Выбрать главу

Прападала апошняя надзея, апошняя слабая надзея... Але... не ўсё яшчэ кінута на карту. Ёсць выйсце, якое, праўда, можа аказацца дарогай на той свет. Але гэта будзе куды больш па-чалавечы, чым пакорліва лажыцца ў магілу: трэба ўцякаць...

Прымаючы такое рашэнне, не пра сябе клапаціўся Кірэй. Ён думаў пра старую маці, пра неўпарадкаванае жыццё ўсёй іх сям’і. А гэтыя хлопцы... Што бачылі яны, акрамя гора, акрамя цяжкага парабкоўства? Яны яшчэ нічога не паспелі даць для жыцця, не паспелі і ўзяць ад яго нічога. Можа, яны застануцца жыць...

З-за кратаў паволі падкрадвалася раніца. Кірэй пачаў раскатурхваць братоў.

***

На досвітку лістападаўскага дня з падвала клецкай камендатуры вывелі трох чалавек. Канвой з немцаў і паліцаяў, грукаючы ботамі па заінелым бруку, павёў іх да грузавой крытай машыны, што стаяла на вуліцы перад вокнамі камендатуры. Арыштаваныя ледзь перастаўлялі ногі. На іх тварах віднеліся сляды пабояў і катаванняў. Усе былі худыя і аброслыя. Асабліва вылучаўся старэйшы па ўзросту, высокі і тонкі брунет з кручкаватым носам і сухім вузкім тварам, завостраным кнізу, як клін. У яго цёмных вачах свяціўся нейкі невыказны боль — яны блішчалі, як мокрыя слівы на сонцы. Вакол рота на запалых шчоках прарэзаліся авальныя маршчыны. Тонкая, з ледзь улоўным жаўтаватым адценнем скура не згладжвала выпукласцяў яго аскетычнага твару. Па ўсім было відаць, што гэтаму чалавеку на сваім вяку прыйшлося нямала перажыць усялякіх напасцяў.

Аднак знешне ён выглядаў спакойна і, злёгку накульгваючы, ішоў побач з таварышамі. Два яшчэ зусім маладыя хлопцы, што ішлі справа і злева ад яго, абодва былі сярэдняга росту, шырокія ў плячах і светлавалосыя. Кідалася ў вочы іх знешняе падабенства як у фігуры, так і з твару. Кожны, не задумваючыся, сказаў бы, што гэта родныя браты. Больш таго, уважлівы назіральнік мог бы прыкмеціць, што і старэйшы па гадах чалавек нечым нагадвае малодшых: было нешта агульнае ў форме рота, у выразе вачэй, хоць і розных па колеру, але з аднолькавым характэрным бляскам бялкоў і разрэзам павекаў.

Гэта былі браты Шаўчукі. Іх падвялі да машыны. Матор ужо вурчаў, а за рулём сядзеў белабрысы немец у акулярах, з паднятым каўняром; браты з цяжкасцю ўзабраліся на машыну, памагаючы адзін аднаму. У кузаў ускочыла чатыры паліцаі, а два немцы селі ў кабіну побач з шафёрам.

Братоў пасадзілі на жалезнае дно кузава ля кабіны, а самі паліцаі ўладкаваліся на лаўкі ля правага і левага борта.

Машына рэзка кранаецца з месца. Павярнуўшы направа, яна на поўнай хуткасці імчыцца за горад, у пясчаны кар’ер. Стужкай уецца за бортам Нясвіжская вуліца. Паабапал — драўляныя дамы. Нізкія вербы, шэрыя ад інею, стаяць, не зварухнуцца. Вось і той дубовы крыж, што цудам уцалеў ад пажару яшчэ перад вайною, калі гарэла вуліца... Колькі разоў даводзілася хадзіць па гэтых калдобістых тратуарах! Дамы... Людзі... Дымы з каміноў... Золкая раніца. Няўжо гэта апошняя раніца ў жыцці?

Браты сядзяць ціха і нерухома. Паліцаі кураць, рассеўшыся на лаўках і паставіўшы вінтоўкі між каленяў. Дым нямецкіх цыгарэт далятае да Кірэя, прыемна казыча ноздры.

— Эй, старшы! — звяртаецца раптам Кірэй да крайняга паліцая.— Дай закурыць, усё роўна ўжо...

Той паварочвае галаву, няўцямна глядзіць на сваю ахвяру, а пасля неахвотна лезе ў кішэню і дастае пачак танных цыгарэт, вымае тры штукі і падае Кірэю. Кірэй бярэ іх, дае адну Антосю, другую Васілю. Але той адмоўна круціць галавою. Тады Кірэй з нейкай шматзначнай усмешкай засаджвае цыгарэту ў грудную кішэньку Антосевага пінжака і кажа:

— Скурыш там...— што можна было зразумець так: «Скурыш на тым свеце», пасля зноў звяртаецца да паліцая і загадвае: — Дай прыкурыць!

Паліцай яшчэ раз лезе ў кішэню шыняля, дастае пачак запалак і, пабразгаўшы, дае Кірэю. На долю секунды позіркі іх скрыжаваліся, і ў вачах свайго будучага забойцы Кірэй прачытаў не то зацікаўленасць, не то спачуванне.

Кірэй з Антосем з прагнасцю зацягнуліся пахучым дымам. Здаецца, слабыя цыгарэткі, а даўно не курыў, зацягнуўся колькі разоў — і прыемна пачынае круціць у галаве, спакайнеюць нервы.

— Што, вы родныя браты? — пытаецца нечакана паліцай у Кірэя, як у знаёмага.

— Родныя,— коратка адказвае Кірэй.

І ўсё. Паліцай адвярнуўся. Размова скончана.

Вуліца ідзе ўгару. На горцы — Арынская царква, могілкі. Яшчэ адзін паварот направа. Да апошняга прыпынку — паўвярсты. Пад’ём на горку. Пад калёсамі пясок. Матор стогне ад перагрузкі. Машына, прабуксоўваючы, паволі пасоўваецца наперад.