Выбрать главу

— Вы што, ненармальныя? — вызверыўся Кірэй, падступаючы да яго.— Я на крыжы прысягну, што ўчора ноччу нідзе не быў. І браты мае не былі...

Але начальнік паліцыі нібы не чуў яго.

— Мала гэтага,— прадаўжаў ён.— З вамі яшчэ былі людзі. Вы павінны нам сказаць, хто яны, інакш вам будзе кепска.— Ён замоўк, а пасля крыкнуў, аж падскочыў агонь у лямпе:— Прывядзіце таго, з двара!

Адзін паліцай выскачыў у дзверы.

— А якія-небудзь доказы ў вас ёсць ці гэта проста грубая правакацыя? — спытаў Антось, таксама падступаючы да начальніка.

Той толькі раскрыў рот, але пачуўся тупат некалькіх пар ног. Першы ўвайшоў паліцай, што выконваў загад, за ім паказаўся бледны, з разбітымі вуснамі Васіль, якога трымалі за рукі яшчэ два паліцаі.

— Бач, хацеў уцячы, паганец,— мацаючы падбітае вока, сказаў адзін з тых, што трымалі хлопца.

— У цябе не пытаюць,— абарваў яго начальнік.— Апранайся, хутка! — звярнуўся ён да Васіля.— Мы і так тут валаводзіліся доўга...

Як знайсці словы, каб перадаць хоць дзесятую долю таго, што рабілася ў гэтай хаце?

— ...Сыночкі мае, дарагія! Хай бы я вас маленькіх пахавала, то была б шчаслівейшая. Што я буду рабіць без вас? Нашто мне жыць на гэтым свеце? Бярыце і мяне, ірады, бярыце, нашто вы мяне пакідаеце на муку, на пакуту? — жанчына сыпала паліцаям у твар самыя адборныя, самыя моцныя праклёны, сцёбаючы іх, як бізуном.

— Не трэба, мама! Ім загадалі,— спрабаваў супакоіць матку Кірэй.— Яны ж на службе...

— Маўчы! На службе! Добрая служба — людзей забіваць! Забойцы, ірады, што вы робіце! — крычала разгневаным голасам старая маці.

— Сціхні, вар’ятка старая! — грымнуў на ўсю хату начальнік.— Пайшлі! —І ён зрабіў жэст, нібы затыкае вушы.

І тут усіх здзівіла Любка. Яна раптам падляцела да дзвярэй, абмінаючы паліцаяў.

— Не пушчу, забіце на месцы, не пушчу! Усіх забірайце, усіх, і мяне, і маму! Бо яны не вінаваты, яны нідзе не былі! — голас яе падымаўся на самую высокую ноту і гразіўся скончыцца плачам.

Спачатку ўсе слухалі не варушачыся, як ашаломленыя, а пасля начальнік, выскаліўшы зубы і робячы на твары нейкае падабенства ўсмешкі, наблізіўся да Любкі і працягнуў руку, нібы збіраючыся ўзяць яе за горла. Любка нечакана стукнула яму па руцэ і крыкнула :

— Не лезь!

Паліцай адхапіў руку, як ад прыску.

— У-У-У, яшчарка! Шкада, што ты яшчэ жаўтаротая, а то б і цябе ўзялі, не пашкадавалі б! Падрасці трохі, не спяшайся, паспееш,— гаварыў ён пагражальным тонам, нібы ўядаючыся халоднымі вачыма ў пятнаццацігадовую дзяўчынку, якая з горда паднятай галавою стаяла перад паліцаямі.

Пасля на твары ў начальніка мільганула лютасць, ён схапіў Любку за руку і тузануў ад сябе. Дзяўчынка прабегла па хаце і апынулася ля супрацьлеглай сцяны. Браты мімаволі зрабілі крок да паліцая. Ён зразумеў, што можа адбыцца сутычка і, пагражальна падняўшы вінтоўку, крыкнуў:

— Ні з месца!

Браты апусцілі рукі.

Плач і дзікі лямант напоўнілі хату, калі сталі развітвацца. Нават паліцаі, якім, відаць, часта даводзілася разрываць па-жывому сям’ю, адварочваліся, з нецярпеннем чакалі канца.

Браты, панурыя, са слязьмі на вачах, выходзілі з хаты. Проста з матчынага парога ступалі яны адною нагой у дамавіну.

Калі пад плач і прычытанні ўсе выйшлі на вуліцу, браты адзін за адным азірнуліся, акінулі вачамі — хто ведае, можа, апошні раз — сваю старую маленькую хатку, схаваную ў паўзмроку ночы, у зелені дзікага хмелю, з двума высокімі яварамі, якія сумна шумелі на ветры, глянулі на старую згорбленую маці з заломленымі ў горы рукамі і на падлетка-сястру,— і ў кожнага зашчымела сэрца, а з вачэй пакаціліся слёзы.

Але тут цёмна, і можна не саромецца сваіх слёз...

А маці з дачкою яшчэ доўга стаяла на ганку, пазірала на тую дарогу, куды павялі яе сыноў, якія — яна верыла — былі невінаватыя. І матчыны вусны самі сабою шапталі, як малітву, развітальныя словы:

— Сыночкі... родныя... Заклінаю вас... ад вялікае напасці... ад цяжкае пакуты... ад ліхое кулі...

***

Прайшоў тыдзень, як браты Шаўчукі трапілі ў падвал клецкай камендатуры. За гэты час яны так змяніліся, што не пазнавалі самі сябе. Здзекі, пабоі, кроў, пасля пагрозы, спроба падкупіць, зноў пагрозы, здзекі. Браты зацята маўчалі. Ды што яны маглі сказаць? Што яны вінаватыя? Не, не грэх было б прыняць кулю за справу, якую ты зрабіў уласнымі рукамі і якую лічыш патрэбнай. Але гінуць за нішто, як ахвяра правакацыі,— цяжка, невыносна крыўдна.

Была глыбокая ноч. Кірэй, накрыўшыся пінжаком, прымасціўся на мятай саломе. Сырасць і холад не давалі заснуць. Побач ляжалі браты, можа, спалі, а мо проста стаіліся, думаюць. Тут многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад, каб не грызлі дакоры сумлення. А так усе думкі афарбаваны гэтай горыччу, нянавісцю, безвыходнасцю, бо няма нават павуцінкі, за якую можна было б ухапіцца. Адно толькі супакойвала — калі яны і памруць, то хоць з чыстым сумленнем.