Выбрать главу

— А раптам з табою што здарыцца? На каго мне разлічваць? — пыта­ла Ада.

— Ты маёй смерці жадаеш! — крычаў раз’юшана ён у адказ і знаходзіў яшчэ тысячу прыдзірак, каб зняважыць і пакрыўдзіць яе.

Гады ляцелі хутка. Ездзячы ў Мінск каб здаваць курсавыя і на сесіі, Ада наведвала часопіс «Маладосць», маладзёжную газету «Чырвоная змена», дзе і пачала часта змяшчаць свае вершы. Як толькі скончыла вучобу, сабрала і выдала першы зборнічак вершаў, неўзабаве — другі. Яе прынялі ў Саюз пісьменнікаў, пачалі запрашаць на семінары творчай моладзі. Кожная яе паездка даводзіла мужа да істэрыкі, але Аду, якая так і не адважылася займець дзяцей з гэтым чалавекам, нішто не магло затрымаць. Нарэшце ў яе з’явілася магчымасць павучыцца ў Маскве, у Літаратурным інстытуце, пра які яна марыла яшчэ ў школьныя гады, ды тады так і не адважылася паехаць, бо маці сказала, што не здолее вучыць яе на стацыянары, няма чаго замахвацца невядома на што, маўляў, выйдзеш замуж — нікому твая навука не трэба будзе. Займей які-небудзь дыплом аб вышэйшай адукацыі — і дастаткова для дзяўчыны.

Ада была паслухмянай з маленства, але калі зразумела, што трапіла ў нерат, адважылася паўстаць супраць мужа і маці — і дамаглася свайго. Праўда, з матуляю яна не сварылася, а разжаліла яе слязамі, упала на канапу і доўга плакала наўзрыд, не прыкідваючыся, па-сапраўднаму, бо занадта горка было, што ніхто яе не разумее.

— Чым тут румзаць ды глупствам галаву забіваць, лепш бы дзіця нарадзіла, — прамовіла маці.

Дачка нічога не адказвала. Як яна магла растлумачыць, што не толькі душа, але і цела яе не прымае Мечыслава? Хіба можна нараджаць дзяцей без кахання? Якія ж гэта будуць дзеці? Душу можна ўгаварыць, упрасіць, пераканаць, яна патрывае. А цела ўпартае. Яно пратэстуе, адгукаецца болем на кожную нашу ману і няпраўду. Усе мітрэнгі, перажытыя перад ад’ездам, яшчэ скабкамі сядзелі ў памяці, але над усім панавала радасць ад новых падзей, якія чакалі яе наперадзе.

Яна пайшла ўніз з горкі па бульвары, убачыла прыгожы дом у садзе і яшчэ нейкія пабудовы за каванай агароджай, завярнула ў брамку. Злева на двухпавярховым будынку згледзела патрэбную шыльду, паднялася на другі паверх, пастукала ў дзверы загадчыцы навучальнай часткі Наіны Андрыянаўны Смалікавай. У маленькім кабінеце пад вялізнаю пальмаю, што стаяла ў куце і ахоўна, з любоўю, растапырвала лісце, за сталом сядзела гаспадыня. Яна ветліва сустрэла Аду, запрасіла сесці, прапанавала гарбату, але наведвальніца адмовілася, бо паснедала яшчэ ў цягніку. Пра Наіну Андрыянаўну Ада чула ад іншых пісьменнікаў. Гэта была ўжо немаладая жанчына, але твар яе яшчэ захоўваў адбітак колішняга хараства, хоць не маладзілася і не падфарбоўвала ні вусны, ні вейкі, ні пышныя цёмныя валасы, у якіх не было відаць сівізны. Загадчыца распытала курсантку пра яе хатнія справы, пра мужа і сям’ю наогул. Ада не стала расказваць, з якім скандалам з’ехала на вучобу. Не варта перакладваць свае праблемы на чужыя плечы, няхай думаюць, што ў яе ўсё добра, а штамп у пашпарце сам за сябе гаворыць. У гэты час зноў нехта пастукаў у дзверы. У пакой увайшла невысокая прывабная маладзіца, трохі старэйшая за Аду, але дагледжаная і з густам апранутая. Валасы, падстрыжаныя да плячэй, падтрымліваў бліскучы абручык пад колер бэзавай сукенкі. Яна адразу заўсміхалася. Было відно, што ўжо не раз наведвалася сюды.

— Заходзьце, заходзьце, Эмілія Міхайлаўна, — запрасіла загадчыца. — Гэта ваша аднакурсніца з Беларусі Ада Ліцвінка, знаёмцеся.

— Вельмі прыемна, — гулліва адказала жанчына. — Завіце мяне проста Эма.

— Ну, дзяўчаткі, у калідоры вісіць расклад, запасайцеся сшыткамі, ручкамі — і ў добры час. Вучыцца ў нас не надта цяжка, але прапускаць заняткі не раю, таму што, як бы мы лаяльна ні ставіліся да сваіх курсантаў, усё ж вам давядзецца здаваць залікі і экзамены, каб урэшце атрымаць дыплом.

— Мы будзем вельмі дысцыплінаваныя, — паабяцала Эма. — Не ведаю, як у Ады, а мой сын ужо дарослы і самастойны, ніхто маёй вучобе замінаць не будзе.

— Ды калі ж вы паспелі? — здзівілася Наіна Андрыянаўна.

— Само сабою атрымалася, — усміхнулася Эма, у яе паставе адчувалася задаволенасць сабою і лёсам, быццам яна дасягнула ўсяго, да чаго імкнулася, а вучоба для яе будзе прыемным баўленнем часу.

— А ў мяне дзяцей пакуль няма, — адказала Ада. — Муж застаўся дома. Так што мяне таксама ніхто не будзе адрываць ад заняткаў.