Выбрать главу

Вось апошнія метры дарогі. Справа — паплавы, якія спускаюцца аж да рэчкі, злева — вялізны пясчаны кар’ер. Недзе тут ім угатавана магіла.

Машына, зрабіўшы разварот, заскрыпела тармазамі і стала. Кірэй акідае позіркам Антося і Васіля. Яны бледныя, ледзь стрымліваюць дрыготку. У самога Кірэя дрыготка б’е цела — ці то ад ранішняй свежасці, ці ад нервовай напружанасці. У сэрца кальнула, як тонкаю шпількай. Спакойна, спакойна, сэрца, не стукай так моцна, паберажы свае сілы. Галоўнае — яшчэ наперадзе...

Паліцаі адзін за другім саскочылі з машыны. У кабіне чуліся ажыўленыя галасы немцаў — аб нечым, відаць, заспрачаліся. «Гэта добра,— падумаў Кірэй.— Трэба скарыстаць момант».

Першы злез з машыны Васіль, за ім, апіраючыся на братаву руку, са стогнам споўз Кірэй. Васіль з трывогай зірнуў Кірэю ў вочы, але той не падаў ніякага знаку, толькі сціснуў зубы. Антось на нейкую хвілю затрымаўся ў кузаве. Перанёсшы адну нагу цераз борт, ён кашлянуў у кулак і з вышыні скочыў проста на паліцая, што стаяў справа ля машыны. Той адразу асеў.

Як па камандзе, браты кінуліся ў розныя бакі. Прайшоў пэўны час, пакуль паліцаі, нарэшце, апамяталіся. Першы стрэл прагучаў дысанансам да гэтай спакойнай ранішняй цішыні, трывожна адбіўшыся ў сэрцы.

«Свісту не чуваць, не ў мяне цэліў»,— мімаходам падумаў Кірэй. Ён кінуў позірк направа. Абодва браты беглі шпарка, не азіраючыся, робячы нечаканыя павароты ў бакі. Малайцы!.. Вось пырснуў пясок пад нагамі ў Кірэя, на рыкашэце заныла куля. Вось другая, трэцяя... Стрэлы гучалі адзін за адным, як на стрэльбішчы, толькі мішэнямі служылі жывыя людзі.

Кірэй адчуваў, што доўга не прабяжыць... Баліць нага... Ад хвалявання і хуткага руху сэрца гатова выскачыць з грудзей, а лёгкія, здаецца, вось-вось разарвуцца на часткі, хрыпяць, як кавальскі мех. Пясок раз’язджаецца пад нагамі, бегчы цяжка... Але бегчы трэба, трэба, трэба! Ён падганяе сябе, як бізуном, гэтым словам. Кулі свішчуць — часцей, бліжэй, вось-вось апякуць вуха... Раптам моцны штуршок у правую нагу — і Кірэй ляціць тварам у пясок. З гарачкі ён яшчэ ўскочыў, зрабіў два крокі, але зноў паваліўся.

Схапіўся за нагу. Кроў! Ну, усё, ён зрабіў, што мог...

Кірэй садзіцца на пясок, азіраецца. Ужо не чуваць свісту куль над галавою, у яго перасталі страляць, але страляніна не гасне. Па гэтым ён пазнае, што браты жывы, што яны ўцякаюць. Кірэй затуманеным зрокам бачыць, як аддаляюцца і меншаюць іх фігуры, як яны выходзяць з небяспечнай зоны. Антось кіруе ў горад, на агароды, на тую вуліцу, па якой іх нядаўна вязлі. Васіль выбраўся на паплавы, шпарыць да рэчкі, за якою пачыналася балота з кустамі, а далей — лес. Васіль бяжыць лёгка, як заяц, толькі мільгаюць ногі і развяваюцца на ветры валасы і полы жакеткі. «Эх, не скіне, дурань,— з прыкрасцю думае Кірэй.— Але хай, тут дарагі кожны міг. Давай, давай, яшчэ яшчэ!» — гатоў быў крычаць Кірэй, каб толькі падахвоціць брата, каб толькі ён не запаволіў бег.

Уперадзе загарадзь з калючага дроту. Васіль прыпыніўся на момант, рукою націснуў на дрот і ўжо занёс нагу, каб пераступіць перашкоду, як раптам недалужна спатыкнуўся і асеў.

У Кірэя нібы спынілася сэрца. Ён зразумеў: гэта — смерць. Нейкі момант, насуперак сваёй свядомасці, Кірэй чакаў, што Васіль устрапянецца, падхопіцца і пабяжыць, але той не варушыўся. Ён толькі паволі споўз на зямлю, а правая нага, зачапіўшыся калошай за калючкі, пагойдвалася яшчэ ў такт ваганню аслабленага дроту.

Маці! Калі б ты бачыла, як канае твой сын! Няўжо ты магла б спакойна пазіраць на гэта? Ты на каленях дапаўзла б туды, каб спыніць яго кроў, каб перавязаць яго раны.

— А я? — спытаў сябе Кірэй не сваім голасам.

Ён перавёў заплыўшыя слязьмі вочы на Антося. Той дабіраўся да хат, за якімі яго чакала збавенне. Паліцаі і немцы стралялі толькі ў яго. Ён быў для іх апошняй ахвярай, для Кірэя — апошняй надзеяй...

І тут нечалавечая сіла падняла Кірэя на ногі. Дзіка крыкнуўшы, ён пагразіў кулаком у бок ворагаў і, прыпадаючы на нагу, нейкім невераемным пачварным галопам кінуўся бегчы, не выбіраючы дарогі.

Хвіліну панавала цішыня, а пасля Кірэй пачуў, як зноў над яго галавою засвісталі кулі. «Так, так сюды, сюды»,— не то думаў, не то гаварыў ён сабе і бег усё далей, не чуючы больш ні болю, ні стуку сэрца, толькі ўслухоўваўся ў страшную мелодыю і хацеў толькі аднаго — каб яна не сціхала. Гэтае жаданне надавала яму сілы, штурхала наперад, вяло, як за руку. «Яны не павінны яго забіць,— думаў Кірэй ужо неяк адцягнена, не прымаючы блізка да сэрца.— Ён партызан. Яму трэба вярнуцца ў штаб. Там ён раскажа пра ўсё...»

— Ох...— Кірэю нібы прабіла бок нечым тупым і ржавым, ён паваліўся на зямлю.— Страляйце, страляйце, страляйце,— шаптаў ён пабялелымі вуснамі.— Я жывы... Мне толькі цяжка...