Выбрать главу

...У галаве нешта шуміць, нібы там перасыпаюцца якія камяні. Дзе ён? Нешта знаёмае: вецер свішча ў вушах, чуваць пах конскага поту. Як тонкі піск, гучыць голас: «Шаблі вон! Уланы, уланы, вы гордасць Польшчы! Наперад!» Атака... Немцы... Змяць, растаптаць, пасекчы! Танкі? Глупства! Шаблямі, шаблямі! Дзэ-н-н-н! Шабля вылятае з рукі. Зямля загойдалася... Ой, нага, як баліць нага — гэта конь прыціснуў. Буланы, устань, ты не чуеш, што мне баліць? Кроў... Нейкі дрот... Той, што хацеў перайсці Васіль... Не, гэты густы, калючы. То ж лагер... Ну яго к чорту! Жывіце адны... У мяне дом... свой... Пан Харута? Як вы тут апынуліся? І вы не захацелі там быць? Добра! Ваша даведка, гэты «аўсвайс» — проста цуд! Зялёнай вуліцай — дадому. Усё як мае быць... Дзякую, будзьце як дома... Навінскі? Ганіце яго! Я не хачу бачыць гэтага сабаку! Дам у морду! Вось толькі ўстану... Рагоча, зараза? Я табе...

— Ха-ха-ха! Глядзіце! Ён звар’яцеў ад страху. Глядзіце! — Нехта крычаў у Кірэя над вухам.— Устае, глядзіце, устае!

— Сціхні, смелы! — крыкнуў другі голас.

Кірэй расплюшчыў вочы. Проста перад носам ён убачыў пясок — не то чырвоны, не то жоўты. Сам ён стаяў ракам і намагаўся падняцца. Яго акружылі немцы і паліцаі. Адны рагаталі, другія былі сур’ёзныя. На іх тварах яшчэ не астыў азарт нядаўняй расправы.

Кірэй стараўся зразумець, што адбылося. Ён зноў паспрабаваў устаць, але рукі падагнуліся, і ён чуць не ўпаў. Два паліцаі ўзялі яго пад пахі. Ён ледзь стаяў, бо правая нага нібы аднялася — ён яе не адчуваў.

Было ціха. Ад машыны беглі разагрэтыя боем паліцаі і немец.

— Уцёк! — крыкнуў яшчэ здалёк адзін з паліцаяў.

— Разявы! — плюнуў обер-яфрэйтар, начальнік групы, падыходзячы да астатніх, што сабраліся ля Кірэя.— Не маглі аднаго зайца пасадзіць на мушку...

Нарэшце да памутнелай свядомасці Кірэя дайшло: Антось уцёк! «Цяпер я памру спакойна»,— падумаў Кірэй. Яго апанавала слабасць, а цела пачало раптам пакрывацца халодным потам. Кірэй захістаўся, паліцаі памкнуліся падтрымаць яго, але ён адпіхнуў іх рукі, сабраў апошнія сілы і астояўся.

Нізкі, прысадзісты обер-яфрэйтар і два паліцаі наблізіліся да Кірэя. Немец на хаду вымаў пісталет.

— Жывучы, як гадзіна,— сказаў ён сам сабе, знізу ўверх пазіраючы на Кірэя.— Скажы, хто з табою разам расстрэльваў сям’ю бургамістра, і ты застанешся жыць,— звярнуўся ён да Кірэя, падкідаючы ў руцэ невялікі пісталет.

Кірэй спадылба глянуў на гітлераўца і нічога не адказаў. Ён стаяў, як бусел з перабітым крылом, якому ўжо не суджана ляцець у вырай. Пагардлівая ўсмешка асвятліла яго пануры твар, а ў цёмных вачах зайграла незразумелая радасць.

Невядома, чаго чакаў немец ад гэтага чалавека, толькі, відаць, не такой вытрымкі, не знішчальнай усмешкі. І каб не даць разрасціся міжвольнаму пачуццю павагі да гэтага селяніна, гітлеравец размахнуўся рукою з пісталетам і ўдарыў сваю ахвяру пад бараду. Суха ляснулі зубы, галава матнулася назад, за ёю падалося і ўсё доўгае цела Кірэя, завальваючыся на спіну. Немец на ляту стрэліў Кірэю ў грудзі.

Кірэй адчуў яшчэ, як прапаў боль у падбародку і як яго цела лягло на нешта мяккае, мяккае, як пух.

Крывавае сонца ўставала з-за небасхілу. Яго халодныя промні павіслі над выемкай, дзе людзі ў чорным канчалі сваю чорную справу. Яно нібы ўсміхалася таму, хто, чвэрць гадзіны назад, прарваўшы смяртэльнае кола няўмольнага лёсу, шпаркім крокам ішоў насустрач новаму дню.

1959 г.