Выбрать главу

Пачалі збірацца спаць. Маці надаставала з кубла ў сенцах усе чыстыя посцілкі, дзяружкі, пачала засцілаць на палку, для Кірэя з Васілём. Люба паслала сабе з маткаю на печы. Антосю, прымасціўшы ўслон, слалі ля покуця.

Кірэй з Антосем закурылі — у Антося было паўпачка тытуню, моцнага, яшчэ гродзенскага. Кірэй расказваў пра свае ваенныя прыгоды з часу вераснёўскай кампаніі з немцамі: пра знакамітую атаку польскіх уланаў на нямецкія танкі, у якой яму давялося браць удзел; як пад ім забіла каня, а яго самога параніла; як пасля трапіў у палон, спрабаваў уцякаць, трапіў у канцлагер. Агаліўшы левую руку да локця, ён паказаў Антосю неахайна выкалаты чатырохзначны нумар. Потым палез у кішэню і паказаў фальшывую даведку аб хваробе, якую «выдаў» яму добры паляк Харута, былы гравёр, з якім разам яны ўцякалі, калі лагер праз памылку бамбілі англійскія самалёты...

Васіль, які не раз усё гэта чуў, круціўся каля іх, нібы хацеў нешта сказаць. Але маці паклікала яго, каб напхаў саломаю сяннік. Хлопец неахвотна ўзяў паласаты вялізны мяшок і пайшоў да парога. Ужо трымаючыся за клямку, ён абярнуўся на хату і крыкнуў:

— І я з вамі пайду!..

Кірэй з Антосем зарагаталі ў адізн голас, а маці так і застыла на месцы з падушкаю ў руках.

— Глядзеце, людзі, што гэта робіцца? — са стогнам спыталася Хвядора.— Не паспела малако на губах абсохнуць, а ўжо і ён пра вайну думае. Ой, пасаджу я цябе, як міленькага. На цябе яшчэ знайду...

Можа, яшчэ і доўга так гразіла б маці, але на двары пачуліся галасы, і над імі ўзвысіўся нечы крык.

Пасля нешта грукнула, узняўся шум, бразнулі дзверы ў сенцах, і вось ужо нечая незнаёмая рука шарыць па сцяне, шукаючы клямку. Мужчыны ўсхапіліся на ногі, круцячыся на месцы. Антось трымаў напагатове чорны наган. Кірэй глянуў на яго і пахаладзеў.

— Кінь, кажу! Давай сюды! — і ён у момант вырваў наган у Антося і паклаў пад настольнік ля хлеба. Толькі ён паспеў зрабіць гэта і кінуўся да дзвярэй, як яны перад носам у яго рэзка адчыніліся і парог пераступіў увесь у чорным, толькі з шэрым каўняром і закірвашамі, высокі, пад столь, паліцай з вінтоўкаю ў руках. За ім паказался яшчэ некалькі чорных фігур.

— А-а-а,— зларадна зацягнуў першы,— усе ў зборы! Вы арыштаваны! — павысіў ён голас, звяртаючыся да Кірэя і Антося і тыцкаючы ім па чарзе руляю вінтоўкі ў грудзі.— Абшукаць хату,— загадаў ён сваім падначаленым.

Маці як стаяла, так і асунулася на палок. Але не прайшло і хвіліны, як яна ўсхапілася на ногі і дзіка закрычала:

— А дзе ж Васіль? Дзе ён падзеўся?

— Ціха, старая, нідзе твой Васіль не прапаў...

Жанчына з плачам кінулася да дзвярэй, але там стаяў як укопаны здаровы дзяцюк, і ён перагарадзіў дарогу вінтоўкаю. Маці ўхапілася за яе, нібы збіраючыся вырваць зброю з рук паліцая, але той злёгку штурхнуў жанчыну, і яна адляцела на хату. Любка падхапіла яе і пасадзіла на палок.

Усё рабілася, як у сне. Паліцаі ператрасалі ў хаце, пераварочвалі ўверх дном — глядзелі ў сенніках, падушках, шнырылі ў печы, пад печчу, у куфры, пад лавамі.

Пакуль абшуквалі Кірэя і Антося, старшы паліцай сеў за стол і нешта запісаў у кніжачку. Пасля скрывіўся, гледзячы на пустую бутэльку.

— Балявалі, разбойнічкі? Адзначалі перамогу? Добра, добра, мы вам адзначым,— з пагрозай сказаў ён, цярэбячы брэнзлі настольніка і пасоўваючыся бліжэй на покуць.— Зараз жа давайце зброю! Дзе яна ў вас схавана? Ну?!

Браты маўчалі, аглушаныя нечаканым налётам.

Паліцаі далажылі, што пры вобыску нічога не знойдзена. Начальнік махнуў рукою.

— Даю пяць хвілін на зборы. Жыва, а не то...— і ён паляпаў далонню па ложы рускай трохлінейкі.

— Паслухайце,— першы прыйшоў да памяці Кірэй.— За што вы нас арыштоўваеце? Што мы каму кепскае зрабілі?

— А-а-а,— зноў зларадна завыў паліцай.— Прыкідваецеся дурнямі? Чаму ж гэта мы ведаем, а вы самі не ведаеце? П’яныя былі, не памятаеце? Успомніце, нічога.

Кірэй падумаў, што з гэтым гарлапанам гаварыць няма чаго, і замоўк, стаў апранацца. «Якая перамога і чаму разбойнікі?» — тужыўся ён разгадаць намёк начальніка.

— Можа, вы пераблыталі,— сказаў Антось, ніяк не трапляючы ў правы рукаў пінжака.— Хто вам патрэбен, скажыце проста? Ёсць жа нейкія законы, па якіх чалавечая асоба мае права ведаць, за што яе арыштоўваюць.

Паліцай спадылба глянуў на Антося, відаць, хацеў, вылаяцца, але пашкадаваў свае нервы і рэзка, са здзекам, адчытаў, як па паперы:

— Ах, які ты разумны! Закону захацеў? Калі ласка, усё робіцца па закону. Вас, братоў Шаўчукоў, Кірылу, Антона, Васіля, арыштоўваем за забойства сям’і бургамістра Навінскага, якое вы зрабілі ўчора ноччу ў Саматканавічах. Цяпер дайшло?