Выбрать главу

Тыдзень допытаў не прайшоў дарам. Высветліліся многія акалічнасці, што пацягнулі за сабою арышт братоў.

Па-першае, паліцыя мела пісьмовую заяву дабрыніцкага солтыса аб тым, што польскі ваеннапалонны Кірыл Шаўчук уцёк з нямецкага канцлагера і нелегальна жыве дома; што Антон Шаўчук уцёк з нямецкага палону і калі не ў партызанах, то таксама недзе хаваецца; што Васіль Шаўчук, былы актывіст камсамолец, у час адступлення Саветаў быў за правадніка, удзельнічаў у баі на Лані. Вярнуўся дадому і агітуе супраць новага парадку.

Па невядомых прычынах гэтая заява не дайшла да рук каменданта Клецка обер-лейтэнанта Коха, які вырашаў такія справы хутка і часцей за ўсё ўласнаручна, нават без пальчатак.

Па-другое, высветліліся некаторыя падрабязнасці забойства сям’і бургамістра Навінскага. За дзень да арышту Шаўчукоў група ўзброеных людзей сярод ночы ўварвалася ў дом да бургамістравага бацькі, які жыў у вёсцы Саматканавічы, кіламетраў за сем ад Клецка. Ім, відаць, было вядома, што вечарам сюды прыедзе з горада бургамістр з жонкаю-імянніцаю. Хутчэй за ўсё іх цікавіў сам бургамістр, які падаваў ужо «добрыя» надзеі на службе ў немцаў: па яго даносах было расстраляна пятнаццаць актывістаў. Гэта быў толькі пачатак. Пасля бургамістр стаў вяршыць лёсам усяго раёна: каго прысуджваў да расстрэлу, каго адпраўляў у Нямеччыну, каго аддаваў у паліцыю.

У той вечар пасля добрай выпіўкі госці ўлягліся спаць. Сярод ночы іх разбудзіў стук у дзверы. Стары Мікодым Навінскі пайшоў адчыняць. У гэты час бургамістр, доўга не думаючы, кінуўся ў падпечак.

Перш чым стары паспеў адчыніць, дзверы вылецелі разам з завесамі ад удару прыклада. Гаспадара забілі тут жа, на парозе.

Затым прыкончылі жонку бургамістра — перакладчыцу і брата-паліцая. Бургамістру пашанцавала — яго не знайшлі.

Нарэшце, асноўнае, што стала самай большай улікай супраць братоў,— гэта тое, што нібыта бургамістр Навінскі, седзячы пад печчу, пазнаў голас Кірэя. Аказваецца, старыя грахі не забыты. Доўгая памяць у Навінскага і хворае самалюбства, калі не мог ён забыць, не мог дараваць таго прыніжэння, якое давялося яму перанесці па віне Кірэя.

Сем гадоў назад Кірэй, тады яшчэ малады хлопец, быў парабкам у багацея Мікодыма Навінскага. Служыла ў яго і сірата Гэля з Ліпкі, ціхая прыгожая дзяўчына,— першае нясмелае каханне Кірэя... Быў пачатак восені. Неяк надвячоркам Кірэй пачуў ля гумна жаночы крык. Кірэй кінуўся туды. Ля стога свежай саломы Гэля адбівалася ад гаспадаровага сына. Кірэй, доўга не думаючы, схапіў таго за каўнер, паставіў на ногі і з усёй сілы стукнуў у зубы. Пасля яны схапіліся загрудкі, куляліся па саломе. Каб не набег гаспадар, Кірэй, можа, і задушыў бы гэтага таўстазадага паганца, які па волі ці іроніі лёсу стаў бургамістрам Станіславам Навінскім з неабмежаванымі паўнамоцтвамі.

Тады Стась пакляўся адпомсціць, і Кірэй нават не падазраваў, што праз гэтулькі год яны яшчэ раз сыдуцца на вузкай дарожцы і што ў яго, Кірэя, будуць звязаны рукі.

Звязаны рукі... Вось у якім марным месцы прыйшлося пакаўзнуцца. Кірэй, Кірэй, ці даўно тое было, што ты глядзеў смерці ў вочы і смяяўся? А цяпер... Нарэшце злы лёс узяў цябе на мушку. Раней ты быў нечым неасязальным, няўлоўным — як ранішняя смуга, як летняе марыва. Ты быў у шырокім коле, з якога тым больш шанцаў вырвацца, чым большае кола. Цяпер яно звузілася — гэта ўжо не кола, а чорная кропка, і ў гэтую кропку нацэлена куля бязлітаснага забойцы. Ён натрэніраваны, ён б’е без промаху. Як ратавацца? Што рабіць? Што-о-о! Увесь розум Кірэя крычаў, бунтаваў супраць гэтай пачварнай несправядлівасці, але быў не ў сілах прыдумаць што-небудзь. Можа, пакланіцца ў ногі Станіславу Навінскаму, папрасіць прабачэння за некалешняе дурацтва? Не, той не адступіцца ад свайго з-за нейкіх там трох басякоў. Уласны гонар яму даражэй. Пралітая кроў яго родзічаў патрабуе адплаты, хоць іменна ён першы выклікаў на сябе помсту. Навінскі не адступіць, гэта ясна, як дзень. Ды і Кірэй не прывык да таго, каб ісці на ганебную згоду са сваім сумленнем.

Нарэшце, не ўдалося ўстанавіць сувязі з тым паліцаем, пра якога гаварыў Антось,— у твар яны яго не ведалі. Спачатку Кірэй нават падазраваў, што, можа, той «адзін чалавек» і выдаў іх немцам, але, як паказаў далейшы ход справы, яго імя не было замешана ні ў паказаннях так званых сведак, ні ў пісьмовых дакументах, ні ў пратаколах.