Выбрать главу

Антось змоўк. Маці плакала, усхліпваючы. Любка ўцякла з-за стала і кінулася на палок ля печы. Васіль пазіраў у столь і стараўся не моргаць вачамі, у якіх круціліся слёзы і гатовы былі закапаць па твары. Кірэй сядзеў змрочны, абапёршыся на руку і прыкрыўшы далонню вусны.

Курэў кнот, бо агонь быў наверсе — эканомілі газу. Уздрыгвалі цені па сценах хаты, па дзяружках на вокнах. Стала душна. Антось выцер пот з ілба, прыгладзіў валасы набок, правёў далонямі па шчаціне на твары.

— Праўда, браце, што быў ты адною нагою на тым свеце,— парушыў цішыню Кірэй.— Што ж, на тое вайна, некага павінны забіваць,— зрабіў ён недарэчны вывад і, каб згладзіць гэта, дадаў: — Я скажу, што наша маці яшчэ шчаслівая. Няхай бацька рана памёр, цяжка нас было гадаваць, а ўсё ж вось сабраліся ўсе ў сваё гняздо. А здавалася, што ўжо адрэзана нам сюды дарожка. Эх-хэ-хэ...— закончыў ён сумна, нібы не радуючыся, што сядзіць дома, у роднай хаце, за сваім сталом.

— Яно так, але ці надоўга мы сабраліся — гэта іншая справа. Не мы кіруем сваім лёсам, а нехта другі,— паківаўшы галавою, нібы шкадуючы чаго, дадаў Антось.

Маці перастала плакаць, задумалася. Васіль з нецярпеннем чакаў таго «нечага», з-за чаго прыйшоў дадому Антось.

А той пастукаў пучкамі пальцаў па стале, нібы патрабуючы цішыні, якая і так панавала ў хаце, і выразна сказаў, гледзячы ў стол:

— Усё гэта былі яшчэ кветачкі, а ягадкі ўперадзе. Скажу вам, мама, адкрыта: нам з Кірэем трэба ісці, пакуль не позна. Праўда, я не чуў яго слова, але думаю, што другога ратунку і яму і мне няма,— рашуча скончыў Антось і глядзеў на маці, чакаючы. Яна маўчала, а пасля зноў заплакала.

Кірэй кашлянуў, зірнуў на матку, затым на Антося і, відаць пераканаўшыся, што слова за ім, сказаў, уздыхнуўшы на поўныя грудзі, нібы скінуў з сябе цяжкі груз:

— Што ж, я згодзен з табою, Антось. Другога выйсця няма. Нельга стаяць паміж молатам і кавадлам, я добра пераканаўся. З гэтым душагубам нам няма месца на адной зямлі. Адно мне няясна: калі ты думаеш ісці? — звярнуўся ён да Антося, бо матчын плач ён прыняў за маўклівую згоду.

— Цяпер,— глуха сказаў Антось,— не адкладваючы.

Хвядору нібы штурханулі ў плечы. Яна ўсхапілася з услончыка і з крыкам кінулася да Антося, ашчаперыла яго за шыю, хоць стол раздзяляў іх. Павалілася пляшка, пакацілася па стале і мякка стукнулася аб зямлю. Узняўся лямант: загаласіла Любка, устаў з-за стала Васіль. Адзін Кірэй сядзеў нерухома, чакаючы, пакуль усе супакояцца. Ён намацаў пляшку нагою, выкаціў яе з-пад лавы, перагнуўся і паставіў на стол.

А маці праз слёзы прыгаворвала:

— Сыночак, не пушчу, не пушчу, што хочаш рабі! Пабудзь хоць адну ночку, пераначуй, супачынь. Родненькі мой,— лямантавала яна,— пашкадуй мяне, старую, можа, мне заўтра паміраць, дай хоць паглядзець на вас адну часінку...

— Супакойцеся, мама, не трэба так...— усхваляваны плачам маці, гаварыў Антось, гладзячы рукою яе худыя плечы.— Што вам гэта дасць, калі мы пабудзем? Нічога. Толькі будзеце глядзець на нас і плакаць. Не трэба...— Антось не знаходзіў патрэбных слоў.

— А можа, і праўда пераначуем? — няўпэўнена спытаў Кірэй.— Няўжо ты думаеш, што мы вельмі каму так патрэбны? Каму мы вока запарушылі?

— І я ж кажу,— падхапіла маці,— пераначуйце, а заўтра вечарком пойдзеце, бог з вамі, я вас не ўтрымаю, цяпер дзеці сваім розумам жывуць.

— Хай будзе па-вашаму,— падумаўшы, сказаў Антось, хоць нейкі ўнутраны голас падказваў яму не згаджацца.— Пераначуем, а там пабачым.