памеры. Больш толькі за душу Вегера.
— Дзесяць літраў і сто папярос... Як мала каштуе чалавек. Мая душа не прадаецца — так можаш і перадаць Таўтвоішу.
— Я падзялюся з табой самагонам і траўкай — дам табе дваццаць працэнтаў.
— Не.
— Трыццаць. Гэта вельмі выгадная прапанова.
— Не! — Кгін Мажэйка адштурхнуў Ванібутовіча, каб вызваліць дарогу.
— Малх Вільчура таксама не хацеў прадаваць душу, і дзе ён зараз?
— Што? — галоўны механік рэзка спыніўся і павярнуўся.
— Твая душа каштоўная, але не неацэнная. А смяротнасць у космасе высокая...