Адчуваючы спінай непрыязныя погляды буравікоў, Кгін Мажэйка ўмешвацца не стаў.
— Дабрава, твая перагаворная прылада працуе?
— З раніцы працавала... Зараз праверу. А што?
— Да Вегера мяне не пускаюць, а мая зламалася. І менавіта ў той момант, калі яна вельмі патрабуецца.
— І мая не працуе!.. Думаеш, гэта неяк звязана з Таўтвоішам Кандрашэвічам?
— Мне вельмі моцна хочацца сказаць «не»!.. А ты чаго такая бледная?
— У калоніі становіцца неспакойна. Паўгадзіны таму павесіўся Гаіла Давіскіба.
— Зваршчык?
— Кажуць, што гэта здарылася пасля таго, як Таўтвоіш Кандрашэвіч спаліў яго пагадненне.
— І Гаіла вырашыў, што цяпер яму нізашто не вярнуць душу...
— Перадсмяротнай запіскі не знайшлі, — нагадала медык.
— Няцяжка здагадацца. У што ж ты ператвараеш калонію, Таўтвоіш?
— Кгін?
— Дзе Любава?
— Я папрасіла суседку за ёй прыгледзець.
— Ты ёй давяраеш?
— Ты думаеш?..
— Ты ёй давяраеш?
— Яна таксама хоча вярнуць прададзеную душу, — медык заціснула рукой рот. — Я бягу да яе!
— Стой!
— Куды там, — Дабрава Бутвіл выскачыла з медпункта і панеслася ў напрамку жылых блокаў.
— Няласкава ж ты абыходзішся з жанчынамі, — зарагатаў Альгерд Будрын. Следам заржалі астатнія буравікі. — Табе варта было б павучыцца, а то яны ўсе так і будуць ад цябе бегаць.
Праігнараваўшы здаравяка, галоўны механік заспяшаўся за медыкам. Буравікі не засталіся на месцы.
Ні Дабравы, ні Любавы ў жылым блоку не аказалася.
— Дзе яны?
— Не ведаю, — паглядзеўшы на буравікоў, адказала Алеся Атрышка.
Кгін Мажэйка зразумеў, што ў прысутнасці банды Будрына бібліятэкар не
скажа ні слова. Не было сэнсу прасіць яе звязацца з Вегерам.
Кгін Мажэйка адправіўся да Таўтвоіша Кандрашэвіча.
Ахоўнікаў у інжынера-геліяэнергетыка дадалося — у жылым блоку было не праціснуцца.
— Ад таго, як хутка ты выканаеш маё даручэнне, залежыць, як хутка ты вернеш душу, — Даманчук з панурым выглядам пакінуў памяшканне. — О, Кгін! Зайшоў пабалбатаць са старым сябрам?
— Яна ў цябе?
— Калі ты пра Дабраву, то так. Нарэшце яна пагадзілася прыняць мае заляцанні.
Гнеў асляпіў.
Галоўны механік павольна далічыў сам сабе да дзясяці. Але і пасля гэтага жаданне кінуцца на інжынера-геліяэнергетыка і задушыць яго слабыйшым не стала.
— Дыхай глыбей, Кгін! Рана ці позна гэта павінна было здарыцца. Жанчыны, яны такія — сёння «не», а заўтра — «так»... Вось толькі не трэба на мяне кідацца, Кгін. Не зайздросці, жаночаму сэрцу не загадаеш. І хопіць лаяцца!
Кгін Мажэйка ледзь стрымаў сябе. Дапамагло разуменне таго, што аднаму не даць рады.
— Я буду тваім рабом — год, два, хоць усё жыццё, толькі адпусці яе!
— Мы ўжо казалі пра гэта. Заклад да перамогі!
— Таўтвоіш, будзь жа чалавекам.
— Маё апошняе слова «не»! Пачатае павінна быць скончана!
— Ты ператварыўся ў пачвару... У мяне больш няма сябра Таўтвоіша Кандрашэвіча! — Кгін Мажэйка выйшаў, шкадуючы аб тым, што нельга ад душы ляпнуць дзвярыма.
Дабрацца да Вегера галоўнаму механіку зноў не далі. І на гэты раз вадзіцелі былі настроены куды больш агрэсіўна.
— Прэч! — рыкнуў Візкгірд Юндзіла, а яго таварышы ўзяліся за гаечныя ключы.
— Паслухай, Візкгірд, няўжо вы не бачыце, што Кандрашэвіч гуляе вамі як пешкамі? Ён дае вам адчуць сябе важнымі, але толькі для таго, каб умацаваць уласную ўладу!
— Прэч, а не то мы пералічым табе косці!
«Зробіць, — падумалася Кгіну Мажэйку, — і не будзе мучыцца згрызотамі сумлення...»
— Не, спадар мэр, сувязі з Зямлёй няма, — даляцеў да слыху галоўнага механіка, калі ён праходзіў міма прачыненых дзвярэй цэнтра сувязі, голас Дуята Драмашкі. — Я раблю ўсё магчымае. Не, унутраную сувязь пакуль не паправілі. Так, я паспрабую.
У тым, што сувязь знікла зусім не выпадкова, Кгін Мажэйка ніколькі не сумняваўся.
Пабываўшы ў боксе і наткнуўшыся на варожыя позіркі каланістаў, галоўны механік адправіўся ў жылы блок, думаючы пра тое, што рабіць далей. Таўтвоіш Кандрашэвіч меў рацыю — для таго, каб падпарадкаваць сабе людзей, трэба толькі жаданне.
Кгіну Мажэйку было непрыемна ад таго, што нават самая маленькая ўлада беспаваротна змяняла чалавека. І чым нікчэмнейшым быў чалавек, тым больш яму хацелася ўлады. Станавіўся зразумелы план інжынера-геліяэнергетыка.
— Падумаць толькі, як недалёка мы адышлі ад першабытнага чалавека...
Заняты непрыемнымі разважаннямі, галоўны механік не заўважыў, як адсталі Альгерд Бутрын з буравікамі. І як ажыла цень паміж дзвюма акумулятарнымі батарэямі.
Апошняе, што ўбачыў Кгін Мажэйка перад тым як сысці ў небыццё, быў надпіс: «Вегер — забойца!», намаляваны чырвонай фарбай.